ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),
военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ШАЛЬ (Францішак Вінцэнтавіч) (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),
вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл.Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал.вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл.Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час.«Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел. войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГАЙ»,
бел. культурна-асветная арг-цыя ў Адэсе ў снеж. 1917 — лют. 1920. Аб’ядноўвала бел. інтэлігенцыю (у 1918 больш за 500 чл.). Мэта — клопат пра бежанцаў 1-й сусв. вайны і бел. насельніцтва ў Адэсе. Стаяла на паліт. платформе партыі бел. эсэраў, выступала за нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа. Выдавала газ. «Белорусы в Одессе». «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыі ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй (28.1.1918), рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Зах. вобласці і фронту Усебел. з’езда ў Мінску (3.3.1918), супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавору (7.4.1918). 19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Бел.вайсковай рады створана Бел.нац. рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада выбрала Бел.нац. камісарыят, у які ўвайшлі Я.Трафімаў, С.М.Некрашэвіч, А.В.Баліцкі, Г.Я.Козел, П.Н.Гудзень, П.В.Ільючонак, С.А.Янушкевіч, А.Ф.Ляжневіч, І.І.Мацюкевіч, П.Пячонкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел.нац.-вызв. руху ў кастр.—снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.А.Адамовіч (старшыня), А.У.Прушынскі (Алесь Гарун) і А.А.Смоліч (нам. старшыні), Л.А.Сівіцкая (Зоська Верас) і А.Сакалоўскі (сакратары) і інш.К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.Я.Варонка, Б.А.Тарашкевіч, З.Х.Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).
ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел.нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел.абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЦКІЯ,
бел. размалёўшчыкі шкла. У 2-й пал. 18 ст. працавалі на шклагутах Радзівілаў.
Мікалай (?—1794). Працаваў на гуце ў Налібаках, з 1739 ва Урэччы. Быў першым размалёўшчыкам па шкле, ствараў эскізы люстэркаў. У 1775—81 працаваў на мануфактуры Хадкевічаў у Чарнобылі, потым ізноў ва Урэччы. Гравіраваў узоры на шкляных пластах і рамах для люстэркаў, аздабляў дробную шкляную пластыку.
Ян (?—?), відаць, сын Мікалая. Да 1744 і пасля 1750 працаваў у Налібаках, паміж імі — ва Урэччы. Быў памочнікам Мікалая, потым першым мастаком. Аздабляў келіхі манаграмамі і гербамі, келіхі накшталт «флейтаў» — гравіраванымі арламі і сардэчкамі, бутэлькі — вайсковай атрыбутыкай і ініцыяламі, уплеценымі ў выцягнуты арнамент. У 1781 дэкарыраваў 190 шкляных прыбораў для Радзівіла (Мацея?), у 1781—84 аздобіў прыборы для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у т. л. келіх з каралеўскім гербам і манаграмай. У 1784—85 стварыў набор шклянак з гравіраванымі яўр. літарамі.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РКА (Васіль Іванавіч) (1.4.1877, в. Дабрасельцы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.3.1943),
бел.паліт. дзеяч. З 1895 настаўнік, пісар. У 1898—1902 і 1904—17 на вайск. службе. Чл.Бел.сацыяліст. грамады, чл.ЦКБел. партыі сацыялістаў-федэралістаў. Адзін з арганізатараў з’езда бел. вайскоўцаў Зах. фронту (22.10.1917), сакратар Цэнтр.бел.вайсковай рады. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, казначэй. Займаў розныя міністэрскія пасады ва ўрадах БНР. Пасля расколу рады БНР (13.12.1919) нам. старшыні Прэзідыума Народнай рады БНР. На 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага) быў нам. старшыні. На 2-й Усебел. канферэнцыі (кастр. 1925, Берлін) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нац.-дзярж. адраджэння Беларусі, застаўся ў эміграцыі ў Празе, быў нам. прэзідэнта Рады БНР. З 8.3.1928 да 6.3.1943 прэзідэнт эмігранцкай рады БНР. Збіраў архіў БНР, узначальваў т-ва «Беларуская рада». Аўтар працы «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апубл. ў кн. «Беларуская дзяржаўнасць: Хрэстаматыя і бібліяграфія», Нью-Йорк, 1988). Пахаваны ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЯР (Раман Аляксандравіч) (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВКЛіт.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.В.Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл.Чл.ЦК і Бюро ЦККП(б)Б у 1925—29. Чл.ЦВКЛіт.-Бел. ССР у 1919, ЦВКБССР у 1927—29, ЦВКСССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НЬКА (Язэп Аляксеевіч) (28.1. 1889, в. Залессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. —10.9.1937),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў 3 курсы камерцыйнага ін-та ў Празе (1925). У 1907—17 чл. партыі рас.сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з кастр. 1917 чл.БСГ, у 1918—24 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Дэлегат ад 12-й арміі 3-га з’езда БСГ (кастр. 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегат 1-га Усебел. з’езда 1917. Чл.Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Пасля ўтварэння БПС-Р чл. яе кіраўніцтва, з 1921 чл. Бюро ЦК. Чл. Прэзідыума рады БНР (снеж. 1919). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і польскімі ўладамі. У 1920-я г. жыў у Літве, Чэхаславакіі, Польшчы, Латвіі. Удзельнік дзвюх Усебел. канферэнцый: у Празе (1921) і Берліне (1925), дзе выступіў супраць самароспуску ўрада БНР. У вер. 1928 атрымаў візу для пераезду ў СССР, дзе адразу пасля прыезду быў арыштаваны. У 1929 прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1989 і 1993.