ДУБЯНЕ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),

бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.​Распуціна (1982), «Клімко» Г.​Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.​Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.​Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.​Жаромскага (1985), зб. укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНІ́ЦТВА,

вытворча-тэрытарыяльная адзінка ў лясной гаспадарцы. Можа ўваходзіць у склад лясгаса або леспрамгаса. На замацаванай за ім тэрыторыі дзярж. ляснога фонду ажыццяўляе мерапрыемствы па вырошчванні, выкарыстанні і ахове лясоў, кантралюе работу лесанарыхтоўшчыкаў, дапамагае калгасам і саўгасам у арганізацыі і вядзенні гаспадаркі ў іх лясах, адпускае лес на пні і лесаматэрыялы, арганізуе і кантралюе нарыхтоўку грыбоў, ягад, лек. раслін, сена і інш. Асн. тэр. адзінка Л. — лясны квартал. Л. падзяляюцца на тэхн. ўчасткі (аб’езды), апошнія — на абходы. Адказны за вядзенне гаспадаркі ў Л. — ляснічы, у тэхн. участку — участковы тэхнік-лесавод, у абходзе — ляснік. На Беларусі (1999) 720 Л. сярэдняй пл. 9,25 тыс. га, у складзе якіх 1941 тэхн. ўчастак і 10,6 тыс. абходаў. Сярэдняя пл. тэхн. ўчастка 3,4 тыс. га, абходу — 630 га. У Л. могуць арганізоўвацца лясныя гадавальнікі, пункты па нарыхтоўцы і перапрацоўцы грыбоў і ягад. Л. ёсць у лясной гаспадарцы Расіі, многіх інш. краін свету.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАДЭ́ЛІ (Вано Ільіч) (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),

грузінскі і расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1957). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.​Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФ СССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.​Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Літ.:

Сеженский К. Вано Мурадели. М., 1962;

В.​Мурадели: Воспоминания и статьи. М., 1983.

В.І.Мурадэлі.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАЧЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іванавіч; 12.1.1917, г. Крупкі Мінскай вобл. — 10.8.1990),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў курсы пры Камуніст. ін-це журналістыкі (Мінск, 1936). Працаваў у прэсе. У 1954—60 адказны сакратар, нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1960—78 гал. рэдактар час. «Беларусь». Друкаваўся з 1932. Першыя кнігі для дзяцей (паэмы «Косця-чэкіст», 1938; «Пакет», 1939). У зб. «Сонца ў блакіце» (1949) лірычнае ўвасабленне тэмы Вял. Айч. вайны, вернасці Радзіме. Аўтар кніг паэзіі «Прыпар» (1956), «Сосны і дзюны» (1960), «Паясы» (1968), «Докшыцкі каравай» (1974). Для дзяцей і юнацтва выдаў кнігі «Насустрач жыццю» (1951), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыгоды Патапкі» (1958), «Лясныя казкі» (1967), «Мая мазаіка» (1971), «Рэха зямлі» (1978). Паэзіі К. ўласцівы традыцыйныя класічныя метрыка і строфіка, рэалістычна-канкрэтная вобразнасць, нар.-песенныя матывы і інтанацыі. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў, тэкстаў песень.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

Да берагоў запаветных: Кніга лірыкі. Мн., 1983.

Л.​М.​Гарэлік.

М.Калачынскі.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Георгій Лявонцьевіч) (3.5.1918, в. Прыганка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 9.8.1995),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Вучыўся ў Новасібірскім пед. ін-це (1940—41). З 1946 ваен. журналіст, у газ. «Калгасная праўда», з 1959 адказны сакратар, у 1966—78 намеснік гал. рэдактара час. «Нёман». Друкаваўся з 1943. Пісаў на рус. мове. Першы зб. апавяданняў — «У родным палку» (1956). Асн. тэма кніг апавяданняў «Паводка» (1958), «Гусі-лебедзі» (1968), апавяданняў і аповесцей «Паездка ў Трасцёну» (1977), «Памяць» (1978), аповесцей «За трыдзевяць планет» (1976), «Першае лета» (1985) і інш. — жыццё вёскі і горада, маральна-этычныя праблемы. Аповесці, што ўвайшлі ў трыпціх «На тым, на волжскім беразе» (1986) пра падзеі Вял. Айч. вайны. На рус. мову пераклаў асобныя творы М.​Багдановіча, Я.​Брыля, З.​Бядулі, Я.​Коласа, Б.​Мікуліча, А.​Савіцкага і інш.

Тв.:

В шести часах на автобусе: Рассказы и повести. М., 1986;

На дороге: Рассказы, повести. Мн., 1989;

За тридевять планет. Мн., 1990.

