узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.І.Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т. л. старшыню ВЧК Ф.Э.Дзяржынскага, старшыню Массавета П.Г.Смідовіча, апіраючыся на свае ўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх.рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т. л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЦЫЙ (Grotius) Гуга (сапр.дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),
галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.
Тв.:
Рус.пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.
Літ.:
Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,
у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл.Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр.б. Югаславіі пасля 25.6.1991.
Літ.:
Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;
Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж.паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл.Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВКСССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВКСССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУССССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУССССР. 27.5.1935 загадам НКУССССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУССССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУССССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял.Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Адам Вікенцьевіч (6.1.1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 29.11.1949),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літ.-знавец, каталіцкі святар. Канд. кананічнага права (1918). Скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвячоны ў святары ў 1914. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (1917), член яе ЦК (з 1931), рэдактар-выдавец час.«Хрысціянская думка» (1928—39). У 1919—33 выкладчык рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1922 пасол (дэпутат) польскага сейма, нам. старшыні Беларускага пасольскага клуба. У 1924—26 старшыня Таварыства беларускай школы, кіраўнік Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Адзін з заснавальнікаў у Вільні бел. друкарні імя Ф.Скарыны (1926—40). З 1939 старшыня Бел. цэнтра ў Літве, рэдактар газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»). У час 2-й сусв. вайны служыў у касцёле св. Міхаіла ў Вільні. У 1949 арыштаваны органамі НКУС і абвінавачаны ў антысав. дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (г. Тайшэт Іркуцкай вобл.), дзе і памёр. Аўтар прац па пытаннях гісторыі бел. народа («Вітаўт Вялікі і беларусы», 1930; «Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі», 1933; «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», 1934); нац. асветы («Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.», 1928), бел.нац. адраджэння ў 19—1-й пал. 20 ст. («Беларускі хрысціянскі рух», 1939), хрысціянства і хрысціянска-дэмакр. руху на Беларусі [«Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)», 1940] і інш. Працаваў над кн. «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)» (з 5 запланаваных частак да арышту напісаў толькі 2). Асабісты архіў С. захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Вабішчэвіч А. «... беларусы. маюць законы толькі на паперы...» // Бел.гіст.часоп. 1995. № 2;
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.Мн.;
Мюнхен, 1999 С. 183—184, 403—409;
Конан У. Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў XX ст.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧО́Т Ян Антоні (7.7.1796, в. Малюшычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1847),
бел. і польскі паэт, фалькларыст, этнограф. Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), дзе пасябраваў з А.Міцкевічам. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1815—16). Працаваў у бюро па ўпарадкаванні архіваў кн. Радзівілаў (Вільня). З 1818 чл.т-вафіламатаў, пісаў песні і вершы на бел. і польскай мовах для студэнцкіх сходаў. З 1820 узначальваў літ. (блакітны) аддзел т-вафіларэтаў. У 1823 за прыналежнасць да студэнцкіх згуртаванняў зняволены ў Віленскую турму, дзе склаў рукапісны зб. «Песенькі і іншыя вершы». У 1824 сасланы на Урал (турэмнае зняволенне адбываў у крэпасці Кізіл), у 1825 пераведзены ва Уфу, у 1831 — у Цвер. У 1833 вярнуўся на радзіму, працаваў на Лепельшчыне і ў б-цы Храптовічаў на Навагрудчыне. Пісаць пачаў у філамацкі перыяд. У 1818—19 напісаў каля 10 балад (збераглося 8), засн. на бел. фальклоры («Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні»). Адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага бел. грамадства — сялянства, выказваўся за адмену прыгоннага права («Узногі»). Збіраў і вывучаў бел. фальклор. Выдаў 6 фалькл. зб-каў «Сялянскія песні» (1837—46), куды ўвайшлі 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, прыказкі і прымаўкі, слоўнік бел. мовы (200 слоў) і ўласныя вершы. Аўтар кніг «Аповесці для маладых дзяўчат» (1845), «Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песні «Анафеляс» з «Вітаўтавых баёў» П.Крашэўскага» (1846), лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна». Выяўлены вял. цыкл яго песень-балад на польскай мове «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.» (нап. ў 1842—44, апубл. ў перакладзе на бел. мову 1996). Многія яго вершы пакладзены на музыку Т.Занам. На бел. мову творы Ч. пераклаў К.Цвірка.
