шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял.кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн.Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.
Літ.:
Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;
Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК (Аляксандр Аляксандравіч) (28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),
рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.
Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач.жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас.дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.
Літ.:
Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;
Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;
Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;
Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;
Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТУРГІ́Я МУЗЫ́ЧНАЯ,
сістэма выразных сродкаў і прыёмаў увасаблення ў музыцы драм. дзеяння на аснове агульных заканамернасцей драмы. У найб. дзейснай форме Д.м. выяўляецца ў муз.-сцэнічных жанрах (опера, балет), больш апасродкавана — у сферы інстр. музыкі. У жанрах муз. тэатра законы драмы набываюць своеасаблівую трактоўку ў сувязі з сінт. характарам гэтых жанраў і вызначальнай роляй музыкі. Гістарычна склаліся 2 асн. тыпы Д.м. — нумарны і скразны. У нумарным тыпе драматург. функцыі завершаных нумароў звязаны з пэўным прыпыненнем дзеяння (у оперы — перш-наперш арыя, у балеце — адажыо, варыяцыі), або непасрэдным яго развіццём (у оперы — рэчытатыў, у балеце — па д’аксьён). Аднак і ў межах гэтага тыпу ўсё большае значэнне набывалі нумары, якія маглі выконваць абедзве драматург. функцыі (у оперы — ансамблі і хары, у балеце — па-дэ-дэ, па-дэ-труа). У выніку збліжэння завершаных і свабодных эпізодаў сфарміраваўся скразны тып драматургіі, калі дзеянне ахоплена безупынным муз. развіццём. Скразны тып драматургіі складваўся пад уплывам сімф. музыкі (адзін з асн. сродкаў сімфанізацыі муз.-драм. жанраў — лейтматыў). Найб. пашырана Д.м., дзе спалучана скразное муз. развіццё з часовымі прыпынкамі дзеяння. У оперным мастацтве 20 ст. вылучаюць і мантажны тып Д.м. (структурная адзінка — эпізод), якому ўласцівы расчлянёнасць, хуткая змена сцэн, раптоўныя павароты сцэн. дзеяння, налажэнні кантрастных планаў. Першыя бел. оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава і «Кветка шчасця» А.Туранкова заснаваны на прынцыпах нумарной драматургіі. У операх «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага і «У пушчах Палесся» А.Багатырова спалучаюцца прынцыпы нумарной і скразной драматургіі, якая пазней стала асновай развіцця нац. оперы і балета. Рысы мантажнага тыпу драматургіі ўласцівы муз.сцэн. творам сярэдзіны 1960-х г. (тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера, «Джардана Бруна» С.Картэса). Існуюць мяшаныя формы Д.м., якія аб’ядноўваюць элементы оперы і ўласна драмы (аперэта, муз. камедыя, мюзікл) да сферы Д.м. іх адносяць, калі ў музыцы вырашаны найважн. вузлавыя моманты драм. дзеяння (аперэты «Несцерка» Р.Суруса, «Мільянерка» Я.Глебава, мюзіклы «Джулія» і «Залёты» У.Кандрусевіча і інш.).
Паняцце Д.м. выкарыстоўваюць і ў дачыненні да твораў інстр. музыкі, не звязаных са сцэн. дзеяннем або пэўнай літ. праграмай. У інстр. музыцы паводле якасных адзнак вылучаюць Д.м. бескантрастную, кантрастную і канфліктную, паводле колькасных — 1-, 2-, 3- і шматэлементную. У працэсе гіст. развіцця муз. мастацтва ў некат. тыпавых формах склаліся пэўныя драматург. стэрэатыпы (прынцыпы санатнасці, цыклічнасці і інш.). Спецыфічныя заканамернасці, якім падпарадкоўваецца развіццё муз. вобразаў у інстр. музыцы, толькі часткова супадаюць з законамі сцэн. драмы.
Літ.:
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Ярустовский Б. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;
Кулешова Г.Г. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Чернова Т.Ю. Драматургия в инструментальной музыке. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.
Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.
У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн.маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав. традыцыі, засваення візант.хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап.маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл.Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел.нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл.Адраджэнне нацыянальнае).
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,
сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн.чал.Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];
Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;
Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРА,
навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).
Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст.італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.
У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.Штэйніца, Э.Арціна, Э.Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.І.Мальцаў і А.Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл.Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.
Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш.Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.
Літ.:
Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),
народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ.збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НГРЫЯ (Magyarország),
Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс.км², нас. 10 324 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).
Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-раліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.
Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав.Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана I Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л.Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв.нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг.вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл I) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг.Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг.Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту 2/3тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл.Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг.нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс.сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).
Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг.Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг.ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав.КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав.вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг.паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л.эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг.сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг.дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл.ААН(з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг.сацыяліст. партыя, Венг.дэмакр. форум, Венг.сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр.нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.
Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн.чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн.т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн.т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн.т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд.м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт∙гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч.прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн.т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сцьмінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр.прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн.т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн.м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс.т.
У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля 2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс.гас.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн.т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.
Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс.км, у т. л. 29,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд.дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд.дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс.чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс.чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп.авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс.чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч.г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч.г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед.ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам.ін-т (з 1948), тэхн.ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж.б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг.АН, гар.б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Венг.АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).
Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг.л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг.літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).
Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг.нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей
Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес.т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг.т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг.т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац.т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар.т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.
Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.
Літ.:
История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;
Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;
Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;
Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;
Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;
Герб і сцяг Венгрыі.Да арт.Венгрыя: мост «Эржэбет» у Будапешце (уверсе); вадасховішча ў гарах Матра.Да арт.Венгрыя. Майстра М.Калажвары. Рэлікварый «Святы Ласла». 2-я пал. 14 ст.Да арт.Венгрыя. Рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне. Арх. М.Печы. 1803—21.Да арт.Венгрыя. Будынак першага венгерскага Нацыянальнага тэатра. Будапешт. З гравюры 19 ст.Да арт.Венгрыя. Тэатр камедыі «Вігсінхаз» у Будапешце. Фота канца 19 ст.Да арт.Венгрыя. Будынак тэатра ў г. Эгер.Да арт.Венгрыя. Будынак парламента ў Будапешце. Арх. І.Штэйндль. 1884—96.Да арт.Венгрыя. Тэатр пад адкрытым небам на Саборнай плошчы ў г. Сегед.Да арт.Венгрыя. Сцэна са спектакля «Берэніка» Ж.Расіна ў Тэатры імя К.Кішфалудзі ў г. Дзьёр. Дэкарацыі В.Вазарэлі.Да арт.Венгрыя. Партал царквы ў Яку. 1220—56.Да арт.Венгрыя. М.Мункачы. Сляпы Мільтан, які дыктуе сваім дочкам паэму «Страчаны рай». 1878.Да арт.Венгрыя. Сялянскія дамы ў этнаграфічным раёне Гечэй каля г. Залаэгерсег.Да арт.Венгрыя. І.Чок. Куток атэлье. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НІЯ (España),
Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс.км². Нас. 39,6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).
Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.
Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс.мясц. судоў.
Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр.ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-растудз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 2/3 — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн.чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн.чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн.чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн.ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс.г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.
пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст.н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.
У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б.ч.араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч.ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял.ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц.Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл.Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл.Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн.Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.
У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп.калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл.Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам.аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар.фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл.ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш.Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд.дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс.дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн.т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс.т, серабра — каля 0,2 тыс.т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.
ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд.кВтгадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн.т чыгуну і 13 млн.т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс.т медзі, каля 350 тыс.т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сцьтрансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн.т нафты. Значная вытв-сцьбуд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн.т цэменту. Развіта тэкст.прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.
І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн.га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн.т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (2/3 збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн.т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, Эль-Фероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс.км, аўтадарог 324 тыс.км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн.дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн.чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд.дол., імпарт — 110 млрд.дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.
прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс.чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс.чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац.гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац.археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.
Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш.перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш.Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.
Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.
Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ.ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт.зб. «Гістарычныя рамансы») і Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).
Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г.рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст.н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Гранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э.маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв.Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.
Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп.муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж.ісп. форм. Гал.муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст.найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп.вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз.т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац.муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л.рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А. дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Эскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп.ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.
Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз.т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп.т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр.партыз. атрады»). З усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхта, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар.т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян.рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж.ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.
Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.
Літ.:
Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ.М., 1976;
Испания, 1918—1972 гг.: Ист. очерк. М., 1975;
Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991;
Проблемы испанской истории. М., 1992;
Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993;
Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993;
Менендес Пидаль Р. Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961;
Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982;
Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994;
Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971;
Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971;
Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977;
Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).
Герб і сцяг Іспаніі.Да арт.Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.Да арт.Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.Да арт.Іспанія. Панарама ў цэнтры Мадрыда.Да арт.Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.Да арт.Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.Да арт.Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).Да арт.Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).Да арт.Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.Да арт.Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.Да арт.Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.Да арт.Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.Да арт.Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.Да арт.Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.Да арт.Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».Да арт.Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.