АМІЯ́К,
NH3, найпрасцейшае хім. злучэнне азоту з вадародам. Бясколерны газ з рэзкім удушлівым пахам, tкіп -36 °C, шчыльн. у вадкім стане 0,681·103 кг/м³, растваральны ў вадзе (10%-ны раствор — нашатырны спірт). Растварае шчолачныя і шчолачна-зямельныя металы, некаторыя неметалы (P, S, І), многія арган. і неарган. рэчывы. Атрымліваюць каталітычным узаемадзеяннем N2 і H2 пад ціскам. Выкарыстоўваецца для вытв-сці азотнай кіслаты, мачавіны, азотазмяшчальных соляў, соды, угнаенняў, а таксама ў медыцыне. Вадкі аміяк і яго растворы — холадарэагенты. Ядавіты, выклікае слёзацячэнне, удушша, болі ў страўніку. ГДК 20 мг/м³.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАГЕ́НЫ
[ад грэч. anër (andros) мужчына + ген(ы)],
мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хім. будове — стэроіды.
У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ц. н. с. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.
т. 1, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,
прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НЗЕН
(Bunsen) Роберт Вільгельм (30.3.1811, г. Гётынген, Германія — 16.8.1899),
нямецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фотахіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1862). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1830), З 1838 праф. ун-та ў Марбургу, з 1852 — у Гайдэльбергу. Асн. навук. працы па агульнай хіміі і метадах даследавання хім. рэчываў. Упершыню атрымаў метал. магній, літый, кальцый, стронцый і барый (1852—55). Разам з Г.Р.Кірхгофам распрацаваў (1859) метад спектральнага аналізу, з дапамогай якога адкрыў цэзій і рубідый (1861).
Літ.:
Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 231.
т. 3, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАД,
мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2·nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).
Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.
т. 3, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫТАШВІ́ЛІ
(Берытаў) Іван Саламонавіч (10.1.1885, в. Веджыні, Сігнахскі р-н, Грузія — 30.12.1974),
савецкі грузінскі фізіёлаг; заснавальнік груз. школы фізіёлагаў. Акад. АН СССР (1939), АН Грузіі (1941), АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1915 у Новарасійскім (Адэса), з 1919 у Тбіліскім ун-тах. З 1941 дырэктар, з 1951 навук. кіраўнік Ін-та фізіялогіі АН Грузіі. Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і вышэйшай нерв. дзейнасці. Даследаваў фізіялагічныя, псіхал. і фіз.-хім. асновы памяці. Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЭ́Р-ШЭ́ВА,
Беэршэба (араб. Бір-эс-Саба, грэч. Вірсавія), горад на Пд Ізраіля. Адм. ц. акругі Беэр-Шэва. 114 тыс. ж. (1990). Гандл.-трансп. ц. паўд. ч. краіны — пустыні Негеў. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Дрэваапрацоўка, машынабудаванне, эл.-тэхн., швейная прам-сць, вытв-сць зборных дамоў, керамікі, шкляных вырабаў; хім. з-д. Ун-т.
Горад на месцы сучаснага вядомы з 4-га тыс. да н.э. У Беэр-Шэве знаходзілася свяцілішча бога Яхве, збудаванае, паводле Бібліі, Ісаакам. Захаваліся рэшткі рым. крэпасці 3—4 ст. н.э., стараж. студні і падземныя цыстэрны для вады.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЭ́КЕТ
(Blackett) Патрык Мейнард Сцюарт (18.11.1897, Лондан — 13.7.1974),
англійскі фізік. Чл. (з 1933) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1965—70), замежны чл. АН СССР (1966) і інш. акадэмій. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1919). У 1933—37 і 1953—65 праф. Лонданскага, у 1937—53 Манчэстэрскага ун-таў. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. Упершыню з дапамогай удасканаленай ім камеры Вільсана даказаў існаванне пратона і штучнага ператварэння хім. элементаў (1925), разам з Дж.Акіяліні адкрыў з’яву ўтварэння электрона і пазітрона з гамакванта (1933). Нобелеўская прэмія 1948.
т. 3, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ — ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((Ei-μ)/kT)-1]-1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй Ei, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім. патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМІ́ДЫ неарганічныя, хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.
т. 3, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)