МІНІМЕ́ТР (ад мінімум + ...метр),

рычажная стрэлачная прылада для вымярэнняў адносным кантактным спосабам лінейных памераў калібраў, дэталей машын і інш. вырабаў. Вымяральны стрыжань пры дапамозе рычагоў звязаны са стрэлкай, якая паказвае велічыню памеру на шкале. Межы вымярэння ад 20 да 600 мкм. Больш дасканалыя за М. — мікракатары.

Мініметр: 1 — вымяральны стрыжань; 2 — адводны рычаг; 3 — паказчыкі адхіленняў зададзеных памераў.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),

вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.

У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.

Літ.:

Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),

структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.

Літ.:

Сольницев Р.И., Кононюк А.Е., Кулаков Ф.М. Автоматизация проектирования ГПС. Л., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

Да арт. Гібкі вытворчы модуль. Аўтаматычны пераналаджвальны такарны модуль: 1 — такарны станок; 2 — індыкатарнае прыстасаванне для кантролю дакладнасці апрацоўкі загатоўкі; 3 — прыстасаванні аўтаматычнай змены інструменту; 4 — прыстасаванні для збору і выдалення стружкі; 5 — прыстасаванне лікавага праграмнага кіравання; 6 — прамысловы робат; 7 — транспартна-назапашвальнае абсталяванне.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл. вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л. Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з-д муз. дэталей (Крупскі р-н), а таксама Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксама індывід. муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.​В.​Богданам з Вілейскага, Б.​П.​Круглым з Лідскага, І.​М.​Карнеем з Смаргонскага, М.​М.​Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.​А.​Крайко з Мінска, М.​П.​Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.

Да арт. Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.
Да арт. Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,

чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРНАЯ ПЕЧ,

печ, рабочая прастора якой мае форму камеры. Прызначана для награвання або тэрмічнай апрацоўкі метал. загатовак і дэталей, шкляных вырабаў, абпальвання керамічных і эмаліраваных вырабаў і інш. Працуе з перыяд. загрузкай вырабаў і аднолькавай т-рай ва ўсіх пунктах рабочай прасторы. Будуецца ў выглядзе каўпаковай печы, награвальнага калодзежа, печы з высоўным подам і інш. Выкарыстоўвае вадкае, цвёрдае і газападобнае паліва, эл. нагрэў.

т. 7, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАМО́ДУЛЬ (ад мікра... + модуль) у электроніцы, мініяцюрны уніфікаваны функцыянальны вузел электроннай апаратуры. Канструкцыйна афармляецца ў выглядзе пячатнай платы з ушчыльненай упакоўкай малых (па памерах) дыскрэтных электронных элементаў (транзістараў, рэзістараў, кандэнсатараў і інш.). У адрозненне ад модуляў (гл. Модуль у электроніцы) маюць большую шчыльнасць упакоўкі (дзесяткі і сотні дэталей на 1 см³). Выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, радыёэлектронных апаратах і інш.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛА́КТЫКА,

(грэч. prophylaktikos засцерагальны) у тэхніцы, мерапрыемствы планава-папераджальнага характару для падтрымкі ў спраўным стане з зададзеным узроўнем надзейнасці тэхн. прыстасаванняў, механізмаў і вырабаў. Заключаецца ў абследаванні вырабу, замене ці рамонце асобных яго дэталей і вузлоў, у чыстцы, змазцы, рэгуліроўцы і інш. Папярэджвае магчымасць нечаканага спынення работы прыстасавання з прычыны зносу яго элементаў, забруджвання эл. кантактаў і інш. Ажыццяўляецца ў прадугледжаныя тэрміны.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЕ́Ц,

адна ці шматлязовы металарэзны інструмент. Найб. пашыраны прызматычны Р. складаецца з галоўкі з рабочай (рэзальнай) часткай пэўнай геам. формы і стрыжня — трымалкі для замацавання яго ў разцатрымальніку. Рэзальную частку Р. вырабляюць з матэрыялаў (вугляродзістай, легіраванай сталі, цвёрдых сплаваў, кампазіцыйных і інш.), цвёрдасць якіх перавышае цвёрдасць дэталей, што апрацоўваюцца. Выкарыстоўваюць пры апрацоўцы вырабаў на такарных, карусельных, даўбёжных, стругальных, зубастругальных і інш. спец. станках.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЫНА́КС,

слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)