прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар.гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІДЗ ЭНД ЛЭГЗ»
(ад англ. leads and lags апярэджанні і адставанні),
тактыка маніпуліравання тэрмінамі правядзення разлікаў (паскарэнне або замаруджванне) з мэтаю атрымання фін. або інш. выгад. Ажыццяўляецца афіцыйна, праз змены бакамі тэрмінаў і ўмоў плацяжу, або шляхам невыканання адным з партнёраў умоў здзелкі. У знешнім гандлі «Л.э.л.» выкарыстоўваецца пры чаканні рэзкіх змен валютных курсаў (асабліва пры дэвальвацыі і рэвальвацыі) і працэнтных ставак, няўстойлівасці валютных пазіцый бакоў, верагоднасці змен рэжыму рэгулявання знешнегандл. аперацый, сістэмы валютных абмежаванняў, падаткаабкладання (гл.Падаткі) і інш. «Л.э.л.» можа выкарыстоўвацца і ва ўнутр. плацежным абарачэнні.
англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКУПНА́Я ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць грашовай адзінкі быць абмененай на пэўную колькасць тавараў і паслуг; здольнасць насельніцтва абменьваць заробленыя (накопленыя) сродкі на тавары (купіць іх у дзярж., каап. і інш.гандлі) і аплату розных паслуг. П.з. грошай вызначаецца індэксам, адваротным індэксу цэн і тарыфаў на паслугі: калі індэкс цэн і тарыфаў за пэўны час знізіцца, то індэкс П.з. грошай павысіцца (гл.Індэкс пакупной здольнасці). П.з. насельніцтва залежыць ад узроўню аплаты працы, пенсій, стыпендый і інш. выплат, грашовых накапленняў насельніцтва, таксама і ад узроўню цэн на тавары, прадукты харчавання, паслугі, накіраваныя на задавальненне пэўных патрэб чалавека (гл.Узровень жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКО́ЛЬ,
від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1933 у Мінску як Бел.ін-тнар. гаспадаркі на базе эканам. аддзялення БДУ. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: менеджменту; міжнар.эканам. адносін і рэгіянальнага кіравання; фінансава-эканам.; уліку і статыстыкі; банкаўскай справы; улікова-эканам.; эканомікі і кіравання ў гандлі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961, дактарантура з 1984. Мае 2 праблемныя лабараторыі, 2 даследчыя і 2 кансультацыйныя цэнтры, больш за 20 лабараторый вылічальнай тэхнікі; друкарню, музей гісторыі ун-та. У складзе ун-та вышэйшая школа кіравання і бізнесу; створана міжнар. маладзёжная арг-цыя па абмене студэнтамі і працамі «AIESEC» (айесэк). Выдае час. «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта».
Галоўны корпус Беларускага эканамічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ГА́НДАЛЬ,
сукупнасць знешняга гандлю розных краін свету; працэс сусв. гандлю. Зыходныя прынцыпы М.г. сфармуляваў у 1919 шведскі вучоны Э.Ф.Хекшэр, у 1930-я г. развіў яго вучань Б.Олін. Паглыбленне тэарэт. уяўленняў пра М.г. звязана з развіццём у пач. 1950-х г. практычнага эканоміка-матэм. мадэліравання (В.Лявонцьеў, М.Дуглас). На тэарэт. узроўні адрозніваюць аўтаркію (урад краіны стварае такую сістэму абмежаванняў, што знешні гандаль робіцца нявыгадным, настае ізаляцыя краіны ад знешняга свету), і сістэму свабоднага гандлю (адсутнічаюць абмежаванні ў гандлі). Павелічэнне гандл. абмежаванняў, або палітыка пратэкцыянізму, забяспечвае ахову інтарэсаў унутр. вытворцы, а іх зняцце, або лібералізацыя, садзейнічае павелічэнню знешнегандл. абароту краіны і выцясненню неканкурэнтаздольнай прадукцыі імпартнымі таварамі. Выбар форм і спосабаў удзелу краін у М.г. вызначае стратэгію правядзення дзярж. інвестыцыйнай палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ (Gorzów Wielkopolski),
горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сцьсінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).
Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам I як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.