ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,

міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.​В.​Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш. сав. рэспублік, у т. л. БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.

Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.​Ластоўскага і міністра замежных спраў А.​Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.​Жавускага, З.​Красінскага, І.​Ходзькі, Ю.​Славацкага, Ю.​І.​Крашэўскага і інш.).

Літ.:

Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;

Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),

князь гродзенскі, трокскі, вял. кн. ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛ Скіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял. кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.

М.​І.​Ермаловіч.

Вітаўт. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,

адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.

Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял. кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.​І.​Булгакавым-Голіцам і І.​А.​Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары сабраў апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ кн. К.​І.​Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.​К.​Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс. чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.​Радзівіл, Я.​Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс. чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.

Літ.:

Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;

Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;

Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;

Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;

Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.

А.​П.​Грыцкевіч.

Аршанская бітва 1514. Гравюра 16 ст.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),

уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп. г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м. Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс. чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш. Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн. чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн. гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст. араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.​Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.

У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЕ́ВІЧ (Ніл Сымонавіч) (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд. філал. н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.​Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, І.​Лучанок, М.​Пятрэнка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;

Лісце трыпутніку. Мн., 1968;

Запаветнае. Мн., 1975;

Любоў прасветлая. Мн., 1996.

Літ.:

Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;

Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;

Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;

Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;

Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;

Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;

Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.

У.​М.​Конан, М.​У.​Мікуліч.

Н.С.Гілевіч.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,

адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял. Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс. чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.​Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн. чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.​М.​Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.​А.​Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп. сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна»ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.​М.​Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.​Т.​Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял. Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.

Літ.:

Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;

Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ. М., 1957. С. 186—202;

Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.

В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Курская бітва 1943. Мастак П.​А.​Крываногаў. 1949.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)