КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ВА́РТА»
(«Novaja varta»),
грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ПІН (Ігар Іванавіч) (н. 10.10.1941, г. Каменск-Уральскі Чэлябінскай вобл., Расія),
расійскі паэт.Чл.-кар.Міжнар. славянскай акадэміі навукі, культуры, мастацтва і адукацыі (1996). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1979). З 1971 у выд-вах «Сучаснік», «Савецкая Расія», у 1982—85 гал. рэдактар выд-ва «Дзіцячая літаратура», з 1993 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Друкуецца з 1959. У паэт. зб-ках «Міжрэччы» (1973), «Жыву табой» (1976), «Невеснавыя воды» (1978), «Не ў чыстым полі» (1979), «Лінія лёсу» (1981), «Сам-насам з табою, жыццё» (1985), «Акно, расчыненае ветрам» (1986), «Вятры дарог» (1988), «Яе завуць Расіяй» (1997), «Аўтограф» (1998) і інш. роздум пра час, лёс Расіі, славян, абавязак перад сваім народам, складанасць духоўнага свету сучасніка, тэма кахання. Яго паэзіі ўласцівы шчырая спавядальнасць, канкрэтнасць вобразаў, грамадзянскі тэмперамент, вострая публіцыстычнасць. Піша вершы і на бел. тэматыку («Беларусь», «Зачараваныя мае...» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,
мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш.дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСРЭ́ПАЎ (Габід Махмудавіч) (22.3.1902, аул Жанажол Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан — 31.12.1985),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Акад.АН Казахстана (1958). Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў Омскім с.-г. ін-це (1926—27). Друкаваўся з 1926. У кн. прозы «На імклівай хвалі» (1928), «Кос-Шалкар» (1935) падзеі грамадз. вайны. Раман «Салдат з Казахстана» (1949) пра подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны, раман «Абуджаны край» (1953, новы варыянт «Пад уладай чужых», 1974) пра рабочы клас Казахстана. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «На перавале» (1965), «Аднойчы і на ўсё жыццё» (1967, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Пераможца» (1975), паэмы ў прозе «Вобраз, які не сустрэўся» (1966, Дзярж. прэмія Казахстана 1968). Цыкл навел і раман «Улпан яе імя» (1976) прысвяціў тэме жанчыны, мацярынства. Выступаў як драматург: п’еса і лібрэта оперы «Кыз-Жыбек» (1934), «Амангельды» (з Б.Майліным, паст. 1937), «Трагедыя паэта» (1958) і інш. Аўтар літ.-крыт. і публіцыстычных кніг «Абавязак мастака» (1970), «Сляды часу» (выд. ў 1988). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі С.Міхальчук, З.Прыгодзіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗЯМЕ́ЛЬ,
комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні, мэтанакіраванай змене і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў як нац. здабытку і найважнейшага кампанента навакольнага асяроддзя; састаўная частка аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне прыродных і выкліканых вытв. дзейнасцю чалавека працэсаў трансфармацыі зямель, прагназавання іх вынікаў, вызначэнне кірункаў і мер па ахове глебаў як вядучай праблеме аховы зямель, планаванне экалагічна бяспечнага гасп. выкарыстання зямельных рэсурсаў у мэтах прамысл. і с.-г. вытв-сці, навуковае абгрунтаванне сістэм земляробства, утварэнне сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, спец. землеахоўнае інж.буд-ва, кантроль за забруджваннем зямель, выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш. Ажыццяўляецца праз уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва і інш.
