КА́СІЙ Лонгін Гай (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Мікалай Пятровіч (15.6.1915, в. Кайвакса Ленінградскай вобл., Расія — 17.4.1944),

удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў 2-ю Ленінградскую артыл. школу (1936), вучыўся ў Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, з 1943 маёр Ф. нам. камандзіра разведвальна-дыверсійнага атрада «Дзіма» на Міншчыне, удзельнік падрыхтоўкі забойства гаўляйтара В.​Кубэ. Са студз. 1944 камандзір партыз. атрада на тэр. Польшчы, загінуў у баі з карнікамі.

т. 16, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́Н Надзея Віктараўна (н. 24.10.1921, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Канд. мед. н. (1962). Скончыла 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1947). З пач. Вял. Айч. вайны на падп. рабоце ў Смалявічах, адна са стваральнікаў падп. камсамольскай арг-цыі, потым разведчыца партыз. брыгады «Дзядзькі Колі». Удзельніца падрыхтоўкі забойства ген. камісара Беларусі гаўляйтэра В.​Кубэ. Пасля вайны выкладчык ВНУ, дырэктар Усесаюзнага НДІ сан. асветы СССР, старшыня выканкома сав. Чырв. Крыжа, прарэктар 1-га Маскоўскага мед. ін-та.

Н.В.Траян.

т. 15, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎЦІВІ́Л (?—1264),

адзін з літоўскіх князёў, князь полацкі. Пляменнік Міндоўга, верагодна, сын яго старэйшага брата Даўспрунка. Каля 1249 Міндоўг накіраваў Т. і яго брата Эдзівіла ў паход на Смаленскае княства, а сам захапіў іх вотчыны і арганізаваў няўдалую спробу іх забойства. Т. уцёк у Галіцка-Валынскае княства, а потым у Рыгу, дзе прыняў хрышчэнне ў каталіцтва. Паліт. праціўнікі Міндоўга — галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн, рыжскі арцыбіскуп і князь Жамойці Выкінт (дзядзька Т. па маці) — падтрымалі Т. як прэтэндэнта на пасад вял. князя ВКЛ і аказалі яму ўзбр. дапамогу. Аднак нанесці Міндоўгу ваеннае паражэнне не ўдалося. Пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва ў 1253 накіраваная супраць яго кааліцыя на чале з Т. распалася. Пэўны час Т. заставаўся ў Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Пазней ён, верагодна, прымірыўся з Міндоўгам. Магчыма, ужо ў 1258 Т. быў полацкім князем і ўдзельнічаў у сумесным паходзе палачан і літоўцаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтымі падзеямі не згадваецца. У час татарскага паходу на Літву зімой 1258—59 дзейнічаў разам з сынам Міндоўга Войшалкам супраць Данілы Раманавіча, саюзніка татар. У 1262 Т. згадваецца як князь полацкі. Верагодна, ён быў адным з арганізатараў забойства Міндоўга ў 1263. Неўзабаве паміж Т. і пераемнікам Міндоўга Транятам пачалася барацьба за ўладу, у выніку якой Т. быў забіты.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КТАР,

герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), л-ры (Ф.​Шылер, Ж.​Жыраду) і інш.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДЫ,

дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў 661—750. Паходзілі з роду Амея араб. меканскага племені курэйшаў. Заснавальнік Муавія I, які ўзначаліў Арабскі халіфат пасля забойства апошняга з першых чатырох праведных халіфаў Алі ібн Абі Таліба.

Найб. значныя прадстаўнікі Амеядаў: Абд аль-Малік [685—705] і яго сыны Валід I [705—715], Сулейман [715—717], Ясід II [720—724], Хішам ібн Абд аль-Малік [724—743]. Пры Амеядах створана буйная дзяржава — Амеядаў халіфат, працягваліся араб. заваяванні. У 750 скінуты Абасідамі. Адзіны ўцалелы з Амеядаў Абдарахман I уцёк у Іспанію і заснаваў там дынастыю Кардоўскіх Амеядаў (гл. Кардоўскі эмірат).

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБРЫЛО́ВІЧ Яўген Іосіфавіч (29.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.12.1993),

рускі кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Герой Сац. Працы (1979). Праф. (1962). Літ. дзейнасць пачаў у 1921 як навеліст. У кіно з 1937. Для яго творчасці характэрна ўвага да псіхал. раскрыцця характару персанажа, да лёсу чалавека на фоне гіст. падзей. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Машачка» (1942), «Два байцы» (1943), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Камуніст» (1958), «Твой сучаснік» і «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1979, разам з Г.​Панфілавым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1967,1983.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭО́ЦІ (Matteotti) Джакома (22.5.1885, Фрата-Палясіне, прав. Равіго, Італія — 10.6.1924),

італьянскі паліт. дзеяч, герой антыфаш. супраціўлення. Юрыст. Адзін з лідэраў Італьян. сацыяліст. партыі. У 1-ю сусв. вайну за антываен. дзейнасць быў зняволены ў турму. У 1919—24 дэп. парламента. У 1922 за рэфармісцкую дзейнасць выключаны з Сацыяліст. партыі. Адзін з заснавальнікаў і паліт. сакратар (з 1922) Унітарнай сацыяліст. партыі. 30.5.1924 у палаце дэпутатаў публічна выкрыў перадвыбарныя махінацыі і злоўжыванні фаш. партыі. Выкрадзены і забіты фашыстамі. Выступленне і забойства М. выклікалі востры паліт. крызіс фаш. рэжыму ў Італіі — т.зв. «М. крызіс».

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУА́ВІЯ I, Муавія ібн Абі Суф’ян (каля 605, г. Мекка, Саудаўская Аравія — 680),

першы правіцель [661—680] араб. Амеядаў халіфата. Спачатку змагаўся супраць Мухамеда, у 630 прыняў іслам і стаў сакратаром Мухамеда. З 640 намеснік Сірыі, заваяваў у 649 Кіпр. Адмовіўся прызнаць уладу халіфа Алі ібн Абі Таліба і пачаў з ім барацьбу. Пасля забойства Алі ібн Абі Таліба абвешчаны халіфам. Зрабіў халіфат спадчынным. Перанёс сталіцу ў Дамаск. Садзейнічаў стварэнню цэнтралізаванага апарата Арабскага халіфата і адраджэнню гаспадаркі ў заваяваных раней раёнах. Арганізаваў шэраг заваёўніцкіх паходаў у Магрыб, Індыю і Сярэднюю Азію.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)