«Матлёт» (франц. matelote ад matelot матрос), бел. гарадскі бытавы танец. Паходзіць ад франц. матроскага танца, блізкага да англ.жыгі. Муз. памер 2/4або 2/2. Выконваецца ў жвавым тэмпе з характэрнымі прыстукваннямі, элементамі чачоткі. На пач. 19 ст. пашыраны як характарны і жанравы, у пач. 20 ст. шырока вядомы як эстрадны і бальны танец. Зафіксаваны па ўсёй Беларусі. На Віцебшчыне танцоры выконваюць асн. комплекс рухаў і заканчваюць танец паваротамі і полькай па крузе, у Докшыцкім р-не суправаджаецца прыпеўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,
лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MXабоEX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАО́Н (Papilio machaon),
дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі рэдкі від, трапляецца на ўзлесках, палянах, поймавых лугах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Крылы (размах да 9 см) жоўтыя з чорным малюнкам, на задніх крылах шырокая чорная аблямоўка з сіняватымі плямамі, каля ўнутр. ніжняга вугла аранжавая пляма. Жылкі чорныя. Вусені зялёныя або бурыя, з чорнымі папярочнымі палоскамі і чырв. крапінкамі; кормяцца і жывуць на раслінах сям. губакветных, парасонавых, складанакветных; матылі кормяцца выдзяленнямі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯРА́Н (Majorana),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІ́СА (Melissa),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 3—4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца М. лекавая, або мята лімонная (M. officinalis).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 45—125 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, галінастыя. Лісце чаранковае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружовыя ў кальчаковых суквеццях у пазухах лісця. Плод — арэшак. Лісце і верхавінкі парасткаў М. лекавай маюць эфірны алей з пахам лімона. Выкарыстоўваецца ў вінаробнай, парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Лек., харч. (прыпраўная), эфіраалейная і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА МНО́СТВА,
абагульненне паняцця даўжыні адрэзка, плошчы плоскай фігуры і аб’ёму цела на мноствы любой прыроды. Мае важнае значэнне ў функцыянальным аналізе, тэорыі імавернасцей, тэорыі гульняў і інш.
Найб. важнай з М.м. з’яўляецца мера Лебега, уведзеная А.Л.Лебегам пры абагульненні паняцця інтэграла (1902). Напр., на плоскасці меру Лебега квадрата лічаць роўнай яго плошчы. Асн. ўласцівасці: мера любога мноства неадмоўная; мера сумы канечнай або злічонай сістэмы папарна неперасякальных мностваў (не маюць агульных элементаў) роўная суме іх мер; пры перамяшчэнні мноства як цвёрдага цела яго мера не змяняецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРО́ГРАФ (ад метэа... + ...граф),
самапісная аэралагічная прылада для рэгістрацыі ціску, т-ры і вільготнасці ў свабоднай атмасферы. Уключае барограф, тэрмограф і гігрограф у адной прыладзе. Паказчыкі метэаралагічных элементаў сінхронна запісваюцца на адной стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам або ветраком ці прапелерам. Пры дапамозе бараметрычнай формулы з запісу на стужцы вызначаюцца вышыні, якія адпавядаюць розным момантам пад’ёму, і лічбавыя значэнні метэаралагічных элементаў на гэтых вышынях. Падымаюць М. на шарах-зондах, самалётах, аэрастатах. М., які перадае свае паказанні ў час пад’ёму з дапамогай радыёсігналаў, наз. радыёзондам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗАНСЦЭ́НА (франц. mise en scéne размяшчэнне на сцэне),
размяшчэнне на сцэне акцёраў у той ці інш. момант спектакля. Адзін з важных сродкаў вобразнага выяўлення ўнутр. зместу п’есы, з’яўляецца істотным момантам рэжысёрскай задумы спектакля. М. ў кіно мае агульную прыроду з тэатральнай, але яна залежыць ад становішча кінаапарата, выбару плана, оптыкі, пазбаўлена ўмоўнасці. Кінаглядач бачыць М. ў шматлікіх планах і ракурсах. У сучасным кіно існуюць разнастайныя дынамічныя М.: шматпланавыя — адначасовае дзеянне на пярэднім і заднім планах; глыбінныя — дзеянне арыентавана ўглыб кадра; панарамныя (або кругавыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),
скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСІ́НЫ (Myxini),
падклас пазваночных кл. кругларотых. 1 атрад, 1 сям., 4 роды, каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх водах.
Даўж. да 1 м. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Рот абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Вочы зацягнуты скурай. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Крывяносная сістэма незамкнёная. Сэрца 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Паразіты або драпежнікі, выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі; радзей кормяцца чарвямі. Адкладваюць 20—30 яец. Развіццё без ператварэння.