МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ФЕСТЫВА́ЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ ПЕ́СНІ І ПАЭ́ЗІІ рэспубліканскі фестываль бел. эстр. песні і паэзіі. Праводзіцца з 1993 штогод у г. Маладзечна Мінскай вобл.

(у 1995 адбыўся ў Мінску). Мае на мэце выяўленне таленавітых маладых спевакоў і інструменталістаў, кампазітараў і паэтаў. У праграмах фестывалю конкурсы маладых выканаўцаў, канцэрты сучаснай бел. песні, джаза, поп- і рок-музыкі. Сярод удзельнікаў: Дзярж. аркестр сімф. і эстр. музыкі (дырыжор М.​Фінберг),

вак.-інстр., вак. і фальклорныя ансамблі «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Камерата», «Карусель-2», «Бяседа», «Раство», рок-гурты «Крама», «Мроя», «Новае неба», «Палац», «Уліс» і інш., вядучыя выканаўцы Беларусі, у т. л. В.​Вуячыч, В.​Дайнэка, Т.​Раеўская, А.​Ярмоленка і інш. У рамках фестывалю праводзяцца творчыя вечары бел. кампазітараў, сольныя канцэрты бел. спевакоў, аўтарскія вечары і творчыя сустрэчы з бел. пісьменнікамі. Прайшлі прэм’еры опер-песень І.​Паліводы «Беларушчына» (на словы Я.​Купалы) і «Матчын спеў» (паводле твораў А.​Куляшова), канцэрты дзярж. акадэмічных нар. аркестра і нар. хору Беларусі.

Л.​В.​Ляшчэвіч.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,

кампазітарскі і выканальніцкі кірунак, які склаўся ў сярэдзіне 18 ст. ў г. Мангейм (Германія). Адна з папярэдніц венскай класічнай школы. Яе творчыя прынцыпы блізкія да ранняга класіцызму, стыль адзначаны ўплывам ракако, барока і сентыменталізму. Адыграла вял. ролю ў развіцці інстр. музыкі. Найб. дасягненні звязаны з дзейнасцю мангеймскай капэлы і яе прадстаўнікоў — чэш. кампазітараў і выканаўцаў Я.Стаміца (кіраўнік), І.​К.​Канабіха, К.​Стаміца, Ф.​К.​Рыхтэра, А.​Фільца і інш. Вобразны строй твораў М.ш. вылучаўся эмацыянальнасцю і патэтыкай, што найб. поўна выявілася ў выканальніцкай манеры музыкантаў капэлы (дынамічныя кантрасты, тонкая нюансіроўка, у інтанацыйнай мове — выразныя меладычныя звароты, т.зв. мангеймскія ўздыхі, і інш.). У музыцы кампазітараў М.ш. склаліся многія прыёмы класічнай аркестроўкі, зацвердзілася класічная 4-часткавая структура сімфоніі і інш. М.ш. зрабіла значны ўплыў на франц. сімф. школу і венскіх класікаў (асабліва В.А.Моцарта).

Літ.:

Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў МУ́ЗЫКІ.

Існавала ў 1910-я г. ў Мінску. Засн. ў ліст. 1912 з мэтай аб’яднання муз. дзеячаў Мінска, развіцця муз. мастацтва і муз. адукацыі. У склад праўлення ўваходзілі Г.​Бах, І.​Гянко, Л. фон Зіберштэйн, І.​Патулаў, Н.​Рубінштэйн. Т-ва наладжвала сімф. (дырыжор Рубінштэйн) і камерныя канцэрты, муз. вечары, заснавала бібліятэку-чытальню пры Мінскім муз. вучылішчы, выплачвала стыпендыі мінчанам — студэнтам Пецярбургскай кансерваторыі. Гал. дасягненне т-ва — арганізацыя канцэртаў, якія карысталіся вял. поспехам, у т. л. ў рабочых кварталах. Звычайна канцэртам папярэднічалі лекцыі пра творчасць вядомых кампазітараў. Значную ролю ў дзейнасці т-ва адыгрываў смыковы квартэт (1-я скрыпка — Рубінштэйн, 2-я — І.​Ягудкін, І.​Гапенка, В.​Васільеў, альт — М.​Фідэльман і А.​Магілевіч, віяланчэль — фон Зіберштэйн і Н.​Качаровіч), які выконваў творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў. У час 1-й сусв. вайны наладжваліся выступленні ў вайск. часцях, шпіталях, дзіцячым прытулку. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць т-ва адносяцца да 1917.

