ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ВА ў мовазнаўстве,

асноўная структурна-семантычная адзінка мовы. С. называе прадметы, з’явы, дзеянні, прыкметы і выражае розныя адносіны паміж імі. Выступае сродкам выражэння паняццяў пра цэлыя класы аднародных прадметаў і з’яў, адлюстроўвае ступені абстрагаванага пазнання рэчаіснасці, уступае ў сэнсавыя і грамат. сувязі з інш. С., служыць сродкам фарміравання і выражэння думак, выражае пэўныя адчуванні. пачуцці, эмоцыі ўдзельніка моўных зносін да выказанай ці ўспрынятай інфармацыі. Разнастайнасцю функцый С. тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае С. ў працэсе функцыянавання ў літ. і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы С. дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць С. як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўл. сродкаў у мове маст. л-ры. На ўжыванні С. ў пераносным значэнні засн. метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія; зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове маст. прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне). У якасці структурнай адзінкі мовы С. характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем). У творах маст. л-ры, асабліва ў паэзіі, маст.-выяўл. і экспрэсіўная выразнасць С. падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы На гукавой сугучнасці С. і іх частак засн. рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара). У С. вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напр., «снягір», «лістапад») і нематываванай («рука», «маці»). С. мае грамат. і лексічнае значэнне. Грамат. значэнне ўласціва адначасова цэламу класу ці вял. групе С. (напр., род, лік, склон характэрны для назоўнікаў, трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў). Лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным, яно непасрэдна суадносіцца з адпаведным паняццем, адрознівае змест кожнага слова ад інш. слоў. Сукупнасць усіх С. пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень наз. лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Уфимцева А.А. Слово в лексикосемантпческой системе языка. М., 1968;

Виноградов В.В. Избр. труды: Лексикология и лексикография. М., 1977;

Тимофеев Л.И. Слово в стихе. М., 1982;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Красней В.П. Грані слова. 3 выд. Мн., 1996.

В.​П.​Красней.

т. 15, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮМ (Hume) Дэйвід (26.4.1711, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 25.8.1776),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст і публіцыст. Сфармуляваў асн. прынцыпы агнастыцызму, адзін з папярэднікаў пазітывізму. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. У 1734—37 працягваў вывучаць філасофію ў Францыі, дзе напісаў свой гал. твор «Трактат аб чалавечай прыродзе» (выд. ў 1739). З 1741 публікаваў 49 эсэ на грамадска-паліт., маральныя і эстэт. тэмы. У 1753—62 працаваў над 8-томнай «Гісторыяй Англіі», напісаў антыклерыкальны трактат «Натуральная гісторыя рэлігіі» (1757). У 1763—66 сакратар брыт. пасольства ў Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Л.Д’Аламберам, П.А.Гольбахам, Д.Дзідро і інш. франц. асветнікамі. У сваёй апошняй працы «Дыялогі аб натуральнай рэлігіі» (выд. ў 1779) разглядаў пытанне пра існаванне Бога. На яго думку, верыць у Бога няма падстаў, але ёсць падстава апраўдваць веру як нейкую вярхоўную прычыну парадку ў Сусвеце («прычыну наогул»), якая, відаць, мае «некаторую аддаленую аналогію з чалавечым розумам». У тэорыі пазнання зыходзіў з таго, што першаснымі ўспрыманнямі з’яўляюцца непасрэдныя ўражанні знешняга вопыту (адчуванні), а другаснымі — пачуццёвыя вобразы памяці (ідэі) і ўражанні ўнутр. вопыту (афекты, жаданні, страсці). Адмаўляў аб’ектыўны характар прычыннасці і паняцце субстанцыі. Лічыў, што вера засн. на сіле прывычкі, яна не можа быць абгрунтавана розумам, бо розум другасны ў адносінах да пачуццёвага вопыту, які не выходзіць за межы нашых адчуванняў. У больш позніх працах агнастыцызм Ю. перастаў насіць радыкальны характар, а ўяўляў сабой «умераны скептыцызм»; ён не адмаўляў наяўнасці рэчаў і з’яў, якія выклікаюць успрыманні, а толькі падвяргаў сумненню, лічыў гэта справаю «анатамаў і прыродазнаўцаў». З пазіцый псіхічнага дэтэрмінізму Ю. абвяргаў прынцып свабоды волі і выступаў з крытыкай духоўнай субстанцыі, якая перарастала ў яго ў крытыку рэліг. веры. У працах па гісторыі, л-ры і мастацтве апісваў матывы паводзін, настроі і пачуцці людзей. Чалавек, паводле Ю., — істота слабая, схільная да памылак і капрызаў асацыяцый. У этыцы развіў канцэпцыю утылітарызму, у палітэканоміі падзяляў працоўную тэорыю вартасці А.Сміта. Ю. адмаўляў тэорыю грамадскага дагавору і лічыў, што гістарычна грамадства ўзнікла ў выніку разрастання сем’яў і павелічэння іх колькасці. Паводле Ю., умовай сац. справядлівасці з’яўляецца ўмацаванне інстытута прыватнай уласнасці як крыніцы стварэння законаў дзяржавы і сістэмы выхавання. У пытаннях маралі схіляўся да пазіцый эматывізму, а асновай маральных паводзін, побач з пачуццём сімпатыі і задавальненнем ад ажыццяўлення добрых учынкаў, лічыў прывычку, засн. на выхаванні. Ідэі фенаменалізму, асновы якога закладзены Ю., развіты ў вучэннях І.​Канта, Дж.​Міля, Г.​Спенсера і інш.; яны ўласцівы амаль усім пазітывісцкім канцэпцыям, эмпірыякрытыцызму, неапазітывізму, лінгвістычнай філасофіі.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование о человеческом разуме. М., 1995;