У.​А.​Жыжэнка.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНІ́МСКІ (Антон Антонавіч) (н. 13.10.1948, в. Салтанаўшчына Нясвіжскага р-на Мінскай вобл),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1988). Скончыў БДУ (1972). З 1982 нам. старшыні Бел. рэсп. праўлення Навук.-эканам. т-ва. З 1988 у Н.-д. эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. Адначасова з 1997 адказны сакратар «Беларускага эканамічнага часопіса». Навук. працы па праблемах навуказнаўства, рэгіянальнай эканомікі, развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Тв.:

Региональный научный комплекс: Формирование и организация управления. Мн., 1990;

Научный потенциал республики. Мн., 1991 (у сааўт.);

Теоретические и методологические основы структурной перестройки экономики Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.);

Малый бизнес в СНГ и Восточной Европе: трудности роста (середина — вторая половина 90-х гг.). М., 1997 (у сааўт.);

Наука стран Европы на пороге 111 тысячелетия. Киев, 1999 (у сааўт.);

Barriers for the development of small innovative enterprises in transition countries // Utilizing technology transfer to develop small and medium enterprises. Ser. 4. 2001. Vol. 27.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА́РНІК (Ян Барысавіч) (14.6.1894, г. Жытомір, Украіна — 31.5.1937),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, армейскі камісар 1-га рангу (1935). З 1915 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У рэв. дзейнасць уключыўся ў 1913, з 1916 чл. РСДРП. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл., сакратар Кіеўскага к-та РСДРП(б), чл. рэўкома. У 1918—20 чл. Усеўкраінскага падп. цэнтра; адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на Украіне, чл. РВС Паўд. групы 12-й арміі, камісар дывізіі, старшыня Адэскага, Кіеўскага губкомаў КП(б)У, Кіеўскага губвыканкома. З 1923 старшыня Дальрэўкома, крайвыканкома, сакратар Далькрайкома ВКП(б). З ліст. 1928 1-ы сакратар ЦК і чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. РВС Бел. ваен. акругі. З кастр. 1929 нач. Палітупраўлення Чырв. Арміі, чл. РВС СССР, адказны рэдактар газ. «Красная звезда». З 1930 нам. наркома абароны і нам. старшыні РВС СССР. Чл. ЦК ВКП(б) у 1927—37. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР у 1929. У час рэпрэсій абвінавачаны як «вораг народа», скончыў самагубствам. Рэабілітаваны ў 1955.

І.​П.​Хаўратовіч.

Я.Б.Гамарнік.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУЛЁЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),

рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял. Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.​Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.​Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.​Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.​Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.​Мележа, Я.​Скрыгана, У.​Краўчанкі, вершы А.​Астапенкі, А.​Вялюгіна, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш.

Тв.:

Наследники: Пьесы. Мн., 1971;

Признание: Избранное. Мн., 1976;

Прощайте, любимые: Повесть и рассказы. Мн., 1977.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ІР СЕН (сапр. Кім Сон Чжу; 15.4.1912, г. Пхеньян — 8.7.1994),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Генералісімус КНДР (1992). У 13-гадовым узросце эмігрыраваў з бацькамі ў Паўн.-Усх. Кітай, дзе ў 1931 уступіў у кіт. камуніст. партыю. У 1932 арганізаваў кар. партыз. атрады, на чале якіх ваяваў супраць яп. акупац. войск у Паўн.-Усх. Кітаі і Паўн. Карэі. У 1941 адступіў на тэр. СССР. У 1945 разам з сав. войскамі прыбыў у Карэю. У 1945—46 адказны сакратар паўн.-кар. Аргбюро Камуніст. партыі Карэі, у 1946—49 нам. старшыні ЦК Прац. партыі Паўн. Карэі, адначасова ў 1946—48 старшыня Часовага нар. к-та (з 1947 Нар. к-та) Паўн. Карэі. У 1948—72 старшыня Кабінета міністраў КНДР, у 1972—94 прэзідэнт КНДР. Адначасова з 1949 старшыня, з 1966 ген. сакратар ЦК Прац. партыі Карэі. У 1950—93 старшыня К-та абароны КНДР (да 1972 Ваен. к-т КНДР), адначасова вярх. галоўнакамандуючы (1950—94).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1987.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЕСТЬЯ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

перыядычнае выданне; орган выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 2—3 разы ў тыдзень. З 20 нумара наз. «Крестьянская газета «Земля и воля». У склад рэдакцыі да канца ліп. ўваходзілі; адказны рэдактар М.​Фрунзе, І.​Макрэеў, Д.​Фейнберг (сакратар). Публікавала справаздачы і рэзалюцыі губ. і пав. з’ездаў сял. дэпутатаў, пастановы сялянскіх сходаў, пісьмы чытачоў і інш. Асвятляла паліт. становішча ў краіне, мясц. падзеі. Імкнулася растлумачыць сутнасць агр. палітыкі ў вёсцы, заклікала ствараць зямельныя камітэты. У перыяд знаходжання ў рэдакцыі Фрунзе змяшчала матэрыялы бальшавіцкага кірунку. У жніўні яе рэдактарам стаў адзін з мясц. лідэраў партыі эсэраў І.​Несцераў. Пасля падзей, звязаных з бальшавіцкім выступленнем 3—5.7.1917, асуджэнне якога прагучала на старонках газеты, значнае месца пачалі займаць ідэалаг. матэрыялы, скіраваныя супраць бальшавікоў (арт. К.​Брэшка-Брашкоўскай, В.​Чарнова і інш.). Выйшла 39 нумароў.

Літ.:

Калмыков А.Г. М.В. Фрунзе на посту редактора «Крестьянской газеты» // Рабочий класс России. его союзники и политические противники з 1917 г.: Сб. науч. тр Л., 1989.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 8, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)