А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІСНЕ́ВІЧ (Ізідар Герасімавіч) (21.12.1914, Мінск — 25.10.1977),

бел. музыказнавец, муз. крытык. Брат С.Г.Нісневіч. Скончыў Бел. кансерваторыю (1938), выкладаў у ёй (1938—40). З 1946 нам. маст. кіраўніка Бел. філармоніі, выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та, у 1963—77 лектар Саюза кампазітараў Беларусі. Асн. працы па пытаннях нац. кампазітарскай творчасці, выканальніцтва, суадносін бел. паэзіі і музыкі. Аўтар сцэнарыяў навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, у т. л. «Партытура жыцця» (1968, пра Я.​Цікоцкага), «Мой сябар Ака Джураеў» (1969), «Песня нашай памяці» (1975, з Б.​Бур’янам).

Тв.:

Белорусская ССР. 2 изд. М., 1958 (разам з Г.​І.​Цітовічам);

Творчасць Купалы і музыка беларускіх кампазітараў // Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;

Невычэрпная крын ша натхнення // У сэрцы народным: (Жыццё і творчасць Якуба Коласа). Мн., 1967;

Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з С.​Г.​Нісневіч);

Г.​Р.​Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971;

Музыкально-критические статьи. Л., 1984.

Г.​М.​Загародні.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДКО́ЎСКІ (Аляксандр Рыгоравіч) (30.10.1943, в. Даўгалессе Гомельскага р-на — 19.12.1999),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1971 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1986 — Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.​Жыновіча, з 1999 ансамбля нар. музыкі «Свята» Бел. філармоніі. Валодаў голасам прыгожага і багатага тэмбру. Выкананню былі ўласцівы душэўная шчырасць, высокая пеўчая культура стылю бельканта. Сярод оперных партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурка» М.​Рымскага-Корсакава), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Эрнеста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ). У рэпертуары бел. нар. песні, песні бел. кампазітараў, рамансы рус. і замежных кампазітараў. Лаўрэат 4-га Міжнар. конкурсу імя П.​Чайкоўскага (1970), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Барселоне (1975, Іспанія).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́Н»

(«Colón»),

оперна-балетны тэатр у Буэнас-Айрэсе; буйнейшы цэнтр муз. культуры Лац. Амерыкі. Адкрыты ў 1857. Балетная трупа існуе з 1925. У рэпертуары творы класікаў і сучасных кампазітараў розных краін. Сярод дырыжораў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё лацінаамер. муз.-сцэн. мастацтва, — Э.​Ансермэ, О.​Клемперэр, Ф.​Вейнгартнер, А.​Тасканіні; сваімі операмі дырыжыравалі К.​Сен-Санс, А.​Рэспігі, Р.​Штраус.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЧКО́ (Георгій Якаўлевіч) (1.1.1925, мяст. Заблудаў Падляскага ваяв., Польшча — 10.9.1977),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Сярэдняе вучылішча ваен. музыкантаў у Маскве (1946), Бел. кансерваторыю (1963, клас М.Браценнікава). З 1946 ваен. дырыжор. З 1960 артыст Дзярж. сімф. аркестра Беларусі, з 1963 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртную дзейнасць як саліст і ансамбліст, у рэпертуары пераважалі творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Валянціна Міхайлаўна) (н. 1.7.1951, в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1988). Вучылася ў Маладзечанскім муз. вучылішчы (1976—79). З 1969 салістка Дзярж. акад. нар. хору Рэспублікі Беларусь. Выконвае адказныя сола ў бел. нар. песнях («Як пайду я дарогаю», «Вясельная сюіта», «Купальская сюіта», «Із дасадушкі», «Вінаград зацвітае»), творах бел. і рус. кампазітараў, духоўнай музыкі.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 11.9.1926, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),

рускі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1968). З 1947 саліст ансамбляў песні і танца Прыкарпацкай і Кіеўскай ваен. акруг, у 1955—79 — Ансамбля песні і танца Сав. Арміі, з 1980 — Расканцэрта. Ў рэпертуары рус. нар. песні, песні сучасных кампазітараў (многія выканаў упершыню). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВІЧ (Сямён) (Самуіл) Пятровіч (н. 5.11.1920, г. Бабруйск),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона).

У 1937—41 саліст, у 1945—85 канцэртмайстар Дзярж. акадэмічнага сімф. аркестра БССР. У 1948—69 адначасова педагог Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. У складзе струннага квартэта Бел. філармоніі (1945—55) прапагандаваў творы бел. кампазітараў. Выступаў і як саліст.

І.​І.​Зубрыч.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)