СЕРАБРАКО́Ў Павел Аляксеевіч (28.2.1909, г. Валгаград, Расія — 17.8.1977),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930), выкладаў у ёй (з 1939 праф.; у 1938—51 і з 1961 рэктар). Вядомы як інтэрпрэтатар фартэпіяннай музыкі Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, першы выканаўца шэрагу твораў сав. кампазітараў. Ігра С. была адметная віртуознасцю, маштабнасцю, эмацыянальнасцю.

Літ.:

Растопчина Н. П.​А.​Серебряков. Л., 1970.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАКІ́Р (араб., літар. — бядняк, жабрак),

выканаўца ў цырку ці на эстрадзе нумароў, заснаваных на дэманстрацыі неадчувальнасці цела да фізічнай болі. Сярод трукаў, якія выконваюць Ф., — хаджэнне басанож па лёзах шабляў, бітым шкле, па вуголлі, якое гарыць, глытанне агню, жаб, рыб і інш., пратыканне вострымі прадметамі рук, ног, языка і інш. Ф. наз. таксама мусульманскага вандроўнага манаха (гл. ў арт. Дэрвіш).

т. 16, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЦДЖЭ́РАЛД, Фіцджэральд (Fitzgerald) Эла (25.4.1918, г. Ньюпарт-Ньюс, ЗША — 14.6.1996), амерыканская негрыцянская спявачка, аўтар песень. З 1934 салістка джаз-аркестра Ч.​Уэба і інш. Выканаўца джазавай і папулярнай музыкі, майстар блюза, вак. імправізацыі (празвана «першай лэдзі джаза»). Выступала з Л.Д.Армстрангам, К.​Бейсі, Дж.​Гілеспі, Дз.Элінгтанам і інш. Здымалася ў кіно («Блюз Піта Келі» і інш.).

Літ.:

Ambor R. Ella. Ein Bildband. Hamburg, 1961.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙФЕЦ (Heifetz) Яша [Іосіф Робертавіч (Рувімавіч); 2.2.1901, Вільнюс — 12.12.1987], амерыканскі скрыпач, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў І.​Налбандзяна, Л.Аўэра. З 1917 у ЗША. З 1962 выкладаў у Паўд-Каліфарнійскім ун-це. Яго выканаўчай манеры характэрны віртуознасць, экспрэсія, маст. інтэрпрэтацыя. Першы выканаўца шматлікіх, у т. л. прысвечаных яму, твораў. У рэпертуары класічныя, а таксама забытыя і рэдка выконваемыя творы. Аўтар больш як 100 транскрыпцый для скрыпкі і інш.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАДНІЧЭ́НКА Ніна Данілаўна (н. 7.11.1947, в. Лісава Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (1-ы альт). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1972). З 1969 у Дзярж. акад. нар. хоры імя Г.​Цітовіча. Валодае прыгожым выразным голасам шырокага дыяпазону, сцэн. культурай. Выканаўца (сола і ў дуэце) многіх твораў бел. кампазітараў, нар. бел., рус. і ўкр. песень.

т. 17, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛІН Эдуард Аляксандравіч (н. 7.1.1963, в. Вял. Нямкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі ун-т (1984). Настаўнічаў. З 1990 заг. філіяла Літ. музея М.​Багдановіча ў Мінску. Аўтар зб. «Пяшчота ліўня» (1990), «Крыло анёла» (1995). Актуальнасць праблематыкі, лірызм, задушэўнасць — асн. рысы яго паэзіі. Паэма «Шлях да радзімы» прысвечана памяці М.​Багдановіча. Аўтар і выканаўца песень на свае вершы і музыку.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГЕР (Seeger) Піт (н. 3.5.1919, г. Нью-Йорк),

амерыканскі спявак, кампазітар, паэт. Выканаўца блюзаў, спірычуэл, балад, антыфаш. песень, песень пратэсту (пад уласны акампанемент на банджа ці гітары). Узначальваў рух за адраджэнне амер. нар. песні. У рэпертуары таксама песні рас. кампазітараў і рус. нар. песні. Здымаўся ў кіно. Складальнік зб. амер. нар. песень, аўтар падручніка «Як іграць на 5-струнным банджа» (2-е выд. 1954).

К.М.Г.Сігбан.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧО́БАТЫ»,

бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.

М.​А.​Козенка.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ Сямён Іосіфавіч (24.5.1920, в. Засарыхіна Гарадзецкага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 16.12.1980),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1952). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў, спалучаў псіхал. і пластычны малюнак вобраза. Сярод роляў: Сенатар («Францыск Скарына» А.​Петрашкевіча), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі).

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕНКА Барыс Леанідавіч (23.7.1910, г. Кіраваград, Украіна — 23.9.1944),

бел. акцёр. Вучыўся ў Адэскім муз.-драм. ін-це імя Бетховена (1929—31). Працаваў у 1-м Кіеўскім рабочым т-ры. З 1934 у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у БДТ-1. Выканаўца характарных роляў: Ясь («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча), Мацейка («Прымакі» Я.​Купалы ў спектаклі «Вечар камедый»), Фабіо («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)