станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст.Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
В.М.Ляўко.
Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,
няясыць лапландская (Strix nebulosa),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,
абалонка з разрэджанага іанізаванага газу, якая акружае гарачы белы карлік і расшыраецца. Па знешнім выглядзе падобная на дыск планеты (адсюль назва).
Пры сцісканні ядра зоркі, якім заканчваецца стадыя чырвонага гіганта, яе вонкавыя слаі скідваюцца з вял. скорасцю і аддзяляюцца ад ядра. Паводле сучасных тэорый зорка з вугляродным ядром і масай 0,6—4 сонечныя масы ўтварае П.т. і пераўтвараецца ў белы карлік. Абалонка расшыраецца са скарасцямі да некалькіх тысяч метраў за секунду, паглынае ультрафіялетавае выпрамяненне цэнтр. зоркі і перавыпрамяняе яго ў бачнай частцы спектра праз флуарэсцэнцыю. Стадыя П.т. доўжыцца да 50 тыс. гадоў. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭХАЛО́Т (ад рэха + лот),
гідраакустычная прылада для вымярэння глыбіні вадаёма ці глыбіні апускання ў ваду якіх-н. цел. Дзеянне Р. заснавана на вымярэнні часу праходжання ультрагуку ад днішча судна, дзе знаходзяцца выпрамяняльнік і прыёмнік сігналаў, да дна (цела) і назад. Выкарыстоўваюць у суднаходстве, рыбалоўстве і інш. Таксама Р. — прылада для вымярэння глыбіні ўзроўню ў буравой свідравіне, па якім вызначаецца ціск на забой слупа вадкасці. Засн. на вымярэнні часу праходжання гуку ад вусця свідравіны да ўзроўню вадкасці і назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),
атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн.г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.
Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),
танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер.дыск-жакеем А.Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.Прэслі, Ч.Бэры, Л.Рычард і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛОМАСІЛАСАРЭ́ЗКА,
машына для рэзкі саломы і здрабнення зялёнай масы пры падрыхтоўцы кармоў і нарыхтоўцы сіласу. Бываюць барабанныя (звычайна стацыянарныя, з прыводам ад электрарухавіка) і дыскавыя (перасоўныя, з прыводам ад трактара або электрарухавіка).
Рэжучы апарат працуе па прынцыпе нажніц, адным з лёзаў якіх з’яўляюцца вярчальныя нажы (на барабане або дыску), другім — лязо нерухомай процірэжучай пласціны. С. ўстанаўліваюць каля сіласных збудаванняў, у кармацэхах, каля пунктаў нарыхтоўкі саломы на корм або подсціл. Ручныя і конныя С. наз. сячкарнямі.
Літ.:
Белянчиков Н.Н., Смирнов А.И. Механизация животноводства. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЮХО́Ў (Ігар Гаўрылавіч) (н. 28.4.1957, г. Магнітагорск, Расія),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1981). З 1981 кіраўнік хар. капэлы БДУ, адначасова ў 1983—88 (з перапынкамі) — хору хлопчыкаў Муз. ліцэя пры Бел. кансерваторыі. Арганізатар (1988) і маст. кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. Яго ўдумлівыя адносіны да хар. партытур, эмацыянальнасць, гукавы сінтэз усх.- і зах.-еўрап.вак. школ дазваляюць хору выконваць творы кампазітараў розных эпох, стыляў і жанраў. Пад яго кіраўніцтвам хор выканаў прэм’еры буйных твораў бел. кампазітараў С.Бельцюкова, У.Дарохіна, А.Залётнева, Ш.Ісхакбаевай і В.Шлеянкова, В.Капыцько, С.Картэса, І.Лучанка і інш., запісаў першы ў свеце кампакт-дыск з творамі бел. духоўнай музыкі (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦІ (Strix),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жывуць у лясах, гарах, парках пераважна ў дуплах, часам у чужых гнёздах, на зямлі, у норах. Аселыя. На Беларусі 3 віды: няясыць барадатая, Н. даўгахвостая, або уральская (S. uralensis), якія занесены ў Чырв. кнігу, і Н. звычайная, або шэрая (S. aluco).
Даўж. да 84 см, маса да 1,2 кг. Апярэнне густое, рыхлае, мяккае, шэрае або рыжаватае са стракацінкамі. Галава вял., круглая, тваравы дыск добра развіты. Вочы з бурай радужынай. Дзюба моцная. Крылы шырокія, закругленыя. Хвост сярэдняй даўжыні. Пальцы звычайна апераныя. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, жабамі, беспазваночнымі. Нясуць 2—6, зрэдку да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІПУ́ХА (Tyto alba),
птушка сям. сіпухавых атр. совападобных. 34 падвіды. Пашырана ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жыве ў парках і насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі, у пакінутых пабудовах. На Беларусі рэдкі аселы від, тут праходзіць паўд.-зах. мяжа яе арэала. Вядома па адзінкавых знаходках у паўд.-зах.ч. краіны; занесена ў Чырв. кнігу. Т. soumagnei, якая трапляецца на в-ве Мадагаскар, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела да 43 см, маса да 355 г. Спіна буравата-пясочная з падоўжнымі радамі дробных цёмных і белых крапінак, брушка белавата-вохрыстае з рэдкімі цёмнымі крапінкамі. Тваравы дыск сэрцападобны, амаль белы, каля вачэй іржава-карычневы Корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, земнаводнымі, насякомымі. Нясе 3—7 (да 12) яец.