АРХА́НГЕЛЬСКІ (Андрэй Дзмітрыевіч) (8.12.1879, г. Разань — 16.6.1940),
рускі геолаг. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1925). Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). Выкладаў у Маскоўскім ун-це, Горнай акадэміі, Межавым і Геолагаразведачным ін-тах. Даследчык геал. будовы Еўрап. часткі СССР, Казахстана, Сярэдняй Азіі і інш. Кіраваў вывучэннем Курскай магнітнай анамаліі. Навук. працы па рэгіянальнай геалогіі, стратыграфіі, тэктоніцы, петраграфіі асадкавых пародаў, палеагеаграфіі і інш. Прэмія імя У.І.Леніна (1928).
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—2. М., 1952—54.
Літ.:
Гордеев Д.И. А.Д.Архангельский, 1879—1940. М., 1981.
т. 1, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксандр Васілевіч) (13.8.1859, г. Суаменліна. Фінляндыя — 3.6.1895),
рускі падарожнік. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1882). Падарожнічаў на Пн і ПнУ Еўрап. Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі. Вядомы як даследчык М. Азіі і Афрыкі. У 1881—82 наведаў Егіпет, Палесціну і Сірыю, у 1884—87 падарожнічаў па Лівіі, Алжыры, Тунісе, М. Азіі, у 1895 — па Эфіопіі. Сабраў шматлікія антрапал. і этнагр. звесткі.
Тв.:
По белому свету: Очерки и картины из путешествий по трем частям Старого света. 2 изд. Т. 1—4. СПб., 1901—04.
т. 6, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНІ́ЦЫН (Пётр Кузьміч) (? — 15.7.1770),
рускі мараплавец, даследчык Алеуцкіх а-воў. Капітан 1-га рангу. У 1764—69 узначаліў экспедыцыю, якая ў 1768 выйшла з вусця р. Камчатка, даследавала а-вы Умнак, Уналашка, Унімак, зах. ч. ўзбярэжжа п-ва Аляска. У 1769 экспедыцыя вярнулася на Камчатку. На аснове матэрыялаў экспедыцыі ў 1777 складзена карта Алеуцкіх а-воў. Яго імем названы праліў паміж а-вамі Анекатан і Харымкатан (Курыльскія а-вы), вулкан і мыс на в-ве Анекатан і а-вы ў групе Лісіных (Алеуцкія а-вы).
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦЕЎ (Харытон Пракопавіч) (1700—63/64),
расійскі даследчык Арктыкі. Капітан 1-га рангу. Стрыечны брат Дз.Я.Лапцева. На флоце з 1718. У 1739—42 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі, правёў пры ўдзеле С.І.Чэлюскіна, Н.Чэкіна і Г.Мядзведзева апісанне п-ва Таймыр паміж вусцямі рэк Хатанга і Пясіна, адкрыў і апісаў некаторыя бліжэйшыя астравы. Па заканчэнні экспедыцыі служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы: марскі бераг на п-ве Таймыр, мыс на п-ве Чэлюскін і інш.; у гонар Х.П. і Дз.Я.Лапцевых названа Лапцевых мора.
т. 9, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РГАН ((Morgan) Льюіс Генры) (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),
амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).
т. 10, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛЬЧАР (Pelczar) Ян, польскі філолаг, лацініст канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. Першы даследчык творчай спадчыны М.Гусоўскага. Падрыхтаваў навук. выданне твораў паэта, напісаў да яго ўступны артыкул і грунтоўныя каментарыі («Творы Міколы Гусоўскага», выд. ў серыі «Збор старажытнейшых лацінскіх паэтаў Польшчы», Кракаў, 1894, т. 4). Аўтар манаграфіі «Мікола Гусоўскі, яго жыццё і творы» (Кракаў, 1900). Яго працы садзейнічалі пашырэнню даследавання творчасці паэта і яе папулярызацыі. П. натхніў паэта Я.Каспровіча на пераклад паэмы Гусоўскага «Песня пра зубра» на польск. мову.
Я.І.Парэцкі.
т. 12, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬГА́ЎЗЕН ((Wellhausen) Юліус) (17.5.1844, г. Гамельн, Германія — 7.1.1918),
нямецкі ўсходазнавец. Праф. тэалогіі ў Грайфсвальдзе (1872—82), усходазнаўства ў Гале (1882—85), Марбургу (1885—92) і Гётынгене (з 1892). Даследчык стараж. гісторыі іудаізму, ранняга перыяду гісторыі ісламу, раннехрысц. літ. помнікаў. Гал. працы: «Уводзіны ў Стары Запавет» і «Гісторыя Ізраіля» (абедзве 1878), «Гісторыя Ізраіля і Іудзеі» (1894). Паводле Вельгаўзена гал. частка т.зв. Майсеевага закону (ён назваў яго Жрэцкім кодэксам) напісана не легендарным Майсеем у 15—13 ст. да н.э., як сцвярджае іудзейска-хрысц. традыцыя, а групай жрацоў у 6 ці 5 ст. да н.э.
т. 4, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЫ́МЕНКА (Павел Паўлавіч) (н. 16.7.1919, с. Саланіца Лубенскага р-на Палтаўскай вобл.),
бел. і ўкр. крытык, літ.-знавец, фалькларыст. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Працаваў у Гомельскім ун-це (1950—72), з 1972 у Сумскім пед. ін-це. Даследчык бел. і ўкр. фальклору і л-ры, бел.-ўкр. фалькл. і літ. узаемасувязяў. Сааўтар падручнікаў і дапаможнікаў для студэнтаў («Беларуская вуснапаэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», 1970, і інш.).
Тв.:
Тарас Шаўчэнка і Беларусь. Мн., 1969;
Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Бібліяграфічны ўказальнік прац аб беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязях (1865—1965). Гомель, 1967.
т. 2, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІН ((Baffin) Уільям) (1584, Лондан? — 23.1.1622),
англійскі арктычны даследчык. У 1612—16 у якасці штурмана плаваў у пошуках Паўн.-Зах. праходу: у 1615 даследаваў Гудзонаў зал., у 1616 — мора на З ад Грэнландыі (гл. Бафіна мора). У час гэтага падарожжа адкрыў і даў назвы пралівам Сміта, Джонса і Ланкастэра; адкрыў п-аў Хейс (Грэнландыя), вял. ўчасткі а-воў Элсмір і Дэвон у Канадскім Арктычным архіпелагу. Імем Бафіна названы таксама адзін з а-воў у гэтым архіпелагу (Бафінава Зямля). Яго пазнейшыя падарожжы (1616—21) былі на У. Загінуў пры аблозе в-ва Армуз.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПУСТЫ́НЯ ВІКТО́РЫЯ (Great Victoria Desert),
пясчаная пустыня на Пд Аўстраліі. Пл. 350 тыс. км². Працягласць з У на З амаль 1200 км.
Вялікая пустыня Вікторыя — тэр. заходнеаўстралійскага пенеплену з пераважнымі выш. 150—300 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады і ўзгоркі (выш. 10—15 м), месцамі астанцовыя плато ці азёрныя засоленыя ўпадзіны. Ападкаў ад 125 да 250 мм за год. Сухія рэчышчы. Пяскі часта замацаваны дзярнінным злакам спініфекс, у міжградавых прасторах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. Пустыня практычна бязводная і цяжкадаступная; упершыню перасек яе ў 1875 англа-аўстр. даследчык Э.Джайлсам. Аднайменны нац. парк.
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)