ДЫБО́ЎСКІ (Бенядзікт Іванавіч) (30.4.1833, Мінская губ. — 31.1.1930),
заолаг. Чл. Польскай АН (1884). Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі ў Тарту (1851—57), Вроцлаве (1857—58), Берліне (1858-60). З 1862 праф. кафедры заалогіі Варшаўскага ун-та. У 1864 за ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ва Усх. Сібір, дзе пры падтрымцы Усх.-Сібірскага аддзела Рус.геагр.т-ва вывучаў фауну Прыбайкалля: апісаў фауну воз. Байкал і яго прыродныя ўмовы, фауну бас.р.Амур, берагоў Японскага м., Камчаткі, сабраў вял. калекцыю фауны Сібіры. У 1877 вярнуўся ў Польшчу. З 1879 зноў працаваў урачом у г. Петрапаўлаўск-Камчацкі, дзе працягваў даследаванні па зоагеаграфіі. У 1883—1906 заг. кафедры заалогіі ў Львоўскім ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭРА́Р ((Gérard) Франсуа Паскаль Сімон) (4.5.1770, Рым — 11.1.1837),
французскі жывапісец і літограф, прадстаўнік рамантызму. Каля 1782—83 вучыўся ў парыжскім «Каралеўскім пансіёне», у 1786—89 вучань Ж.Л.Давіда. Быў адным з афіц. партрэтыстаў Напалеона, потым Бурбонаў. Сярод твораў: партрэты Ж.Б.Ізабэ з дачкой (1795), Напалеона I у каранацыйным адзенні, імператрыцы Жазефіны (1801), мадам Рэкам’е (1802), мадам Талейран (1805), В.П.Качубея (1809) і інш., карціны «Псіхея і Амур» (1797), «Бітва пры Аўстэрліцы» (1810), «Уваход Генрыха IV у Парыж» (1817), «Каранаванне Карла X» (1829); дэкар. размалёўкі ў парыжскім Пантэоне (1810-я г.). Па малюнках Ж. гравіраваны ілюстрацыі да твораў Вергілія, Ж.Расіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р.Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ВАС (Катэрына Альбертавіч) (30.10.1775, г. Венецыя, Італія — 10.5.1840),
расійскі кампазітар, дырыжор. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Ф.Б’янкі. З 1799 служыў пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. З 1806 капельмайстар рус. оперы, з 1822 інспектар прыдворных аркестраў. З 1832 «дырэктар музыкі» імператарскіх т-раў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё рус.муз.т-ра. Сярод твораў (больш за 50): оперы «Ілья-волат» (1806), «Іван Сусанін» (1815), опера-вадэвіль «Казак-вершатворац» (1812); балеты «Зефір і Флора» (1808), «Амур і Псіхея» (1809), «Ацыс і Галатэя» (1816), «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» паводле А.Пушкіна (1823); патрыят. балеты-дывертысменты.
Літ.:
Сычева О. Кавос и русский музыкальный театр первой трети XIX в. // Стилевые особенности русской музыки XIX—XX вв. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́Я,
рака на Д. Усходзе Расіі, левы прыток р.Амур. Даўж. 1242 км, пл.бас. 233 тыс.км². Пачынаецца на паўд. схілах Станавога хр., цячэ па Верхнязейскай раўніне ў даліне з шырокай поймай. Прарэзвае хр. Тукурынгра і Сактахан, утварае скалістую цясніну — Зейскія Вароты. У межах Амурска-Зейскай раўніны даліна месцамі пашыраецца да 10—20 км. Ніжэй вусця р. Селемджа цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне па шырокай забалочанай даліне. Асн. прытокі: Ток, Мульмуга, Бранта, Гілюй, Уркан (справа), Купуры, Аргі, Дэп, Селемджа, Том (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з ліст. да пач. мая, у вярхоўі перамярзае. Сярэдні гадавы расход вады 1900 м³/с. Пашырана шматгадовая мерзлата. У бас. З. больш за 19,5 тыс. азёр агульнай пл. 1021 км². Суднаходная ніжэй Зейскай ГЭС і па вадасховішчы. Зейскі запаведнік. На З. — гарады Зея, Свабодны, Благавешчанск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р.Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.
Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.
Э.Р.Самусенка.
Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАСТ,
адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.
рускі скульптар і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у Н.Жыле і А.Ласенкі; пенсіянер АМ у Рыме (1774—79) і Парыжы (1779—80), дзе працаваў у 1788—90. З 1794 акад. і праф Пецярбургскай АМ. Прадстаўнік класіцызму, рысы якога спалучаў з жывапіснасцю барока. Творчасць прасякнута ідэямі асветніцтва, гуманізмам і эмацыянальнасцю. У ранніх творах адчуваецца імкненне да ўраўнаважанасці і строгай пластычнай формы (рэльефы для Мармуровага палаца ў Пецярбургу, 1787; «Няспанне Аляксандра Македонскага», 1780-я г.). Пазней ствараў пластычна тонкія, пастаральна-ідылічныя статуі («Амур спіць», 1792), творы нац.гіст. тэматыкі («Якаў Далгарукі разрывае царскі ўказ», 1797), алегарычныя ўвасабленні воінскай славы Расіі («Геркулес на кані», 1799; помнік А.Сувораву ў Пецярбургу, 1799—1801; «Самсон раздзірае пашчу льву», 1800—02). Развіваў мастацтва класічнага манум. надмагілля (П.Мялісіна, 1800; С.Строганавай, 1801—02). Аўтар малюнкаў «Расійская лазня» (1778), «Меропа» (1790), «Смерць Іпаліта» (1792) і інш. Сярод вучняў С.Піменаў і В.Дэмут-Маліноўскі.
Літ.:
Петров В.Н. М.И.Козловский, 1753—1802. 2 изд. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАДНЕ́ННЕ,
інтэнсіўнае затапленне вял. тэрыторыі ў выніку пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ, возеры або моры; адно са стыхійных бедстваў. Адзначаецца ў час разводдзяў, паводак, пры заторах, зажорах, прарывах дамбаў і плацін, у выніку нагонаў вады з мора ў вусці рэк, ад цунамі на марскіх узбярэжжах і астравах. Найб. катастрафічныя Н. здараюцца ў прывусцевой частцы рэк Ганг і Брахмапутра (Бангладэш), на рэках Місісіпі і Агайо (ЗША), Амур, Нява (Расія). Для тэр. Беларусі характэрны 3 віды Н. Веснавое Н. адзначаецца на ўсіх рэках у перыяд веснавога разводдзя. Іх узнікненню садзейнічаюць вял. намнажэнні снегу, халодныя зімы без адліг, позняе і дружнае раставанне снегу пры адначасовым значным выпадзенні ападкаў. Вял. веснавыя Н. назіраліся ў вярхоўях Дняпра і Зах. Дзвіны (1931), на рэках Нёман (1957), Прыпяць (1979). Летне-асеннія Н. бываюць пры інтэнсіўных ападках. Найб. адзначаны ў бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць (1974). Зімовыя Н. абумоўліваюцца моцным раставаннем снегу ў перыяд адліг. Бываюць пераважна ў бас. Нёмана і Зах. Буга. Найб. эфектыўны сродак барацьбы з Н. — рэгуляванне рачнога сцёку і абвалаванне.