Тв.:
Бел.пер. — Наваградскі замак: Творы. Мн., 1989;
Выбр. творы. Мн., 1996;
Свіцязь. Мн., 1999.
Літ.:
Мальдзіс А. Ян Чачот // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Перкін Н. Літаратурная спадчына Яна Баршчэўскага і Яна Чачота // Перкін Н. Абсягі думкі. Мн., 1980;
Малаш Л. Ян Чачот // Каханоўскі Г., Малаш Л., Цвірка К. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,
найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.Дз.Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр.дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.
У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.Ф.Грачэўскі, М.М.Рагачоў, М.П.Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).
Літ.:
Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;
Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКАЯ ВАЙНА́ 1939-40,
вайна Сав. Саюза супраць Фінляндыі 30.11.1939—12.3.1940. У сакрэтным пратаколе да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Фінляндыя была аднесена да сферы інтарэсаў СССР. Падставай для вайны стала адмова фін. ўрада адсунуць дзярж. граніцу далей ад Ленінграда (праходзіла за 32 км ад горада), за што СССР прапаноўваў Фінляндыі ўдвая большую тэр. ў Карэліі. Непасрэднай зачэпкай для пачатку ваен. дзеянняў стаў артыл. абстрэл 26.11.1939 сав. тэрыторыі каля фін.пас. Майніла (які бок вёў агонь, не высветлена), у якім СССР абвінаваціў Фінляндыю. 30.11.1939 войскі Ленінградскай ваен. акругі (каманд. камандарм 2-га рангу К.А.Мерацкоў) пачалі наступленне. Вайна фармальна не аб’яўлялася, аднак СССР афіцыйна разарваў дыпламат. адносіны з Фінляндыяй. 1.12.1939 абвешчана пра стварэнне ў занятым Чырв. Арміяй фін.г. Тэрыёкі (цяпер Зеленагорск) нар. ўрада Фінляндскай Дэмакр. Рэспублікі на чале з О.В.Куусіненам (існаваў да канца вайны). Вайна працягвалася 105 дзён ва ўмовах моцных маразоў і высокага снежнага покрыва. Ваен. аперацыі адбываліся амаль на ўсім працягу сав.-фінляндскай мяжы ад Балтыйскага да Баранцава мораў. Больш паспяхова дзейнічала на Крайняй Поўначы 14-я армія (каманд. камкор В.А.Фралоў) пры падтрымцы Паўн. флоту (флагман 2-га рангу беларус В.П.Дрозд). Іншыя злучэнні ў пач.ваен. дзеянняў цярпелі няўдачы і неслі вял. страты. Фін. армія (галоўнакаманд. маршал К.Манергейм) упарта супраціўлялася. Гал. баі разгарнуліся на Карэльскім перашыйку, дзе была пабудавана моцная абарончая «Манергейма лінія» глыбінёй да 90 км. Дзеянні Чырв. Арміі тут падтрымліваў Балтыйскі флот (агнём артылерыі), у складзе якога дзейнічаў падшэфны карабель БССР лідэр эсмінцаў «Мінск». Спроба прарваць «лінію Манергейма» з ходу поспеху не мела. 7.1.1940 створаны Паўночна-Заходні фронт (каманд. камандарм 1-га рангу С.Д.Цімашэнка) у складзе 7-й (каманд. Мерацкоў) і 13-й (камандармам 2-га рангу У.Д.Грэндаль) армій. На 1.2.1940 войскі Чырв. Арміі мелі 40 дывізій (975 675 чал.); фін. армія мела на Карэльскім перашыйку 9 дывізій і 1 кав. брыгаду (усяго больш за 300 тыс.чал.). З 11 лют. да 12 сак. 1940 войскі Чырв. Арміі прарвалі «лінію Манергейма», 12 сак. авалодалі г. Выбарг (Вііпуры). У той жа дзень у Маскве быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога граніца на Пн ад Ленінграда адсоўвалася на лінію Выбарг—Сортавала; да СССР адышлі Карэльскі перашыек, шэраг астравоў у Фінскім заліве, невял. тэр. з г. Куалаярві і ч. п-авоў Рыбачы і Сярэдні на Баранцавым м.; Сав. Саюзу перадаваўся ў арэнду на 30 гадоў п-аўХанка на Балтыйскім м. з правам стварэння на ім ваен.-марской базы. Страты Чырв. Арміі ў С.-ф.в. склалі 126 875 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і памерлымі ад ран і хвароб; санітарныя страты значна большыя. Паводле даных рас.-фін. даследавання «Зімовая вайна» (Кн. 1. М., 1999. С. 326) у фін. палон трапіла каля 6 тыс. воінаў Чырв. Арміі, з якіх 5 572 чал. вернуты ў СССР пасля заключэння мірнага дагавора (з іх 350 чал. асуджаны на смяротнае пакаранне, 4 354 — на зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 5 да 8 гадоў). Страты фін. арміі склалі 66 400 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і параненымі, 1 100 чал. палоннымі (847 з іх вернуты ў Фінляндыю).
