КАМІКА́ДЗЕ (яп., літар. свяшчэнны вецер),

назва лётчыкаў ВПС і марской авіяцыі Японіі, якія станавіліся добраахвотнымі смертнікамі ў 2-ю сусв. вайну. К. кіраваў самалётам, які нёс бомбу ці зарад выбуховых рэчываў да моманту сутыкнення з варожым аб’ектам. Першы вылет К. зроблены 21.10.1944. Эфектыўнымі былі не больш за 20% іх вылетаў. Паводле звестак ЗША, яны патапілі 45 і пашкодзілі 300 баявых караблёў. У пераносным сэнсе К. — самаахвярны фанатык-смертнік.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)