оптыка-механічная машына для вымярэння вонкавых і ўнутраных лінейных памераў. Мае межы вымярэнняў: ніжнюю ад 0 (для вонкавых памераў) і ад 13,5 мм (для ўнутраных) і верхнюю да 1, 2, 4, 6, 8 і 12 м.
Дэталь, якая кантралюецца, устанаўліваецца на прадметны стол або люнеты. Адліковым прыстасаваннем служыць трубка аптыметра або інтэрферометра. Вымярэнне ажыццяўляецца параўнаннем памераў рабочай і ўзорнай дэталей (пераважна канцавых мер) або прамым вымярэннем. Вымяральная машына выкарыстоўваецца пераважна для праверкі і настройкі нутрамераў, вымярэння вял. канцавых мер і кантролю вял. дэталей. У праграмавальнай вытв-сці пашыраны каардынатныя вымяральныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ МІКРАЧАСЦІ́Ц,
фізічны працэс, пры якім узаемадзеянне часціц (атамаў, малекул, нуклонаў, атамных ядраў і інш.) вядзе да змены іх імпульсу. Пры Р.м. з невялікай энергіяй выяўляюцца іх хвалевыя ўласцівасці і працэс нагадвае рассеянне святла, пры Р.м. з высокай энергіяй — карпускулярныя ўласцівасці. Бывае пругкае і няпругкае (разам са зменай імпульсу часціц змяняюцца іх унутр. станы ці ўтвараюцца новыя часціцы).
Важнейшая колькасная характарыстыка Р.м. — эфектыўнае сячэнне, вымярэнне якога дае магчымасць даследаваць унутр. структуру часціц і вывучаць законы іх узаемадзеяння (гл.Рэзерфарда формула). Класічная тэорыя Р.м. грунтуецца на законах класічнай механікі. У квантавамех. тэорыі Р.м. апісваецца матрыцай рассеяння, праз элементы якой выражаюцца вымераныя фіз. велічыні (сячэнне рассеяння, палярызацыя часціц і інш.). Р.м. пры высокіх энергіях апісваецца метадамі квантавай тэорыі паля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць фіз. і фізіка-хім. метадаў вызначэння колькасці ці колькасных суадносін кампанентаў у аналізуемым узоры; адзін з асн. раздзелаў аналітычнай хіміі. Кампанентамі, якія неабходна вызначыць, могуць быць атамы, ізатопы, малекулы, функцыян. групы, іоны, фазы і інш. (гл.Элементны аналіз, Функцыянальны аналіз). Класічныя метады К.а. — гравіметрычны аналіз і аб’ёмны аналіз.
У К.а. карыстаюцца інстр. метадамі, якія заснаваны на залежнасці фіз. і фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў ад іх саставу і падзяляюцца на электрахім., спектральныя ці аптычныя, рэнтгенаўскія, храматаграфічныя, мас-спектраметрычныя і інш. Методыка К.а. рэгламентуе стадыі правядзення аналізу: адбор пробы; падрыхтоўка пробы да аналізу; вымярэннеаналіт. сігналу — фіз. велічыні (аптычнай шчыльнасці, інтэнсіўнасці спектральнай лініі і інш.), што карэліруе з колькасцю вызначаемага кампанента; разлік вынікаў аналізу. Ствараюцца і камп’ютэрызаваныя экспрэсныя метады аналізу з высокай адчувальнасцю, дакладнасцю і ўзнаўляльнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),
бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.
Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́ЗМ, прамянізм,
кірунак у рус. авангардным жывапісе пач. 20 ст. Узнік у 1909 пасля экспазіцыі на выстаўцы Маскоўскага т-ва свабоднай эстэтыкі карціны М.Ларыёнава «Шкло». У 1910—14 да метаду Л. далучыліся Д.Бурлюк, У.Бурлюк, Н.Ганчарова, К.Зданевіч і інш. Сутнасць Л. выкладзена ў 1911 у аднайм. маніфесце Ларыёнава (апубл. ў 1913). Мастакі ставілі за мэту вывесці карціну па-за прастору і час у «чацвёртае вымярэнне» і сцерці межы паміж карціннай плоскасцю і натурай. У творах лучыстаў выяўляўся не сам прадмет, а адбітыя ад яго паверхні светлавыя промні, якія ўмоўна перадаваліся на плоскасці карціны каляровымі лініямі. Іх танальнасць і інтэнсіўнасць павінны былі надаваць сэнс новым формам.
