ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.

П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.​Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.

На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс. экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦК КПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл. Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка «Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.

Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш. Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.

Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі 1985 1990 1995 1998
Кнігі і брашуры
Колькасць кніг і брашур (адзінак) 3431 2823 3205 6073
Тыраж, млн. экз. 53,3 54,9 62,9 60,0
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 793,7 945,5 865,9 1052,7
Часопісы і інш. перыядычныя выданні
Колькасць часопісаў і інш. перыядычных выданняў 107 129 225 318
Гадавы тыраж, млн. экз. 35,1 54,1 11,5 14,7
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 152,3 256,5 59,6 70,9
Газеты
Колькасць газет (выданняў) 212 224 494 580
Разавы тыраж, млн. экз. 4,6 5,7 8,5 10,5
Гадавы тыраж, млн. экз. 839 985 601 659

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІГАДРУКАВА́ННЕ,

спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.

Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс. экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.​Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн. экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз. інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст.палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн. Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.​Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.​Фёдаравым у 1573 у Львове.

Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв. мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.​Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.​С.​Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.​Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.​Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.​Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.​Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.​Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.​Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.​Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.​Жыло, удасканалена ў 1862 Г.​Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.​Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.​Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.​Д.​Лапцеў, Г.​Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.​Рубел (ЗША) і К.​Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.​Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.​А.​Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.

Літ.:

Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;

Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;

Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;

Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;

Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;

Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.​Амана. 16 ст.
Да арт. Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.​Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.​Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),

італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.

Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.

Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.​Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.​Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.​Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст. біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.​Мельцы. Іл. гл. таксама да арт. Адраджэнне.

Тв.:

Рус. пер. — Книга о живописи. М., 1934;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1935;

Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;

Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.

Літ.:

Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;

Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;

Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.

Л.​Ф.​Салавей.

Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.
Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),

горад, сталіца Кітая. Размешчаны на Пн Вял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач. Вял. канала. 3 прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс. км²). Насельніцтва 11,3 млн ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э. наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл. Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт. Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.

У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч. цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш. арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).

Літ.:

Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Пекін. Плошча Цяньаньмынь.
Пекін. Від на «забаронены горад».

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)