Малые произведения: Эссе. Естественная история религии. Диалоги о естественной истории религии. М., 1996;

Соч. Т. 1—2. М., 1996;

Трактат о человеческой природе: О познании. Об аффектах. О морали. Мн., 1998;

Англия под властью дома Стюартов. Т. 1. СПб., 2001.

Літ.:

Нарский И.С. Философия Давида Юма. М., 1967;

Яго ж. Давид Юм. М., 1973;

Дэвид Юм. Кант. Гегель. Шопенгауэр. Огюст Кон: (Биогр. очерки). СПб., 1998.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,

галіна бел. літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.​Купалы.

Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.​Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.​Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.​Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.​Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.​Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.​Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.​Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.​Купалы ў той час выказвалі С.​Палуян, Л.​Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.​Купалы даў М.​Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.​Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.​Купалы М.​Горкім, А.​Пагодзіным, І.​Свянціцкім, Д.​Дарашэнкам, Л.​Гірам, В.​Вегняровічам, С.​Руднянскім, Е.​Янкоўскім, А.​Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.​Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.​Купалам фальклору. Я.​Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.​Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.​Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.​Купалы зрабіў А.​Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.​Купалы — арт. М.​Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал. матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.​Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.​Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.​Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.​Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.​Купалы разглядаў І.​Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.​Купалы звяртаў увагу М.​Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.​Купалу з Т.​Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв. нац. рамантызмам. Ц.​Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.​Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.​Бэндэ, А.​Кучар. М.​Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.​Купалы звярнуўся Я.​Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.​Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.​Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.​Багушэвіча (Я.​Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.​Перкін, Шарахоўскі, І.​Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.​Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.​Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.​Коласа, К.​Чорнага, С.​Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.​Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.

Спадчына Я.​Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.​Купалы (М.​Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.​Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.​Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.​Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.​Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.​Коласа, М.​Лынькова, В.​Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.​Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.​Александровіч, Івашын, М.​Ларчанка, К.​Корсакас, М.​Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.​Юрэвіч, В.​Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.​Палітыка, М.​Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.​Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.​Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.​Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.​Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.​Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.​Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.​Лойка, В.​Каваленка, У.​Калеснік, У.​Казбярук, У.​Конан, М.​Арочка), структуры верша (Грынчык, І.​Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.​Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.​Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.​Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.​Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.​Купалы і Я.​Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.​Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.​Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.​Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.​С.​Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.​Кісялёў). В.​Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).

Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.​Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.​Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.​Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.​Купалы (А.​Сабалеўскі, Я.​Саламевіч, Б.​Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.​Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.​Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.​Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.​Метэрлінка, К.​Гамсуна, Г.​Гаўптмана, Ж.​П.​Сартра, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Дж.​Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.​Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.​Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.​Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).

К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.​Пяткевіча і Ч.​Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.​Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.​Грыб, Ф.​Грышкевіч, А.​Чэрны), Польшчы (А.​Баршчэўскі), Германіі (А.​Адамовіч, Я.​Запруднік, Х.​Ільяшэвіч, Я.​Карскі, М.​Куліковіч, М.​Маскалік, С.​Станкевіч), ЗША (Ю.​Віцьбіч, М.​Кавыль, М.​Панькоў, В.​Тумаш), Канадзе (К.​Акула, В.​Жук-Грышкевіч, У.​Сядура, С.​Хмара), Італіі (П.​Татарыновіч, В.​Сянкевіч), Англіі (А.​Макмілін, А.​Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.​Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.​Купалу выступілі Ю.​Віцьбіч, Я.​Кіпель, Куліковіч, І.​Плашчынскі, І.​Рытар, А.​Савёнак, З.​Станкевіч, М.​Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.​Калубовіч) і кн. С.​Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».

Літ.:

Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;

Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;

Сіненка Г.Д. Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;

Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр. Мн., 1980;

Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;

Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985.

І.​Э.​Багдановіч, І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)