За баявыя заслугі каля 70 злучэнняў і часцей Чырв. Арміі ўзнагароджаны ордэнамі Каля 50 тыс. чад. адзначаны ўзнагародамі СССР. Сярод узнагароджаных ураджэнцы Беларусі: флагман 2-га рангу Дрозд, камандзір падводнай лодкі У.С.Дзянісаў, намеснік нач. палітупраўлення Балт. флоту М.А.Торык, каманд. Ладажскай ваен. флатыліяй П.А.Трайнін, камандзір эсмінца «Грымячы» А.І.Гурын, нам.каманд. войскамі Бел. асобай ваен. акругі Ф.І.Кузняцоў, нач. тылу Паўн.-Зах. фронту І.І.Трутко і інш. Удзельнікамі вайны былі бел. пісьменнікі К.Крапіва, В.Вітка, В.Вольскі. М.Калачынскі, М.Пянкрат. 412 удзельнікаў вайны ўдастоены звання Героя Сав. Саюза, у т. л. 20 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі: П.Р.Алейнікаў, Цз.Д.Валенцік, Б.В.Воўк (пасмяротна), І.І.Валасевіч, М.М.Гармоза, А.І.Дыдышка, П.В.Кандрацьеў, І.П.Кірпічоў, І.М.Кобзун, В.Дз.Кучаравы (пасмяротна), І.М.Максіменя, І.В.Матрунчык, Р.С.Пінчук, М.В.Рапейка (пасмяротна), І.М.Саламонікаў, М.П.Сінюцін, М.Ф.Турцэвіч (пасмяротна), А.Р.Целяшоў (пасмяротна), С.І.Чарняк, С.Я.Ялейнікаў (пасмяротна).
Далучэнне ў выніку С.-ф.в. стратэгічна важных тэрыторый каштавала СССР не толькі вял. чалавечых ахвяр, але і падрыву яго міжнар. аўтарытэту. Сусв. грамадскасць расцаніла вайну супраць Фінляндыі як агрэсію, у выніку чаго СССР у снеж. 1939 быў выключаны з Лігі Нацый. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ўзмацнілася прагерм. арыентацыя Фінляндыі, якая потым выступіла супраць СССР на баку Германіі.
