ВЕРАТРА́ГНА,

у старажытнаіранскай міфалогіі бог вайны і перамогі. Звязаны з богам сонца Мітрам, можа пераўвасабляцца ў вецер, быка, каня, вярблюда, барана, казла ці ў прыгожага воіна. Вератрагна падараваў прароку Заратуштру мужчынскую сілу, дужасць рук і цела, вастрыню зроку. У «Малодшай Авесце» Вератрагна ўключаны ў лік божастваў язатаў.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛС (галанд. hals),

1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.

2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФГА́НЕЦ,

мясцовы паўд.-зах. або паўд. вецер, які дзьме з Афганістана ў раёны зах. Паміра і вярхоўі Амудар’і. Сухі, моцны (скорасць 17—25 м/с), вельмі пыльны. Узнікае пры ўварванні халодных паветраных масаў у паўд. раёны Сярэдняй Азіі. У г. Тэрмез (Узбекістан) бывае да 70 дзён за год. Прыгнечвае расліннасць, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,

сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім. састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,

марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСТРА́ЛЬ (франц. mistral ад лац. magistralis кіруючы),

моцны парывісты і халодны сухі вецер паўн.-зах. кірунку, які дзьме ў Францыі з Севенаў і паўд.-зах. адгор’яў Альпаў у даліну р. Рона (дзе часам дасягае скорасці 50 м/с) і на Міжземнаморскае ўзбярэжжа. Адзначаецца на працягу ўсяго года, але часцей зімой (часам некалькі дзён запар). Выклікае моцныя хвалі на моры, наносіць пашкоджанні пасевам; падобны на бару.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́ТАВА (Раіса Салтамурадаўна) (н. 30.12.1928, г. Грозны),

чэчэнская паэтэса. Нар. паэтэса Чэчні (1977). Старшыня Вярх. Савета Чэчэна-Інгушскай АССР (1963—85). Піша на чэч. і рус. мовах. У зб. вершаў «Рэспубліка родная» (1958), «Бі мне, вецер, у твар» (1959), «Іду да цябе» (1960), «Ля крыніцы» (1969), «Дабрыня» (1973), «Чынара, якая спявае» (1976), «Сустрэча» (1978) і інш. піша пра Радзіму, апявае каханне, сям’ю, дружбу; стварыла вобраз сучаснай жанчыны-гаранкі.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІКА́ДЗЕ (яп., літар. свяшчэнны вецер),

назва лётчыкаў ВПС і марской авіяцыі Японіі, якія станавіліся добраахвотнымі смертнікамі ў 2-ю сусв. вайну. К. кіраваў самалётам, які нёс бомбу ці зарад выбуховых рэчываў да моманту сутыкнення з варожым аб’ектам. Першы вылет К. зроблены 21.10.1944. Эфектыўнымі былі не больш за 20% іх вылетаў. Паводле звестак ЗША, яны патапілі 45 і пашкодзілі 300 баявых караблёў. У пераносным сэнсе К. — самаахвярны фанатык-смертнік.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,

пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)