рэльеф, створаны дзейнасцю ледавікоў. Фарміраванне М.р. звязана з ледавіковай экзарацыяй, акумуляцыяй марэннага матэрыялу (гл.Марэна) і флювіягляцыяльных адкладаў. Вылучаюць тыпы М.р.: марэнныя раўніны (роўныя або злёгку хвалістыя паверхні, якія ўскладняюцца асобнымі марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі, лагчынамі); канцова-марэнны (сістэмы моцна расчлянёных канцова-марэнных узвышшаў і град, выцягнутых на дзесяткі кіламетраў уздоўж краю былога ледавіка); узгорыста-марэнна-азёрны (спалучэнне марэнных і камавых узгоркаў з озамі, катлавінамі, лагчынамі і паніжэннямі, занятымі азёрамі і балотамі). У горных далінах М.р. прадстаўлены бакавымі марэнамі, градамі канцавых марэн, цыркамі, трогамі і інш. На Беларусі найб. выразны ў зоне паазерскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,
рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Stratocumulus (Sc)],
воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў. Вертык. магутнасць невялікая, размешчаны на выш. да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў інш. тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (28.3. 1855, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна — 1935),
расійскі гісторык-славіст. Чл.-кар.АНСССР (1924), д-р гісторыі (1890), праф. (1890). Скончыў Кіеўскі ун-т (1877). З 1880 працаваў у Варшаўскім ун-це. У 1915 разам з ун-там эвакуіраваўся ў Растоў-на-Доне, выкладаў у Растоўскім (Паўн.-Каўказскім) ун-це. Гал. праблемы даследаванняў — гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі. Гіст. працы Л. засн. на метадалагічных прынцыпах пазітывізму («Гісторыя рэфармацыі ў Польшчы. Кальвіністы і антытрынітарыі», 1883; «Да гісторыі езуітаў у літоўска-рускіх землях у XVI ст.», 1888; «Пачатак каталіцкай рэакцыі і заняпад рэфармацыі ў Польшчы», 1890, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРААХАЛАДЖЭ́ННЕ,
ахаладжэнне рэчыва ніжэй за т-ру яго раўнаважнага фазавага пераходу ў інш. агрэгатны стан ці крышталічную мадыфікацыю, што не прыводзіць да фазавага пераходу. Пераахалоджанае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане.
Фазавыя пераходы 1-га роду (напр., кандэнсацыя, крышталізацыя) на пачатковай стадыі патрабуюць пэўнага П. э мэтай утварэння зародкаў новай фазы (кропель, крышталікаў). Утварэнне зародкаў пры т-ры фазавага пераходу ўскладняецца тым, што яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з зыходнай фазай. Калі ўзнікненне і рост зародкаў значна абцяжараны (напр., крышталізацыя вязкай вадкасці), магчыма глыбокае П. і атрыманне практычна ўстойлівай фазы са структурай, характэрнай для больш высокіх т-р. На гэтым заснаваны, напр., загартоўка сталі і атрыманне шкла. Ад ступені П. вадзяной пары ў атмасферы залежыць характар атм. ападкаў (дождж, снег, град).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКУ́МЫ Туркменскія, пясчаная пустыня на Пд Сярэдняй Азіі, у Туркменістане. На Пн і ПнУ абмежавана Сарыкамышскай упадзінай і далінай Амудар’і, на ПдУ — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на Пд — падгорнай раўнінай Капетдага, на З — сухім рэчышчам Зах. Узбоя. Пл. каля 350 тыс.км². К. ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на Пд — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на Пд — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах стараж. рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза—Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе К. вылучаюцца: паўн. Заунгузскія К., або Заунгузскае плато (выш. пясчаных град да 40—60 м); паўд. Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўд.-Усходнія К. (выш.град ад 3—5 м да 30 м). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх К. размешчаны Унгуз. У Паўд.-Усх. К. знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды т-ры паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на Пд) за год. Па паўн.-ўсх. мяжы К. цячэ р. Амудар’я; Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. К. багатыя грунтавымі водамі. Глебы на зарослых пясках шэра-бурага тыпу, у паніжэннях — саланчакі і такыры. Пераважае рэдкая травяністая расліннасць (пясчаная асака) з зараснікамі хмызнякоў (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя, эфедра, астрагалы), на барханавых пясках — кандым, чэркез, злак селін. Жывёльны свет: пясчаная рысь—каракал, джэйран, ліс, дзікабраз, заяц, грызуны, стэпавая чарапаха, яшчаркі—агама, геконы, варан, змеі; птушкі — саксаульная сойка, пустынны груган, павукападобныя — фалангі, скарпіёны. Большая ч. пустыні ўвесь год выкарыстоўваецца як паша. Уздоўж Амудар’і, Мургаба, Тэджэна, арашальнага Каракумскага канала аазіснае земляробства. У Паўд.-Усх. К. — Рэпетэкскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел зямной паверхні на рэгіёны, адносна аднародныя паводле асаблівасцей рэльефу. Вылучаныя вобласці, падвобласці і геамарфалагічныя раёны вызначаюцца генетычнай аднароднасцю, падобнасцю формаў, расчлянёнасцю, узростам, напрамкам і інтэнсіўнасцю сучасных геамарфалагічных працэсаў. Геамарфалагічнае раянаванне выкарыстоўваецца пры глебавым, ландшафтным, меліярацыйным і інш. прыродных раянаваннях.