Літ.:
«Зимняя война», 1939—1940. Кн. 1—2. М., 1999;
Советско-финская война 1939—1940 гг.Мн., 1999;
Тайны и уроки зимней войны 1939—1940. М., 2000;
Россия и СССР в войнах XX в.: Потери вооруженных сил: Стат. исслед. М., 2001. С. 200;
Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2;
Кушнер В., Фісуноў В. Савецка-фінляндская вайна 1939—1940 гг. // Бел.гіст.часоп. 2000. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў усе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш., (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ
Склалася на землях Зах. Беларусі, што ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышлі пад юрысдыкцыю Польскай дзяржавы. Ва ўмовах каланіялісцкай палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да бел. этнасу за адносна невялікі гіст. перыяд літаратура Зах. Беларусі развілася ў самадастатковую з’яву нац. культуры, стала арганічнай выразніцай бел. духоўнасці. У ідэйна-праблематычным і эстэт. плане яна складае асобны, самакаштоўны раздзел агульнанац. бел. літаратуры 1-й пал. 20 ст.Літ. працэс у Зах. Беларусі грунтаваўся на бел. ідэі, нац. і сац. самаідэнтыфікацыі народа, яго паліт. разняволення. Заснавальнікамі зах.-бел.літ. традыцыі сталі былыя нашаніўцы А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, носьбіт рас. эстэтычнай і філас. культуры У.Самойла, прадстаўнікі маладой генерацыі, якія прыйшлі ў літаратуру ў час 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, У.Жылка, І.Канчэўскі, М.Краўцоў, Л.Родзевіч. У ліку першых паэтычных зборнікаў, выдадзеных у пачатку 1920-х г. у Вільні, былі «Беларусь» Л.Родзевіча, «Уяўленне» і «На ростанях» У.Жылкі, прасякнутыя пафасам вызваленчага змагання, ідэяй сац. і нац. свабоды бел. народа. Падзел бел. зямель дэтэрмінаваў у паэзіі драматычны матыў Беларусі, штучна парэзанай дзярж. межамі, адначасова ён даў імпульс нац. самасцвярджэнню. Ідэя нац. самаідэнтыфікацыі набыла асаблівую актуальнасць і філас. скіраванасць у эсэістыцы І.Канчэўскага («Адвечным шляхам»), філас. публіцыстыцы У.Самойлы («Гэтым пераможаш!..») і А.Цвікевіча («Аб аргументах ад розуму і аргументах ад сэрца», «Вялікае спрашчэнне, ці вялікае ўдасканаленне»). Надзённым грамадска-паліт. праблемам жыцця Зах. Беларусі пад польскай адміністрацыяй прысвячалася маст. публіцыстыка М.Гарэцкага, асабліва ў рэдагаванай ім газ. «Беларускія ведамасці» («Важны фронт», «Беларусы, бярыцеся за грамадскую работу» і інш.). Гіст. тэматыка малой прозы М.Гарэцкага віленскага перыяду (1920—23) мела зах.-бел. кантэкст, а ў асобных апавяданнях навідавоку зах.бел. рэаліі («Руіны» ў панскай кухні», «Смачны заяц», «Страшная музыкава песня», «Пакінутыя хаты» і інш.). Вопыт 1-й сусв. вайны асэнсаваны Ф.Умястоўскім у апавяд. «Стася». Да жанру малой прозы ў апавяданнях «Маршлют», «Маскалёвы дзеці» звярнуўся М.Краўцоў. Поспехі драматургіі Зах. Беларусі ў пач. 1920-х г. засведчаны п’есамі «Досвіткі», «На Каляды», «ПСХ», «Кавалі» Л.Родзевіча, «Няскончаная драма» Ф.Аляхновіча, «Жартаўлівы пісарэвіч» М.Гарэцкага. У драматургічным жанры на матэрыялах 1 -й сусв. вайны, рэвалюцый і грамадз. вайны асэнсоўваліся праблемы пошуку бел. народам уласных шляхоў, лёс інтэлігенцыі на фоне грандыёзных падзей і катаклізмаў.
