«БУ́ЛА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць дзве каманды. Кожная выбірае вядучага. Ён моцна б’е палкай з загнутым канцом па буле (драўляным шары) і гоніць яе па зямлі ў бок праціўніка, каманда памагае яму. Праціўнікі стараюцца перахапіць і вярнуць булу да ўмоўленай мяжы.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў ІВА́НАВІЧ (? — 29.4.1386),

вялікі князь смаленскі з 1358. Сын вял. кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял. кн. Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛ паўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл. Мсціслаўская бітва 1386).

А.​А.​Мяцельскі.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗСКІЯ ВО́ЙНЫ,

назва войнаў Прусіі супраць Аўстрыі за авалоданне Сілезіяй (належала Аўстрыі); састаўная частка вайны за Аўстрыйскую спадчыну. У выніку 1-й (1740—42) і 2-й (1744—45) С.в. большая частка Сілезіі была захоплена Прусіяй. Спроба Аўстрыі вярнуць Сілезію ў ходзе Сямігадовай вайны 1756—63 (часам яе наз. 3-й С.в.) была безвыніковай.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С I (?—2.5.907),

князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг. князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,

дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДА́ТАК,

грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́ШЧУР»,

«Яшчар», старадаўні бел. нар. танец-гульня. Пачынаўся карагодам вакол хлопца-«Я.», які знаходзіўся ў цэнтры. Пад гукі аднайм. песні дзяўчаты па чарзе танцавалі з т.зв. «Я.» і аддавалі яму «вянок» (хустку, пояс, пярсцёнак і г.д.). Потым пачынаўся выкуп «вянкоў». Кожная дзяўчына з паклонам і песняй прасіла вярнуць ёй «вянок». Каб атрымаць «вянок» дзяўчына павінна была станцаваць, спець ці выканаць якое-н. інш. пажаданне «Я.» Меў шмат варыянтаў. Пашыраны пераважна ў Бел. Паазер’і.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАН у тэрмадынаміцы,

стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.

У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз. метастабільным станам.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н БЕЗЗЯМЕ́ЛЬНЫ (John Lackland; 24.12.1167, г. Оксфард, Англія — 19.10.1216),

англійскі кароль [1199—1216]. З дынастыі Плантагенетаў. Малодшы сын Генрыха II (гл. ў арт. Генрых), брат і наследнік Рычарда I Львінае Сэрца. У 1203—08 страціў б. ч. сваіх уладанняў у Францыі, у т. л. Нармандыю і Анжу. У выніку канфлікту з царквой (1207) пазбаўлены трона рым. папам Інакенціем III (1209), у 1213 прызнаў сябе яго васалам. У 1214 беспаспяхова спрабаваў вярнуць свае б. франц. ўладанні. У выніку паўстання баронаў, якіх падтрымалі рыцары і гараджане, вымушаны падпісаць Вялікую хартыю вольнасцей.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІПРУ́ГКАЯ СІ́ЛА,

пераменная сіла F→, якая дзейнічае на матэрыяльны пункт, прапарцыянальная і процілеглая па напрамку зрушэнню r→ пункта са становішча раўнавагі: F→ = −kr→ , дзе k — каэф. К.с. Квазіпругкімі з’яўляюцца сілы, што ўзнікаюць пры малых дэфармацыях пругкіх цел, датычная складальная сілы цяжару, якая дзейнічае на матэм. маятнік пры малых яго адхіленнях і інш. К.с. імкнецца вярнуць матэрыяльны пункт (M) у стан раўнавагі (O) і пры адсутнасці інш.. сіл выклікае гарманічныя ваганні пункта.

Да арт. Квазіпругкая сіла. F→ — сіла; k — каэфіцыент; r→ — зрушэнне; M — матэрыяльны пункт.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)