НАМІ́СМА, намізма (грэч. nomisma манета ад nomos закон),
у познарымскай і ранневізантыйскай імперыях назва любой залатой манеты, у 8—13 ст. у Візантыйскай імперыі назва соліда. На Беларусі Н. зрэдку абарачалася ў канцы 10—2-й трэці 11 ст.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫ ЛАГАРЫ́ФМ,
лагарыфм, асновай якога з’яўляецца лік 2,71828... (гл. Непераў лік). Н.л. ліку а абазначаецца . Першыя табл. Н.л. ад 1 да 1000 склаў і апублікаваў англ. матэматык Дж.Спейдэль (1619); назву прапанаваў ням. вучоны Н.Меркатар (1668).
т. 11, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВЕ́ШЧАНКА, Ляхава,
возера ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Дняпро, за 7 км на Пн ад г. Рэчыца. Пл. 0,22 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 120 м, даўж. берагавой лініі 5 км. Старычнае. Схілы невыразныя.
т. 11, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА (ад лац. palatium палац),
1) у сярэдневяковай рус. архітэктуры зала, звычайна бясстоўпная ці з адным стаўпом, што падтрымлівае скляпенне.
2) Установа, якая размяшчаецца ў падобных залах (напр., Аружэйная П.).
3) Асобны пакой у бальніцах для размяшчэння хворых.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЗАО́ТЫЯ (ад пан... + греч. zōon жывёла),
надзвычайнае пашырэнне інфекц. хвароб жывёл у краіне, групе краін, на кантыненце; найвышэйшая ступень эпізаотыі. Узбуджальнікі хвароб (напр., яшчур, чума жывёл, птушак) вельмі заразныя, захворванне да 100%. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты.
т. 12, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПАЛІ́ТАЕ ПРА́ВА,
агульнадзяржаўнае свецкае заканадаўства ВКЛ, устаноўленае Статутамі 1529, 1566 і 1588 у адрозненне ад царкоўнага і кананічнага права, гарадскога права, прававых сістэм, устаноўленых у асобных частках дзяржавы абласнымі прывілеямі і прававых норм розных канфесіянальных груп (яўрэяў, караімаў, татар).
т. 12, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
у Цэнтральнай Афрыцы, у Камеруне, Габоне і Рэспубліцы Конга. Абмяжоўвае з З упадзіну Конга. Уяўляе сабой выступ фундамента Афрыканскай платформы. Выш. ад 700 да 1500—2000 м. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы, паркавыя саванны.
т. 12, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́СТЫКА (ад грэч. plastikē скульптура),
1) у выяўленчым мастацтве тое, што скульптура. У вузкім сэнсе — тэхніка скульптуры з мяккіх матэрыялаў; тое, што лепка.
2) Эмацыянальная выразнасць маст. формы, гармонія, зграбнасць.
3) У танцы плаўнасць, зграбнасць рухаў, гарманічная ўзгодненасць поз.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),
у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.
т. 13, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІ́ЧНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,
дэмакратычны прынцып судаводства, які выяўляецца ў тым, што ўзбуджэнне крымін. спраў, іх расследаванне і вырашэнне, а таксама разгляд цывільных спраў у судзе ажыццяўляюцца адпаведнымі публічнымі (дзярж.) органамі (дазнання, следства, пракуратуры, суда) незалежна ад меркавання зацікаўленых асоб.
т. 13, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)