У літ. працэсе Зах. Беларусі актыўна развіваліся крытыка і літ.-знаўства — І.Дварчанін, У.Жылка, Р.Зямкевіч, В.Ластоўскі, А.Навіна (Луцкевіч), Я.Светазар (М.Краўцоў), А.Станкевіч, Суліма (У.Самойла); у гэты час М.Гарэцкі апрацоўваў першую канцэптуальную гісторыю бел. літаратуры, змясціў у перыёдыцы шэраг літ. партрэтаў. У сувязі з ростам вызваленчага руху ў яго легальных формах перыяду Беларускай сялянска-работніцкай грамады на старонках перыядычнага друку з’явілася масавая паэзія. З ёю прыйшла новая кагорта пісьменнікаў — М.Васілёк, Х.Ільяшэвіч, М.Машара, А.Салагуб і інш. Для прадстаўнікоў гэтай маладой генерацыі было характэрна ранняе грамадз. ўзмужанне, непрыняцце пануючага рэжыму. Усе яны (акрамя М.Машары) — удзельнікі камуністычнага падполля і зведалі, у т. л. М.Машара, турэмнае зняволенне ў Лукішскай турме. Маст. вобраз пераканаўчага змаганца-палітвязня ўпершыню на зах.-бел. грунце створаны ў сярэдзіне 1920-х г. А.Салагубам у цыкле лукішскіх вершаў. Пазней гэты паэтычны вобраз атрымаў ідэйна-эстэт. завяршэнне ў паэзіі М.Танка і В.Таўлая. Лірычны герой А.Салагуба горды ўсведамленнем, што ўдзельнічае ў камуністычным руху, спадзяецца на планетарна вызваленчыя здзяйсненні. Не пазбаўлены ідэйна-эстэт. пошукавых амбіцый і імкнення ствараць «новы Апокрыф», Х.Ільяшэвіч наследаваў ідэю змагання працоўных, асвойваў тэму працы, распрацоўваў гарадскія матывы (зб. «Веснапесні»). М.Машара ў лірычным зб. «Малюнкі» (1928) сцвярджаў абуджэнне зах.-бел. вёскі да свядомага жыцця. Ф.Грышкевіч пры маст. увасабленні бел. ідэі дзеля пашырэння яе ў масавай свядомасці звяртаўся да творчага пераасэнсавання ў паэзіі вобразаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта і інш.гіст. постацей (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). М.Васілёк у зб. «Шум баравы» (1929) адлюстраваў уласцівую для ўсёй бел. літаратуры 1920-х г. ідэю нац. адраджэння, а таксама непрыняцця пануючага ў Зах. Беларусі польскага аўтарытарнага рэжыму. Вобразы сейбіта і барацьбіта-адраджэнца ў яго паэзіі семантычна тоесныя. Асобныя матывы ў паэзіі М.Васілька праменілі аптымізмам, верай у справу нар. вызвалення і адраджэння. Мяккі, лірычны, рамант. пафас у яго паэзіі суседнічаў з матывамі гумару, паказваў зах.-бел. рэчаіснасць у гумарыстычных вобразах і калізіях.
Паэтычны зб. «Світанне» П.Сакола (1929) арганічна спалучаў у сваім змесце сац. і нац. ідэі і матывы. У няскончанай яго паэме «Латгалія» ўдала адлюстраваны некат. сац. рэаліі з жыцця бел. этнасу на яго балта-слав. узмежжы. У 1927 зах.-бел. літаратары зрабілі спробу стварыць на ўзор літаб’яднанняў, што былі ў Сав. Беларусі, прафесійнае пісьменніцкае згуртаванне «Веснаход». Але ў гэты час распачаўся шырокі наступ польскай адміністрацыі на бел. арганізацыі, і аб’яднанне не было зацверджана. У выдадзеным згуртаваннем зб. «Рунь «Веснаходу» акрамя твораў М.Васілька, Х.Ільяшэвіча, якія ўжо грунтоўна заявілі пра сябе ў друку, змешчаны вершы і маладзейшых: Г.Вялецкага, Звестуна (П.Пестрак), Ю.Сергіевіча, В.Шкодзіча і інш.