На Беларусі геамарфалагічнае раянаванне распрацоўвалася Дз.М.Собалевым (1931), В.А.Дзяменцьевым (1948, 1960), М.М.Цапенка (1957), Л.М.Вазнечуком (1975), Б.М.Гурскім (1988) і інш. Даныя сучасных даследаванняў аб генезісе ледавіковых формаў, будове ўзвышшаў, рачных далін, марэнных і водна-ледавіковых раўнін і нізін, характар адлюстравання ў рэльефе тэктанічных асаблівасцей тэрыторыі, сучаснай морфадынаміцы дазволілі дэталізаваць гэтыя схемы і вылучыць на тэр. Беларусі 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускіх краявых ледавіковых узвышшаў і град, Перадпалессе і Палескую нізіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,
адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).
Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІФЛЮ́КЦЫЯ (ад лац. solum глеба + fluctio выцяканне),
павольнае спаўзанне глеб і рыхлых грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання і пад уплывам сілы цяжару. Адзначаецца на схілах 2—5° і больш, пераважна ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты і сезоннага прамярзання грунтоў. С. садзейнічаюць актыўнае раставанне снегу і моцныя ліўні. Скорасці спаўзання звычайна складаюць некалькі сантыметраў за год, пры хуткіх зрушэннях на больш стромкіх схілах дасягаюць соцень метраў за гадзіну. С. прыводзіць да ўтварэння спецыфічных форм мярзлотнага рэльефу — саліфлюкцыйных тэрас, валоў, град і інш. На тэр. Беларусі С. была пашырана ў перыяд адступання ледавікоў у антрапагенавы перыяд. У сучасных умовах развіта слаба, дробныя формы С. трапляюцца на схілах Мінскага, Навагрудскага ўзвышшаў, Мазырскай грады, у далінах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і некат. малых рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТДА́Г (цюрк. шматгор’е),
горная сістэма на Пн Іранскага нагор’я, пераважна на тэр. Ірана і на ПдЗ Туркменістана; паўн.ч.Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 650 км. Шыр. ад 40 км на ПдУ да 200 км на ПнЗ. Найвыш. пункт — г. Хезармесджэд (3117 м) у Іране. К. — сістэма сярэдневышынных хрыбтоў, град і плато, падзеленых падоўжнымі і папярочнымі далінамі. Утварылася ў альпійскую складкавасць. Складзена пераважна з асадкавых парод — вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў і глін мелавога і палеагенавага ўзросту. Развіты карст (Бахардэнская пячора). Значная сейсмічнасць. Радовішчы руд ртуці, мыш’яку, барыту, шматлікія мінер., у т. л. тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу, сухі. Рэкі перасыхаюць на значнай частцы сваіх рэчышчаў або ператвараюцца ў ланцужкі засоленых азёр. Расліннасць паўпустынная і горна-стэпавая, вышэй за 2200 м — горныя лугі. У далінах лясы з грэцкага арэху, арчэўныя і фісташкавыя рэдкалессі, сады (міндаль, інжыр, яблыні і інш.), вінаграднікі, пасевы збожжавых. У гарах — паша. У межах К. — Капетдагскі запаведнік.