ЛАЎРО́ЎСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 29.10.1941, Тбілісі),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Сын Л.М.Лаўроўскага. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980, педагог Р.Захараў). У 1961—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Маст. кіраўнік Т-ра імя Паліяшвілі (Тбілісі, 1983—85). Класічны танцоўшчык рамантыка-трагедыйнай накіраванасці. Сярод партый: Блакітная птушка, Зігфрыд, Шчаўкунок («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ферхад («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета», джаз-балет на муз. оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна (абедзве 1983) у т-ры імя Паліяшвілі; тэлебалеты і інш. Аўтар успамінаў пра бацьку. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэмія В.Ніжынскага (Парыж, 1972). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Літ.:
Лопухов Ф. Российские апостолы танпа // Сов. балет. 1986. № 6.
т. 9, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРО́ ((Perrot) Жуль Жазеф) (18.8.1810, г. Ліён, Францыя — 24.8.1892),
французскі артыст балета, балетмайстар; прадстаўнік рамант. стылю. Вучыўся класічнаму танцу ў А.Вестрыса. У 1830 дэбютаваў у Лондане. У 1830—35 выступаў у Парыжскай оперы. З 1834 гал. балетмайстар лонданскага Каралеўскага т-ра, дзе паставіў балеты «Аўрора», «Ундзіна, або Наяда» (абодва 1843), «Эсмеральда» (1844), «Эаліна, або Дрыяда» (1845), «Катарына, дачка разбойніка» (1846), «Чатыры пары года» (1848; усе Ц.Пуні). У 1848 у Мілане паставіў балет «Фауст» Дж.Паніцы, М.Косты і Дж.Баеці (т-р «Ла Скала»), У 1848—59 танцоўшчык і гал. балетмайстар у С.-Пецярбургу; ставіў балеты на сцэне пецярб. Вял. т-ра і выканаў у іх партыі Кола («Вайна жанчын, або Амазонкі дзевятага стагоддзя»), Зінгара («Газельда, або Цыганы»), Маркабомбы (аднайм. балет), Перыфета («Мармуровая прыгажуня»; усе Пуні) і інш. Сцвярджаў дзейсны характар танца, прыёмамі харэагр. пластыкі ствараў моцныя яркія сцэн. характары. Ставіў балеты на фантаст. сюжэты і ў жанры сац.-любоўнай драмы.
Т.М.Мушынская.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВА́НЕМУЙНЕ», Эстонскі акадэмічны тэатр «Ванемуйне»,
старэйшы т-р Эстоніі, які аб’ядноўвае оперу, драму, аперэту і балет. Засн. ў 1870 у Тарту па ініцыятыве эст. паэтэсы і драматурга Л.Койдула, п’есы якой паклалі аснову нац. драматургіі. Спектаклі ставіліся пры пеўчым т-ве «Ванемуйне» (ад імя бога песні ў эст. міфалогіі). З 1906 прафесійны. У 1966 прысвоена званне акадэмічнага.
т. 3, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЛА́ПАВА (Святлана Аляксандраўна) (н. 28.7.1956, г. Саратаў, Расія),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Саратаўскае харэаграфічнае вучылішча (1974). З 1974 салістка Дзярж. харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Выконвае сола ў шматлікіх пастаноўках (1-актовы балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэаграфічных мініяцюр «Бывай, XX стагоддзе!», фалькл. праграма «Добры вечар!» і інш.). Яе творчасці ўласцівы высокая тэхніка танца, пластычнасць, сцэн. тэмперамент.
т. 8, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),
расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.Саге, «Ода» Н.Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.Міё, «Матросы» Ж.Арыка, «Баль» В.Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.Пракоф’ева, К.Дэбюсі, М.Равеля, М. дэ Фальі, П.Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.
Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.
Літ.:
Плещеев А. С.Лифарь. Париж, 1938;
Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофьев М. Профили искусства. М., 1965;
Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.
т. 9, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),
французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.Д.Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.Ж.Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.Карнеля (1775; абедзве на муз. І.Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.
Літ. тв.: Рус. пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.
Л.А.Сівалобчык.
т. 11, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́Н ((Adam) Адольф Шарль) (24.7.1803, Парыж — 3.5.1856),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1844). Скончыў Парыжскую кансерваторыю, з 1849 яе прафесар. У 1839—40 жыў у Пецярбургу. Сцвердзіў рамант. кірунак у франц. балеце («Жызэль, або Вілісы», 1841, «Карсар», 1856, і інш.). У Пецярбургу напісаў балет «Пірат». Аўтар больш як 40 опер, у т. л. «Паштальён з Ланжумо» (1836). Выступаў як муз. крытык. Рымская прэмія 1825.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛА́НЦЬЕЎ (Юрый Васілевіч) (10.4.1919, г. Краснадар, Расія — 20.12.1983),
расійскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1940). З 1948 скрыпач-канцэртмайстар і асістэнт дырыжора Маскоўскага сімф. аркестра. З 1958 маст. кіраўнік і гал. дырыжор створанага ім эстрадна-сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыёвяшчання. Аўтар муз. твораў розных жанраў: рапсодыя «Адыгейскі зафак» (1973), «Камсамольская сімфонія» (1976), балет «Юнацтва» (1976—77) і інш.
Л.А.Шымановіч.
т. 14, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ЎХА ((Araujo) Лойпа) (н. 27.5.1941, Гавана),
кубінская артыстка балета. Пасля заканчэння школы пры трупе «Балет Алісіі Алонса» (1956) артыстка трупы, з 1966 і 1978 вядучая салістка Нац. балета Кубы, у 1974—77 — Марсельскага балета пад кіраўніцтвам Р.Пці. Сярод партый: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Вівета («Арлезіянка» на муз. Ж.Бізэ) і інш. Лаўрэат міжнар. конкурсаў балета ў Варне (1965), Маскве (1965), Парыжы (1970).
т. 1, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТСАН ((Bentzon) Нільс Віга) (н. 24.8.1919, Капенгаген),
дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)