Гісторыя духоўнага і культ. жыцця Зах. Беларусі ў 1930-я г. мела спецыфіку, абумоўленую найперш грамадска-паліт. ўмовамі, што склаліся ў Беларусі па абодва бакі польска-сав. мяжы. Хоць грамадскае жыццё і літ. працэс у Зах. Беларусі ў 1930-я г. не зведалі такіх радыкальных перамен, як у СССР, аднак яны трапілі пад паліт. ўціск з боку польскай дзяржавы. З пач. 1930-х г. у Польшчы ўзмацніўся аўтарытарны рэжым, што разам з эканам. крызісам ускладняла і культурніцкую сферу жыцця. З разгромам уладамі паліт. арганізацыі «Змаганне» і арыштам дэпутатаў сейма легальныя формы бел. вызваленчага руху ў Польшчы былі ліквідаваны. У 1930 і 1933 былі арыштаваны галоўная ўправа Таварыства бел. школы (ТБШ) на чале з С.Паўловічам, Ф.Стацкевічам, Р.Шырмам, паступова закрываліся павятовыя і нізавыя яго структуры, а ў 1936 дзейнасць ТБІП і Бел. ін-та гаспадаркі і культуры зусім забаронены; закрываліся бел. школы, апошнія бел. гімназіі, а Віленская гімназія пераўтворана ў філіял польскай. Пачалася канфіскацыя перыядычных выданняў, кніг паэзіі М.Васілька, М.Танка і М.Машары, нават бел. буквара С.Паўловіча. Нягледзячы на такія акалічнасці, зах.-бел. інтэлігенцыя праяўляла рэальныя доказы грамадз. жыццяздольнасці. У 1932 выйшла 5 нумароў час. «Нёман», прысвечанага літаратуры, навуцы і мастацтву. У 1935 заснаваны літаратурна-навук. і грамадскі час. «Калоссе». Дзеячы асветы выдавалі час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і «Самапомач». Ідэю нац. вызвалення адстойвала газета «Беларускі фронт». Замест заняпалага кааперацыйнага кніжнага Бел. выдавецкага таварыства, прадуктыўнага ў 1920-я г., практыкаваліся прыватныя выданні Р.Шырмы, С.Глякоўскага і Найдзюка, а ў 1937 заснавана выдавецтва «Белпрэс». Існавала Бел. каталіцкае выдавецтва і друкарня імя Ф.Скарыны. У 1-й пал. 1930-х г. лідэрам зах.-бел. паэтаў стаў М.Машара. Выйшлі зб-кі яго лірыкі «На сонечны бераг» (1934), «На прадвесні» (1935); крыху раней напісаная ў Лукішскай турме паэма-сімфонія «Валачобнае» — гімн разбуджанаму нар. духу, натхнёны парывам да свабоды ў час грамадаўскага ўздыму. Місію паэта і сваё асабістае крэда М.Машара бачыў у грамадз. служэнні народу на шляху да яго вызвалення. Мажор яго лірыкі, зрэдку асмучаны нар. нядоляй, гучаў зараджальна, нёс веру ў годную будучыню. Нягледзячы на грамадскія і інш. катаклізмы, яго паэзія і ў 1930-я г. не страціла духу грамадзянскасці, хоць і не мела ранейшага наступальнага тону. У паэтычных рэфлексіях Х.Ільяшэвіча 2-я пал. 1930-х г. прадстае як стратны ў лёсе Беларусі час.
У 1930-я г. ў паэзію Зах. Беларусі прыйшлі А.Бярозка, А.Дубровіч, А.Іверс, С.Крывец, М.Танк, Н.Тарас, С.Хмара. Медытацыі А.Бярозкі пра лёс народа і бацькаўшчыны, надрукаваныя ў час. «Шлях моладзі» і «Калоссе», мелі філас. напаўненне і адметную метафарычнасць. Ракурс бачання зах.-бел. рэчаіснасці ў С.Крыўца сацыяльна завостраны, угрунтаваны на жыццёвым вопыце паэта-рабочага (вершы «Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Яго паэтычны сінтаксіс вызначаўся сцісласцю фразы, афарыстычнасцю маст. абагульнення думкі. С.Хмара прыйшоў у літаратуру праз грамадаўскі вызваленчы парыў, праз польскія астрогі (зб. «Жураўліным шляхам», 1939). Тэматычна актуальная, яго паэзія вылучалася дынамізмам рытму, моцнай энергетыкай радка. З глыбінь вызваленчага змагання прыйшоў у літаратуру В.Таўлай, актыўны ўдзельнік рэв. падполля. Няшмат яго вершаў (пад псеўданімам П.Сірата) пабачылі свет у зах.-бел. друку ў Вільні. Творы, надрукаваныя ў час. «Калоссе» і «Шлях моладзі», выяўлялі ў паэта эпічны пачатак, прамоўніцкую інтанацыю, спалучаныя з пранікнёнай лірычнасцю. На агульнаеўрап. ўзровень узняў паэзію Зах. Беларусі М.Танк. У грамадз. лірыцы, мадэрністычнай паводле вобразнай фактуры і рэв. паводле ідэйнай накіраванасці (паэмы «Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет»), паэт глыбока па-мастацку узнавіў рэв. сучаснасць і гіст. мінулае Беларусі, стварыў сац. партрэт эпохі. М.Танку ўдалося арганічна паяднаць у бел.маст. слове сінкрэтычнае фалькл. і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне.
