ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.Глінкі, «Дударай» Я.Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.Сметаны, «Мадам Бавары» Э.Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЧУ́К (Сяргей Фёдаравіч) (25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н (Ілья Львовіч) (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел.тэатр.ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел.АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕС ДЭ ЛА СЕ́РНА ((Gómez de la Serna) Рамон) (5.7.1888, Мадрыд — 12.1.1963),
іспанскі пісьменнік і публіцыст. Адзін з буйных прадстаўнікоў ісп.авангардызму (прапагандыст дадаізму), ідэі якога абагульніў у кн. «Ізмы» (1931). Вядомасць прынеслі кнігі эсэ і нарысаў «Растра» (1915), «Цырк» (1917), а таксама «грэгерыі» — парадаксальныя афарызмы. Яго эксперым. драматургія (п’есы «Беатрыс», 1909, «Паўлюдзі», 1929, «Лесвіцы», 1935) істотна паўплывала на фарміраванне тэатра абсурду. Аўтар больш як 20 раманаў і аповесцей. Найб. значныя: зб. навел «Незвычайны доктар» (1914), у якім прадугаданы шматлікія адкрыцці ў галіне псіхалогіі, і раман «Кіналандыя» (1923) — фантаст.-сатыр. адлюстраванне тагачаснай кінаіндустрыі. Пісаў аўтабіягр. і мемуарную прозу. Творы Гомеса дэ ла Серна вызначаюцца гумарам, стылістычнай свабодай і яркімі моўнымі навацыямі. З 1936 жыў у Аргенціне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБІ́НКА (Яўген Паўлавіч) (2.2.1812, с. Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, у прыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭЙМО́ (Яніна Баляславаўна) (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),
расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,
рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-сын (Dumas fils; 28.7.1824, Парыж — 27.11.1895), французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1874). Пазашлюбны сын А.Дзюма. Дэбютаваў зб. вершаў «Грахі юнацтва» (1847). Аўтар раманаў «Дама з камеліямі» (т. 1—2, 1848; прататыпам гал. гераіні паслужыла франц. актрыса Мары Дзюплесі), «Доктар Серван» (т. 1—2, 1849), «Тры моцныя мужчыны» (т. 1—4, 1850) і інш. Вядомасць прынесла драма «Дама з камеліямі» (паводле аднайм. рамана, паст. 1852; на яе сюжэт нап. опера Дж.Вердзі «Травіята»). У інш. п’есах, што суправаджаў у друку вял.тэарэт. прадмовамі, сцвярджаў непахіснасць асноў сям’і і грамадства; быў прыхільнікам разводу, выступаў у абарону правоў пазашлюбных дзяцей, патрабаваў павагі да жанчыны ў сям’і (п’есы «Паўсвет», 1855, «Незаконны сын», 1858, «Жонка Клода», 1873, «Чужаземка», 1876, і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),
бел. і польскі гісторык. Канд.гіст.н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).
Тв.:
Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.