АГА́ВА

(Agave),

род шматгадовых раслін сям. агававых. РадзімаЦэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.

Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.

Агава амерыканская.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНУКА́ЛАЎ Аляксей Фёдаравіч

(29.2.1916, с. Новарасляеўка Саратаўскай вобл., Расія — 27.4.1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Смаленскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1936), Іркуцкае ваен. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Лепеля, Оршы, Смаленска. Трапіўшы ў акружэнне, у жн. 1941 арганізаваў партыз. атрад «Радзіма», які ў крас. 1942 рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Д. (пазней партыз. брыгада яго імя). Падпалкоўнік Д. загінуў у баі ў час выхаду з блакады. У Лепелі на яго магіле помнік, у в. Кавалі Лёзненскага р-на мемар. музей Д., устаноўлены яго бюст.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́Н

(Bergenia),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.

Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчата-шчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУ́РЫ,

рыбы атрада карпападобных. 2 віды: амур белы (Ctenopharyngodon idella) і амур чорны (кітайская плотка; Mylopharyngodon piceus). РадзімаУсх. Азія ад р. Амур да Паўд. Кітая. На Беларусь амур белы завезены ў 1963, чорны — у 1977. Ва ўмовах Беларусі не нерастуюць; вытворнікі і лічынкі завозяцца. Амур белы штучна разводзіцца ў Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы і гадуецца ў сажалках і некаторых азёрах.

Даўж. цела да 120 см, маса да 32 кг. Луска буйная. Палавая спеласць у 7—9 гадоў пры даўж. каля 70 см. Нераст у чэрв. — ліпені. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, малюскамі, хутка растуць. Перспектыўныя для зарыблення каналаў меліярац. сістэм, водапрыёмнікаў, вадаёмаў, якія хутка зарастаюць.

Амуры: белы (уверсе); чорны.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КАЎ Барыс Дзмітрыевіч

(21.4.1882, г. Міргарад, Украіна — 9.9.1953),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1935). Д-р гіст. н. (1934). Ганаровы чл. АН БССР (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1910 выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Пярмі, Сімферопаля, Масквы. Дырэктар Ін-та гісторыі (з 1937), Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры (1944—46), Ін-та славяназнаўства (1947—51) АН СССР. Акад.-сакратар Аддзялення гісторыі і філасофіі АН СССР (1946—53). Аўтар падручнікаў для ВНУ, прац па гісторыі Ноўгарада, Кіеўскай Русі (стваральнік яе сав. канцэпцыі—феад. дзяржава, агульная радзіма рускіх, украінцаў, беларусаў і інш.), рас. сялянства, паўд. і зах. славян, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі Расіі.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—4. М., 1957—60.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАВА Настасся Фамінічна

(10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),

маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну; малодшаму з іх П.І. Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.

Н.Ф.Купрыянава. Малюнак І.Пратасені. 1974.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАЎ Сямён Пятровіч

(20.10.1917, Мытахскі наслег Горнага р-на, Якуція — 27.11.1973),

якуцкі паэт. Скончыў Вышэйшыя ліг. курсы ў Маскве (1957). Друкаваўся з 1937. Першая кніга «Апавяданні» (1945). У паэт. зб-ках «Мая радзіма» (1949), «Мірны горад» (1958), «Белы конь Манчары» (1969, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1971), «Гучанне тайгі» (1972), «Галасы зямлі» (1977), «Мая Палярная зорка» (выд. 1980) і інш. — жыццё, праца, суровая і непаўторная прырода Поўначы, лёс чалавека самабытнага якуцкага краю. Яго паэзіі ўласцівы маштабнасць і глыбіня думкі, лірызм і публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кнігі перакладаў «Сябры-паэты» (1963). На бел. мову творы Д. пераклаў У.Правасуд.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1977.

Літ.:

Литвинов В.М. Семен Данилов. М., 1971.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСНЯЦО́Ў Апалінарый Міхайлавіч

(6.8.1856, в. Рабава Кіраўскай вобл., Расія — 23.1.1933),

рускі жывапісец і графік. Акад. Пецярбургскай АМ (1900). Вучыўся ў брата В.М.Васняцова, В.Дз.Паленава, І.Я.Рэпіна. Чл. Т-ва перасоўнікаў (з 1889). З 1903 узначальваў «Саюз рускіх мастакоў». Аўтар манум. эпічных пейзажаў і серый, гіст. палотнаў, прысвечаных старадаўняй Маскве, Падмаскоўю, Уралу і інш. Асн. творы: «Радзіма» (1886), «Змярканне» (1889), «Сібір» (1894), «Вуліца ў Кітай-горадзе. Пачатак 17 стагоддзя» (1900), «Возера» (1902), «Красная плошча ў 2-й палове 18 стагоддзя» (1925) і інш. Вядомы таксама як археолаг, педагог і тэарэтык мастацтва. У Нац. маст. музеі Беларусі яго карціны: «Веснавая цішыня» (1881), «Дняпро перад бурай» (1888), «Горнае возера. Урал» (1892), «Скіт» (1901?) і інш.

Літ.:

Васнецов В.А. Страницы прошлого. Л., 1976.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДАШ (Hidas) Антал

(18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),

венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1960;

Другая музыка нужна: Роман. М., 1984.

Літ.:

Россиянов О. Антал Гидаш. М., 1970.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЦІНА́НКА,

выстрыганка, ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст. для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр. птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)