млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.
Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПАЎЗЕНЬзвычайны
(Sitta europaea),
птушка атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, парках, старых садах, трапляецца ў населеных пунктах. Гнёзды ў дуплах. Трымаецца паасобку або парамі. На Беларусі гняздоўны, часткова аселы і вандроўны від.
Даўж. да 16 см, маса да 26 г. Шчыльны склад цела і моцныя лапы з учэпістымі кіпцюрамі прыстасаваны для перамяшчэння па ствалах і галінах дрэў. Корміцца насякомымі, лічынкамі, павукамі, насеннем. Адкладвае да 8 яец, двойчы за лета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА, кедраўка (Nucifraga caryocatactes),
птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.
Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУНДУКІ́ (Tamias),
род млекакормячых сям. вавёркавых атр. грызуноў. 18 відаў. Пашыраны пераважна ў хвойных лясах Паўн. паўшар’я. Найб. вядомы бурундук азіяцкі (T. sibiricus), пашыраны ў лясах паўн.-ўсх. Еўропы і ў Азіі.
Даўж. цела да 19 см, хваста да 12 см; маса да 145 г. Уздоўж спіны на жаўтавата-бурым фоне 5 чорных палос. Добра лазяць па дрэвах, гнёзды робяць у норах. Кормяцца насеннем дрэў, пупышкамі, грыбамі, ягадамі, зернем збожжавых злакаў. Восенню збіраюць вял. запасы ежы, якія выкарыстоўваюць вясной. Зімой у спячцы. Бурундук азіяцкі — носьбіт віруса клешчавога энцэфаліту. Промысел дзеля пушніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ІЧКІ,
група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.
Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).
Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),
род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).
Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.
Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎТАГАЛО́ВЫ КАРАЛЁК (Regulus regulus),
птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.
Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́КВЫ (Nycticorax),
род птушак сям. чаплевых атр. буслападобных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць калоніямі ў забалочаных лясах або па берагах вадаёмаў. У залежнасці ад віду актыўныя днём, у прыцемках ці ўначы. Найб. шматлікая кваква звычайная (N. nycticorax). На Беларусі трапляецца як залётны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Невял. птушкі (даўж. кваквы звычайнай да 60 см) з кароткімі шыяй і нагамі. Дзюба прамая, доўгая. Кормяцца рыбай, земнаводнымі, дробнымі беспазваночнымі. Гнёзды на дрэвах ці высокім хмызняку, часам на заломах трыснягу. Нясуць 2—5 (дробныя віды да 8) яец.