ГРОМ,

гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЫ́,

ударны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Складаецца з 12—18 метал. труб-цыліндраў (звычайна латунных) храматычнага строю дыяметрам 25—38 мм, свабодна падвешаных у метал. або драўлянай раме выш. каля 2 м. Сучасныя З. маюць педальна-дэмпфернае прыстасаванне. Гук здабываецца ўдарам калатушкі з бочачкападобнай галоўкай, абцягнутай скурай. Выкарыстоўваюцца ў сімф. аркестры для імітацыі царк. звону.

Званы.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРА (лац. littera),

графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд. Мн., 1993;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧЭ́ННЕ, інверсія ў музыцы,

спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней ў неполіфанічных творах.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАЦЦАЦІТО́НАВАСЦЬ, дадэкатоніка, дванаццацітонавая гармонія,

від дванаццаціступеннай гукавой сістэмы, у якой кожны гук можа функцыянаваць як самаст. элемент. З ёю звязаны многія новыя віды тэхнікі ў музыцы 20 ст., у т. л. сіметрычныя лады (І.​Стравінскі, А.​Месіян), «сінтэтакорды» М.​Рослаўца, дадэкафонія, тропы (І.​М.​Хаўэр), 12-тонавыя рады (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын), 12-тонавыя палі, акорды, свабодная атанальнасць і інш.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАФО́НІЯ (грэч. kakophōnia ад kakos благі + phone гук),

антыгарманічнае, недарэчнае, бязладнае, хаатычнае спалучэнне муз. гукаў. Узнікае звычайна спантанна (напр., пры настройцы сімф. аркестра) Уяўленні пра К. крыху ўмоўныя і гістарычна мяняюцца (спалучэнні гукаў, якія лічыліся К. для пэўнай муз. культуры і эпохі, могуць успрымацца як асэнсаваныя слухачом інш. эпохі). Уражанне К. можа стварацца і пры неадпаведнасці музыкі слыхавому вопыту аўдыторыі.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА,

назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А,

першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі — 1000, — 10 000, — 100 000, — 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),

адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТЫ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,

пругкія ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў цвёрдым, вадкім і газападобным асяроддзях. Дыяпазон частот ад самых нізкіх (умоўна ад 0 Гц) да гранічна высокіх (10​12—10​13 Гц). Вылучаюць інфрагук (да 16 Гц), гук (ад 16 да 2∙10​4 Гц), ультрагук (ад 2∙10​4 да 10​9 Гц) і гіпергук (ад 10​9 да 10​13 Гц). Выкарыстоўваюцца ў акустаэлектроніцы, дэфектаскапіі, гідралакацыі, сейсмалогіі і інш. Гл. таксама Пругкія хвалі.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)