РАДЫЁПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада для атрымання мадуляваных эл. ваганняў у дыяпазоне радыёчастот і іх наступнага выпрамянення з дапамогай антэны. Выкарыстоўваецца для радыёсувязі, радыёвяшчання, тэлебачання, радыёнавігацыі, радыёлакацыі і інш.

Асн. вузлы Р. — генератар, мадулятар і крыніца сілкавання. Канструкцыя Р. залежыць ад спосабу атрымання высокачастотных ваганняў, дыяпазону рабочых хваль, прызначэння і магутнасці Р., віду сігналаў, якія павінны перадавацца, роду работы і інш. Бываюць стацыянарныя і рухомыя, адна- і многаканальныя. Паводле дыяпазону рабочых частот умоўна адрозніваюць нізка-, высока- і звышвысокачастотныя (нізка- і высокачастотныя Р. маюць вагальныя сістэмы з засяроджанымі параметрамі, звышвысокачастотныя — з размеркаванымі). Паводле роду работы існуюць тэлегр., тэлеф., аднапалосныя, імпульсныя і інш. Р. малой (да 100 Вт) і сярэдняй (да 10 кВт) магутнасці робяць на паўправадніковай элементнай базе, у выхадных каскадах магутных (да 1000 кВт) і звышмагутных (больш за 1000 кВт) Р. выкарыстоўваюцца электравакуумныя прылады.

У.​В.​Палзуноў.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯ сувязі,

сукупнасць тэхн. сродкаў і асяроддзя распаўсюджвання радыёсігналаў для забеспячэння радыёрэлейнай сувязі. Бывае аналагавая і лічбавая, стацыянарная і рухомая, адна- і многапралётная.

Стацыянарная многапралётная Р.л. будуецца ў выглядзе ланцуга прыёмна-перадавальных радыёстанцый (радыёрэлейных станцый; РРС), устаноўленых у межах прамой бачнасці (найб. пашырана). Для павышэння далёкасці сувязі паміж РРС іх антэны ўстанаўліваюць на мачтах (вежах) і на ўзвышаных месцах. Існуюць таксама трапасферныя Рл. у якіх выкарыстоўваецца адбіццё радыёхваль ад ніжняй мяжы трапасферы. Многапралётная Р.л. мае 2 канцавыя і шэраг прамежкавых і вузлавых РРС. Аднапралётная Р.л. ўтвараецца з 2 канцавых РРС, часта бывае рухомая і служыць, напр., для перадачы тэлевізійных праграм з рухомай тэлевізійнай станцыі на тэлецэнтр. Стацыянарныя аднапралётныя Р.л. служаць для арганізацыі сувязі праз перашкоды, напр., рэкі, а таксама для ўтварэння «ўставак» у магістральныя кабельныя, у т. л. валаконнааптычныя, лініі сувязі.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.

Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл. Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт. РАТАН-600.

А.​А.​Шымбалёў.

Радыётэлескоп у кратэры вулкана Арэсіба.

т. 13, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,

электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.

Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́ХУ О́РГАНЫ,

органы пачуццяў жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць пахі; перыферычны аддзел нюхальнага аналізатара, важнага дыстантнага хемарэцэптара.

Асн. элемент Н.о. — нюхальныя клеткі (у беспазваночных жывёл размешчаны на скуры ў спец. ямках ці вырастах, у пазваночных і чалавека — у поласці носа). Нюхальны эпітэлій чалавека высцілае верхнія насавыя хады, пл. каля 10 см². Эпітэлій складаецца з нюхальных і апорных клетак (апорныя выконваюць мех. і трафічную функцыі). Нюхальныя клеткі верацёнападобныя, з 2 адросткамі, колькасць іх у чалавека каля 10 млн., у сабакі 225 млн. Перыферычныя адросткі канчаюцца на паверхні нюхальнага эпітэлію булавамі (патаўшчэнні дыяметрам 2—3 мкм), якія маюць пучок з 10—12 рухомых антэн. Антэны знаходзяцца ў вязкай вадкасці складанага вугляводнага саставу, якая выдзяляецца баўменавымі залозамі. Наземныя пазваночныя і чалавек улоўліваюць пах лятучых рэчываў (з малекулярнай масай 17—300), якія трапляюць у поласць носа і раствараюцца ў сакрэце баўменавых залоз. Цэнтр. адросткі нюхальных клетак утвараюць правадніковы аддзел нюхальнага аналізатара. Гл. таксама Нюх.

Літ.:

Винников Я.А. Цитологические и молекулярные основы рецепции. Л., 1971;

Гистология. 5 изд. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЛЕ́КТАР (ад лац. reflecto адбіваю),

1) у тэхніцы — адбівальнік, прылада для змены кірунку эл.-магн., светлавых ці гукавых хваль. Складаецца з аднаго або некалькіх люстраў, якія забяспечваюць амаль поўнае адбіццё хваль, што падаюць на іх (шурпатасці адбівальнай паверхні меншыя за даўжыню хвалі). Для канцэнтрацыі адбітых хваль паверхня люстраў увагнутая (сферычная, парабалічная і г.д.). Выкарыстоўваецца ў акустыцы, астраноміі, радыётэхніцы (антэны), быце.

2) У астраноміі — тэлескоп з люстраным аб’ектывам. Відарысы свяціл (зорак, планет, Сонца і інш.), якія ствараюцца гал. увагнутым люстрам і сістэмай дапаможных люстраў (выпуклых ці плоскіх), разглядаюць у акуляр, фатаграфуюць ці рэгіструюць інш. святлопрыёмнікамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў Р. У параўнанні з рэфрактарам у Р. адсутнічае храматычная і меншыя астаткавыя аберацыі (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Самы вялікі ў свеце Р. знаходзіцца ў Спец. астр. абсерваторыі Рас. АН на Паўн. Каўказе (дыяметр гал. люстра 6 м).

Літ.:

Максутов Д.Д. Астрономическая оптика. 2 изд. Л., 1979.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Аптычныя схемы рэфлектараў: 1 — з галоўным фокусам; 2 — сістэмы Ньютана; 3 — сістэмы Касегрэна; 4 — сістэмы Грэгары; 5 — сістэмы Мерсена; 6 — сістэмы Несміта.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.

Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.

Літ.:

Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;

Атлас поверхности Венеры. М., 1989.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,

запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.

Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;

Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;

Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛЮ́Т»,

серыя сав. арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).

«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.​Ц.​Дабравольскі, У.​М.​Волкаў, В.​І.​Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.​І.​Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.​В.​Кавалёнак («С.-6» — двойчы).

У.​С.​Ларыёнаў.

Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)