ГУАНІ́Н,

2-аміна-6-оксіпурын, пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).

Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7·103 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5·103 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у тым ліку фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25·103 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83·103 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПРАФЕСІ́ЙНАЯ ПАДРЫХТО́ЎКА,

агульнапрацоўная падрыхтоўка політэхн. і прафарыентацыйнага характару навучэнцаў агульнаадук. школ; базавы кампанент наступнага прафес. навучання. Мае на мэце садзейнічаць фарміраванню ўстойлівых арыентацый на прац. лад жыцця, маральна-псіхал. і ў пэўнай меры практычнай гатоўнасці да працы, выхаванню агульнай прац. культуры, развіццю творчых здольнасцей, інтэлектуальных і псіхафізіял. якасцей асобы. Будуецца на прынцыпах бесперапыннасці і пераемнасці, сумяшчэння навучання з працай, з’яўляецца важным сродкам прац. выхавання. Тэрмін «Д.п.» пашырыўся ў сувязі з рэкамендацыямі ЮНЕСКА і Міжнар. канферэнцыі працы (1965) па прафес.-тэхн. адукацыі і падрыхтоўцы, паводле якіх узровень прац. навучання ў агульнаадук. школах вызначаны як перадпрафесійны.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл. Вапнаванне глебы).

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЗІ́Н,

дыамід, найпрасцейшы дыамін, H2N—NH2. Бясколерная вадкасць, якая дыміць на паветры, tпл 1,5 °C, tкіп 113,5 °C, шчыльн. 1004 кг/м³ (25 °C). Раствараецца неабмежавана ў вадзе і ніжэйшых спіртах. Моцны аднаўляльнік.

Водныя растворы гідразіна (слабыя асновы) з к-тамі ўтвараюць солі, найважнейшыя — сульфат гідразіна N2H4·H2SO4 (крышт. рэчыва, tпл 254 °C). Вядомыя шматлікія арган. вытворныя гідразіны (напр., азіны). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, інсектыцыдаў, пораўтваральнікаў, выбуховых рэчываў, як гаручы кампанент ракетнага паліва. Гідразін і яго вытворныя ядавітыя: раздражняюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі, пашкоджваюць ц. н. с. і печань. ГДК у паветры 0,1 кг/м³.

Літ.:

Коровин Н.В. Гидразин. М., 1980.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МАР

(англ. humour),

від камічнага, які спалучае насмешку і спачуванне, знешне камічную трактоўку і ўнутр. дачыненне да таго, што ўяўляецца смешным. Лічыцца, што гумар — суб’ектыўная копія аб’ектыўнага камізму. Збліжаецца з інш. відамі камічнага — іроніяй і сатырай. Адлюстроўвае смешнае ў жыцці і чалавечых характарах; прадугледжвае ўменне бачыць узвышанае ў абмежаваным і малым, значнае ў смешным і недасканалым. Тэорыя гумару распрацавана ў эстэтыцы рамантызму ням. пісьменнікам Жанам Полем. Гумар бывае чуллівы, дабрадушны, сяброўскі, грубы, насмешлівы, зларадны, цынічны, мае нац. асаблівасці. Гумар — асн. элемент многіх твораў бел. л-ры і фальклору, неад’емны кампанент многіх літ. жанраў (камедыя, вадэвіль, байка, пародыя, фельетон і інш.).

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТО́П

(ад бія... + грэч. topos месца),

участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.

Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)