Літ.:
Ларионов М. Лучизм. М., 1913;
Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ШНАЕ ПІСЬМО́,
апісанне зямельных уладанняў у гарадах і сельскіх мясцовасцях для пазямельнага абкладання ў Расіі 15—17 ст. Прадугледжвала вымярэнне зямельных плошчаў (у гарадах — забудаваных дварамі), перавод атрыманых звестак ва ўмоўныя падатковыя адзінкі — сохі (гл.Саха) і вызначэнне на гэтай аснове памеру прамых падаткаў — т.зв. пасошнага. Тэхніка С.п. (ажыццяўлялася спец. пісцом з падначаленымі яму пад’ячымі) змянялася ў адпаведнасці са зменай паняцця «саха» і набыла ўстойлівыя формы ў 16—17 ст. у кнігах сошнага пісьма. Поўныя апісанні гарадоў і паветаў з іх насельніцтвам, дварамі і катэгорыямі землеўладання складалі пісцовыя кнігі. У 1646 адзінкай для вылічэння пасошнага стаў двор і замест пісцовых кніг пачалі складаць перапісныя кнігі, якія ўтрымлівалі толькі перапіс двароў і іх насельніцтва, а ў 1679 двор стаў і адзінкай падаткаабкладання (гл.Падворнае абкладанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́НЦЫЯ НАВЯДЗЕ́ННЯ РАКЕ́Т,
комплекс прыстасаванняў для неперарыўнага вызначэння каардынат цэлі і пушчанай да яе ракеты, выпрацоўкі каманд навядзення і перадачы іх на борт ракеты. Каардынаты цэлі і ракеты вызначаюцца радыёлакацыйнымі, аптычнымі, інфрачырвонымі, лазернымі і інш. прыстасаваннямі суправаджэння цэлі і ракеты (адна- і многаканальнымі).
Прыстасаванне выпрацоўкі каманд навядзення — вылічальнае прыстасаванне, якое забяспечвае фарміраванне каманд навядзення ў адпаведнасці з абраным метадам навядзення, велічынёй і напрамкам адхілення ракеты ад кінематычнай траекторыі. Перадача на борт ракеты каманд навядзення і разавых каманд, якія мяняюць рэжым работы бартавой апаратуры, робіцца па шматканальных лініях сувязі (радыёлініях, аптычных, лазерных і інш.). Для павышэння канальнасці сувязі і скарачэння часу рэакцыі выкарыстоўваюцца многафункцыянальныя С.н.р., якія забяспечваюць пошук, знаходжанне (выяўленне), дакладнае вымярэнне каардынат цэлей і ракет, аўтаматызацыю ўсіх працэсаў апрацоўкі сігналаў і кіравання палётам ракет.
П.П.Якшонак.
Станцыя навядзення ракет зенітнага ракетнага комплексу С-75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТО́МЕТР (ад фота... + ...метр),
прылада для вымярэння фотаметрычных велічынь (асветленасці, светлавога патоку, сілы святла, яркасці), а таксама каэфіцыентаў прапускання і адбіцця святла. Прасторава абмяжоўвае паток выпрамянення і рэгіструе яго прыёмнікам выпрамянення з зададзенай спектральнай адчувальнасцю.
Адрозніваюць Ф.: візуальны (зрокавы; прыёмнік святла — вока назіральніка) і фізічны (прыёмнік — фотаэлемент, фотарэзістар, тэрмаэлемент). Для градуіроўкі Ф. выкарыстоўваюць светлавы эталон. Непасрэднае вымярэнне светлавога патоку (па адным вымярэнні) робяць шаравым (інтэгральным) Ф. Да Ф. належаць дэнсітометр, колераметр, люксметр, мікрафатометр, яркамер, спектрафатометр (вымярае адносіны інтэнсіўнасці 2 светлавых патокаў у залежнасці ад даўжыні хвалі). Выкарыстоўваюць у фізіцы, астраноміі, святлатэхніцы, фатаграфіі і інш.
Схема фатометра: а — размеркавальнага (1 — люстэрка, паварот якога адлічваецца па вугламерным лімбе; 2 — крыніца святла; 3 — экран; 4 — прыёмнік выпрамянення); б — шаравога (1 — мікраамперметр; 2 — фотаэлемент для вымярэння яркасці шкла; 3 — акно, укрытае малочным шклом; 4 — экран; 5 — крыніца святла; 6 — сфера, унутраная паверхня якой укрыта белай дыфузна-адбівальнай фарбай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАМЕ́ТРЫЯ (ад фота... + ...метрыя),
раздзел фізічнай оптыкі, які вывучае вымярэнне светлавых велічынь. Пачатак Ф. пакладзены ў 17 ст. (І.Кеплер). Развіццю Ф. спрыяла ўстанаўленне Бугера—Ламберта—Бэра закону і Ламберта закону. Тэарэт. абагульненне Ф. ў працах рас. вучонага А.А.Гершуна (1930-я г.).
Асн. задачы Ф.: распрацоўка тэорыі і метадаў вымярэння характарыстык святла пры яго выпрамяненні, распаўсюджванні, паглынанні, рассеянні; вызначэнне светлавых велічынь (сілы святла, светлавога патоку, асветленасці, яркасці); устанаўленне светлавых адзінак. Метады даследавання падзяляюцца на візуальныя, заснаваныя на ўспрыманні святла вокам, і аб’ектыўныя, дзе прыёмнікамі светлавой энергіі служаць балометры, тэрмаэлементы, фотаэлементы. Светлавыя велічыні вымяраюць фатометрамі.
Літ.:
Бугер П. Оптический трактат о градации света: Пер. с фр.М., 1950;
Гершун А.А. Избранные труды по фотометрии и светотехнике. М., 1958;
Гуревич М.М. Фотометрия: теория, методы и приборы. 2 изд Л., 1983.
А.Б.Гаўрыловіч.
Да арт.Фотамастацтва. Б.Канопка. Парыж. Вуліца Мантмарэнсі. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,
сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці і сац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам. аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі і г.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі і інш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).