ГАРЧАКО́Ў (Мікалай Міхайлавіч) (19.8.1898, С.-Пецярбург — 28.8.1958),
рускі рэжысёр і педагог, тэатразнаўца. Засл. дз. маст. Расіі (1943). Д-р мастацтвазнаўства (1948). Творчую дзейнасць пачаў у 1922 у 3-й Студыі МХТ, вучань Я.Б.Вахтангава. З 1924 (з перапынкамі) рэжысёр МХАТа. Сярод спектакляў: «Квадратура круга» В.Катаева (1928), «Мальер» М.Булгакава (1936), «Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана (1940), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, разам з І.М.Раеўскім) і інш. Адначасова маст. кіраўнік маскоўскіх т-ра Сатыры (1933—41 і 1943—48) і т-ра драмы (1941—43), дзе паставіў спектаклі: «Час, наперад!» Катаева (1947), «Рускія людзі» К.Сіманава і «Фронт» А.Карнейчука (абодва 1942). Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.
Тв.:
Беседы о режиссуре. М.; Л., 1941;
Режиссерские уроки К.С.Станиславского. Беседы и записи репетиций. 3 изд. М., 1952;
Режиссерские уроки Вахтангова. М., 1957.
т. 5, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАБЫ́ЛА»,
«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. усх.-слав. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел. Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.
М.А.Каладзінскі.
т. 7, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОН (сапр. Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч
(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.Вішнеўскім і У.Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990—91;
Пьесы и статьи о театре. М., 1980.
С.Ф.Кузьміна.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАСІ́НСКІ ((Łukasiński) Валяр’ян) (14.4.1786, Варшава — 27.2.1868),
польскі рэвалюцыянер. Афіцэр у войсках Варшаўскага герцагства, маёр. Удзельнік напалеонаўскіх паходаў 1807—13. З 1811 належаў да масонаў, адзін з заснавальнікаў (1819) падп. патрыят. арг-цыі «Нацыянальнае масонства»; пасля яе роспуску адзін з арганізатараў (1821) Патрыятычнага т-ва, мэтай якога былі абарона канстытуцыі 1815 і аб’яднанне б. зямель Рэчы Паспалітай у адзіную незалежную польскую дзяржаву. У 1822 арыштаваны, у 1824 прыгавораны да 7 гадоў зняволення, пасля спробы ўзняць бунт у крэпасці Замосце тэрмін зняволення падвоены. У пач. паўстання 1830—31 вывезены ў Шлісельбургскую крэпасць, дзе заставаўся да канца жыцця ў адзіночнай камеры. Аўтар «Дзённіка» (нап. 1863—64, выд. 1960). Постаць Л. знайшла адлюстраванне ў маст. л-ры (А.Міцкевіч, С.Выспянскі, В.Гансяроўскі, Т.Голуй).
Тв.:
Parniętnik. Warszawa, 1986.
Літ.:
Askenazy Sz. Łukasiński. T. 1—2. Warszawa, 1929.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр. СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Восіп) (Юзаф) Антонавіч (1757, б. хутар Казлоўскі, Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.3.1831),
кампазітар. Муз. адукацыю атрымаў у капэле св. Яна ў Варшаве. З 1775 настаўнік музыкі М.К.Агінскага ў Слоніме. У 1786—96 афіцэр рус. арміі. У 1799—1819 у Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу (з 1803 дырэктар музыкі). У апошнія гады жыцця разам з дачкой арфісткай М.Казлоўскай кіраваў хорам і аркестрам графа Мурамцава ў Прапойску (сучасны г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). Адзін з пачынальнікаў рус. раманса (найб. каштоўны зб. «Расійскія песні» з 30 твораў на тэксты рус. паэтаў). Аўтар героіка-патрыят. паланэзаў для хору і аркестра, у т. л. «Гром перамогі, гучы», манум. «Рэквіема» (1798), уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рус. праграмнага сімфанізму, музыкі да трагедый У.Озерава, Я.Княжніна, П.Каценіна і інш. Наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы.
Літ.:
Дадзіёмава В. Восіп Казлоўскі. Мн., 1995.
т. 7, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЁЛА ((Loyola) Ігнацій) (сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),
іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Быков А. И.Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАРЦІ́Н ((Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ) (21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),
французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн. гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).
Тв.:
Рус. пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.
А.В Хадановіч.
т. 9, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (Мікола) (3.1.1908, Варшава — 16.6.1999),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Скончыў Свіслацкую гімназію (1928) і вышэйшыя курсы ў Варшаве (пасля 1931). Настаўнічаў. У пач. 2-й сусв. вайны мабілізаваны ў польск. армію, трапіў у Вільню. Арганізатар і дырэктар настаўніцкіх курсаў, настаўнічаў у гімназіі ў Гродне. З 1943 афіцэр у Андэрса арміі. З 1946 у Англіі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, ініцыятар куплі ў Лондане будынка для Бел. дома. З канца 1951 у Аўстраліі, да 1968 працаваў на нафтаперапр. камбінаце. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага цэнтральнага камітэта, ініцыятар стварэння і шматгадовы кіраўнік бел. вячэрняй школы і бел. б-кі ў г. Мельбурн, быў карэспандэнтам газ. «Беларус» (Нью-Йорк) па Аўстраліі. Ініцыятар склікання Першага сусв. з’езда бел. эміграцыі (1948) і Першай сустрэчы беларусаў Аўстраліі (1976). Нам. старшыні Рады БНР па Аўстраліі. Чл. кіраўніцтва Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі (рэферэнт архіва і дакументацыі).
А.С.Ляднёва.
т. 11, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЧЭ́НКА (Іван Абрамавіч) (13.5.1894, в. Капачоўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1970),
бел. паліт. дзеяч. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1929). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У грамадз. вайну афіцэр белай арміі. У 1920 эвакуіраваўся ў Турцыю, дзе далучыўся да бел. нац. руху. У 1921 дыпламат, прадстаўнік урада БНР у Канстанцінопалі і ген. консул на Балканах, у 1922 нам. міністра замежных спраў БНР у Коўне. Заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. У 2-ю сусв. вайну з кастр. 1941 у Мінску ўзначальваў Беларускую народную самапомач (БНС), быў дарадчыкам ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Вясной 1943 абвінавачаны ў парушэнні статутных задач БНС, змешчаны з усіх пасад, 27.4.1943 пераехаў у Прагу. У 1943 у Празе арыштаваны гестапа па справе забойства Кубэ. З 1948 у эміграцыі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў Злучанага бел.-амер. дапамогавага к-та ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Выступаў з артыкуламі ў акупац. і эмігранцкіх выданнях.
т. 6, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)