СЛАВЯНАФІ́ЛЫ,

прадстаўнікі аднаго з кірункаў рас. грамадскай і філас. думкі 1840—50-х г., якія выступалі з абгрунтаваннем ідэі асаблівага, адметнага ад зах.-еўрап. шляху гіст. развіцця Расіі. Ідэйна супрацьстаялі заходнікам, якія сцвярджалі, што Расія павінна развівацца шляхам засвойвання зах.-еўрап. паліт. сістэмы, сац. ін-таў і эканам. ладу. Філас. канцэпцыю С., якая ўяўляла сабой рэліг.-філас. вучэнне, распрацоўвалі А.​С.​Хамякоў, Х.​В.​Кірэеўскі, К.​С.​Аксакаў, Ю.​Ф.​Самарын і інш. У аснове ідэй С. — гістарыясофскае абгрунтаванне самабытнасці Расіі і яе сац.-эканам. ўкладу, абвяшчэнне праваслаўя адзіна сапраўдным хрысціянствам. Паводле С., сапраўдная вера, што прыйшла на Русь з усх. царквы, абумовіла асаблівую гіст. місію рус. народа. С. ідэалізавалі дапятроўскую Русь, якая ўяўлялася ім гарманічным грамадствам без супярэчнасцей і ўнутр. канфліктаў, арган. адзінствам народа і ўлады. Паводле С., Пётр I парушыў гарманічнае развіццё Расіі, у выніку чаго дзяржава прэваліруе над народам, а інтэлігенцыя і дваранства пад уплывам зах.-еўрап. культуры адарваліся ад нар. жыцця. С. заклікалі інтэлігенцыю да збліжэння з народам, вывучэння яго жыцця, традыцый і культуры. Для эстэт. і літ.-крытычных поглядаў С. характэрна крытыка «чыстага мастацтва» і абгрунтаванне неабходнасці ўласнага шляху развіцця рус. маст. культуры. С. лічылі, што маст. творчасць павінна адлюстроўваць абшчыннасць, патрыярхальную ўпарадкаванасць нар. быту, рэлігійнасць рус. чалавека. Ідэі С. паўплывалі на развіццё рус. філас. і рэліг.-містычнай думкі.

І.​В.​Катляроў.

т. 14, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)