На Беларусі ахова зямель — канстытуцыйны абавязак землекарыстальнікаў, канкрэтызаваны і ўвасоблены ў адпаведных нормах і палажэннях зямельнага заканадаўства, а таксама ляснога, воднага і інш. Па асобных пытаннях аховы зямель дзейнічаюць спец. пастановы і нарматыўныя акты. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове зямель ажыццяўляе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы зямель даследуюцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, Бел.рэсп. праектным ін-це па землеўпарадкаванні і інш. Па выніках навук. распрацовак складзена ген. схема выкарыстання зямельных рэсурсаў рэспублікі на бліжэйшую і далёкую перспектыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДЖАНІШВІ́ЛІ (Катэ) (сапр.Марджанаў Канстанцін Аляксандравіч; 9.6.1872, г. Кварэлі, Грузія — 17.4.1933),
грузінскі рэжысёр. Нар.арт. Грузіі (1931). З 1893 акцёр, рэжысёр груз. і рус. т-раў, з 1910 у МХТ. У 1913 арганізаваў у Маскве Вольны т-р, у якім імкнуўся стварыць атмасферу святочнай урачыстасці, ажыццявіць ідэю сінт.тэатр. мастацтва. З 1918 камісар т-раў Кіева. У 1919 паставіў героіка-рамантычны спектакль «Фуэнтэ авехуна» Лопэ дэ Вэгі. У 1920 у Петраградзе стварыў Т-р камічнай оперы, удзельнічаў у пастаноўцы масавых тэатралізаваных відовішчаў. З 1922 вядучы дзеяч груз.т-ра, яго рэфарматар; узначальваў Т-р імя Руставелі ў Тбілісі. У 1928 у Кутаісі заснаваў драм.т-р (з 1930 у Тбілісі, з 1933 імя М.). Сярод пастановак: «Дачнікі» М.Горкага (1904, Рыга), «Гамлет» У.Шэкспіра (1925), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1929), «Дон Карлас» Ф.Шылера (1933, Малы т-р). Мастацтву М. ўласцівы асучасненае вытлумачэнне класікі, яркая тэатральнасць, выразнасць масавых сцэн. У 1916 паставіў фільм «Каханне ўсёмагутнае». У 1924—29 рэжысёр і сцэнарыст у Дзяржкінпраме Грузіі. Сярод фільмаў: «Закон і абавязак» («Амок» паводле С.Цвэйга, 1927), «Авадзень» (паводле Э.Л.Войніч, 1928) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Махандас Карамчанд) (2.10.1869, г. Парбандар, Індыя — 30.1.1948),
мысліцель, грамадска-паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з лідэраў інд.нац.-вызв. руху, заснавальнік і ідэолаг гандзізму. Празваны Махатмам («вялікая душа»). Юрыдычную адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі. У 1893—1915 жыў у Паўд. Афрыцы. Філас. і грамадска-паліт. погляды Гандзі сфарміраваліся на аснове класічнай інд. філасофіі і пад уплывам ідэй прадстаўнікоў зах.-еўрап. (К.Маркс, Ч.Дарвін, ідэолагі фабіянскага сацыялізму) і рус. (П.А.Крапоткін, Л.М.Талстой) філас. і паліт. думкі. Асн. палажэнне яго філасофіі — атаясамліванне Бога і ісціны, спасціжэнне якой магчыма праз маральнае самаўдасканаленне чалавека, гуманіст. арыентаванасць яго думкі і дзеянняў; найважнейшы прынцып — гуманізм, які трактуецца як абавязак-людзей у барацьбе за здзяйсненне сваіх патрабаванняў і ідэалаў паважаць жыццё ва ўсіх яго праявах. Распрацаваў канцэпцыю сат’яграхі (літар. ўпартасць у ісціне) — сілы ісціны і любові, ненасілля, якія супрацьпастаўляюцца любым формам зла і насілля. Гандзі звязваў узвышанасць грамадскага ідэалу з чысцінёй сродкаў яго дасягнення. Адстойваў тэорыю інд. нацыі, цэласнасць незалежнай інд. дзяржавы, грамадз. і паліт. адзінства індусаў, сікхаў, мусульман і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь. М., 1969.
Літ.:
Роллан Р. Махатма Ганди: Пер. с фр.Л., 1924;
Датта Д. Философия Махатмы Ганди: Пер. с англ.М., 1959;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1937.
Прынята 19.2.1937 Надзвычайным XII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 11 глаў, 122 артыкулаў. Поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, у якой уся ўлада належала Саветам дэпутатаў працоўных, што складалі паліт. аснову рэспублікі. Эканам. асновай з’яўлялася сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на сродкі вытв-сці ў 2 формах: дзярж. і кааператыўна-калгаснай. Праца вызначалася як абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна па прынцыпе «ад кожнага — па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы». Канстытуцыя канстатавала добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з інш. саюзнымі рэспублікамі, суверэнітэт БССР з улікам норм Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР, законы якога былі абавязковымі на тэр. Беларусі. Замацоўваліся асн. правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўліваліся абавязкі грамадзян: выконваць законы, захоўваць дысцыпліну, прытрымлівацца правіл сацыяліст. жыцця, берагчы сацыяліст. ўласнасць, абараняць айчыну. Вышэйшым органам дзярж. ўлады быў Вярх. СаветБССР, а ў перыяд паміж сесіямі — яго Прэзідыум. Вярх. Савет ствараў урад — Савет Нар. Камісараў. Органы ўлады фарміраваліся праз выбары. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць суда і пракуратуры. Зацвярджаліся дзярж. сімвалы, сталіца БССР — г. Мінск. Пасля Вял.Айч. вайны ў Канстытуцыю ўнесены шэраг змен і дапаўненняў, замацаваны правы рэспублікі ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі і інш.