Літ.-маст. развіццё ў Зах. Беларусі 1930-х г. мела і сваю жанравую спецыфіку. Калі ў 1920-я г. паспяхова развіваліся драматургія, лірыка, малая проза, літ.-філас. эсэістыка, то 1930-я г. характарызуюцца акрэсленым дамінаваннем паэзіі і сціплым набыткам прозы (апавяданні Х.Ільяшэвіча пад псеўданімам Дальны). Другое месца пасля паэзіі належала маст. публіцыстыцы (А.Бужанскі, С.Грынкевіч, У.Самойла). Актуальным творам на свой час была аповесць «Царква. Поста. Вязьніца» С.Грынкевіча. У 1930-я г. ён актыўна працаваў у жанры асветна-навук. публіцыстыкі. У артыкулах «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Культура і загады нацыянальнае працы», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Аб тэатры» і інш. ён уздымаў надзённыя і фундаментальныя праблемы літаратуры, культуры, экзістэнцыі грамадства. Крытык і публіцыст А.Бужанскі аналізаваў генезіс рэпрэсій, што абрынуліся ў 1930-я г. на бел. рух, бел. інтэлігенцыю. У.Самойла грунтоўна даследаваў палітыку польскіх улад у дачыненні да беларусаў у сваім публіцыст. эсэ «Курс «новы» і «найноўшы» палітыкі польскай у беларускай справе». Гэтае эсэ было скіравана да дэмакратычнай грамадскасці свету для азнаямлення яе з трагедыяй бел. народа і яго інтэлігенцыі. Развіваліся крытыка і літ.-знаўства. А.Навіна паглыблена даследаваў творчасць бел. класікаў (брашура «Янка Купала — прарок адраджэння», арт. «Да крыніцаў творчасці М.Багдановіча» і інш.). Аналізуючы тыпалогію аповесцей «Дзве душы» М.Гарэцкага і «Прадвесне» С.Жаромскага, ён імкнуўся да метадалагічнага ўзбагачэння айч.літ.-знаўства. У арт. «На шляхах новай беларускай паэзіі», «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры» С.Станкевіч прагназіраваў новыя тэндэнцыі ў развіцці айч. прыгожага пісьменства. У літ. эсэ «Вялікі скарб нашай старасведчыны» У.Самойла напярэдадні 2-й сусв. вайны раздумваў над векавымі традыцыямі бел. духоўнасці, стараж. літаратурай Беларусі.
Станаўленне і развіццё літаратуры Зах. Беларусі як часткі агульнанац. маст. культуры адбылося на аснове дэмакратычнай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай традыцый айч. літаратуры пач. 20 ст. Яна была арганічнай выразніцай дум і памкненняў 3-мільённага этнасу, які не прыняў рэжым даваеннай Польшчы і вёў барацьбу за сваё сац. і нац. вызваленне. У зах.-бел. літаратуры плённа рэалізаваліся ўсе жанры: паэзія ў яе грамадз. іпастасі, драматургія, літ.-філас. эсэістыка, крытычная і літ.-знаўчая эсэістыка. Зах.-бел. літаратура функцыянавала ў агульнаеўрап. кантэксце і каштоўная тым, што паслядоўна адстойвала фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці: свабоду народа, свабоду чалавечай асобы, свабодную працу ў свабоднай грамадз. супольнасці і вольнай краіне.
А.С.Ліс.
М.Танк, В.Труцька і Р.Шырма. Вільнюс. 1937.Вокладка першага зборніка вершаў М.Танка «На этапах». 1936.