ГІДРАХІ́МІЯ

(ад гідра... + хімія),

раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ МЕХА́НІКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1966 у г. Бабруйск. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): электратэхніка, тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання, хім. тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі арган. матэрыялаў, аналітычны кантроль якасці хім. злучэнняў, машыны і апараты хім. вытворчасцяў і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і вячэрняе.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДА́НСКІ Віталій Іосіфавіч

(н. 18.6.1923, г. Віцебск),

вучоны ў галіне хім. фізікі. Акад. АН СССР (1981, чл.-кар. 1962). Ганаровы чл. шэрагу замежных АН. Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1944). З 1942 у Ін-це хім. фізікі, Фіз. ін-це АН СССР, маскоўскіх інж.-фіз. ін-це і ін-це тонкай хім. тэхналогіі; з 1988 дырэктар Ін-та хім. фізікі Рас. АН. Навук. даследаванні па хім. фізіцы, ядз. фізіцы, хіміі пазітронію. Адкрыў двухпратонную радыеактыўнасць (1960), нізкатэмпературную мяжу скорасці хім. рэакцыі. Гал. рэдактар часопісаў АН СССР «Химия высоких энергий» (1967—87) і «Химическая физика» (з 1987). Ленінская прэмія 1980. Залаты медаль (1975) і прэмія (1966) імя Дз.І.Мендзялеева АН СССР.

Тв.:

Эффект Мессбауэра и его применения в химии. М., 1963;

Физическая химия позитрона и позитрония. М., 1968;

Туннельные явления в химической физике. М., 1986 (разам з Л.І.Трахтэнбергам, В.М.Флёравым).

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАХІ́МІЯ

(ад гідра... + геахімія),

раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і геахім. працэсы ў ёй. Выяўляе заканамернасці фарміравання хім. саставу падземных вод і міграцыю ў іх хім. элементаў.

Грунтуецца на ўяўленнях аб структуры прыродных вод, пашырэнні хім. элементаў у зямной кары і горных пародах, фактарах міграцыі, назапашвання і рассейвання розных хім. элементаў і іх ізатопаў у прыродных водах, саставе газаў у падземных водах і інш. Асновы гідрагеахіміі распрацаваў У.І.Вярнадскі. Як галіна гідрагеалогіі аформілася ў 1940-я г. З 1950-х г. развіваецца яе раздзел — радыегідрагеахімія, якая вывучае міграцыю радыеактыўных элементаў у падземных водах.

На Беларусі даследаванні ў галіне гідрагеахіміі вядуцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН і інш.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАТРО́ПІЯ

(ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),

існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯНАГРА́ФІЯ

(ад акіян + ...графія),

1) тое, што акіяналогія.

2) Раздзел акіяналогіі, навука, якая вывучае фіз.-хім. ўласцівасці акіянскіх водаў, заканамернасці фіз. і хім. працэсаў, з’яў у Сусветным акіяне, прыродныя ўмовы канкрэтных акіянаў, мораў або іх раёнаў.

т. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,

шэраг паслядоўных геахімічных працэсаў, у якіх хім. элементы мігрыруюць, удзельнічаюць у розных фіз.-хім. працэсах з утварэннем мінералаў і вяртаюцца ў зыходнае становішча ў выніку кругавароту. Геахімічны цыкл абгрунтаваў У.І.Вярнадскі (1922). Вылучаюць геахімічныя цыклы: малы, калі хім. элементы пераўтвараюцца ў паслядоўных працэсах выветрывання — зносу — асадкаўтварэння — выветрывання, і вялікі, калі яны праходзяць праз выветрыванне — асадкаўтварэнне — метамарфізм — магматызм — выветрыванне. Кожны хім. элемент мае свой геахімічны цыкл. Напр., сярэдні час, калі вуглярод знаходзіцца ў жывым рэчыве, — 7—8 гадоў, свабодны кісларод у атмасферы — 3800 гадоў, вуглякіслы газ у атмасферы — 6 гадоў, у акіяне — каля 330 гадоў, у асадкавых горных пародах — каля 400 млн. гадоў. Вучэнне аб геахімічным цыкле дазваляе звязваць геахім. працэсы, вывучаць міграцыю і размеркаванне хім. элементаў у зямной кары і інш.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ ХІМІ́ЧНЫ,

сукупнасць метадаў навук. даследавання, заснаваных на выкарыстанні хім. рэакцый; расшыфроўка структуры і саставу хім. злучэнняў ці рэчываў арган. і неарган. прыроды, колькаснага і якаснага іх вызначэння. Уключае колькасны аналіз і якасны аналіз. «Класічны» аналіз хімічны (гравіметрычны, цітрыметрычны, газавы і інш.) грунтуецца на выкарыстанні рэакцый асаджэння, нейтралізацыі, комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення, сучасны — на вывучэнні фізіка-хім., фіз. уласцівасцяў рэчываў метадамі спектраскапіі, мас-спектраметрыі, радыехім., радыяцыйнымі, электрахім., што дазваляе атрымліваць комплексную інфармацыю аб хім. злучэннях і рэчывах, аўтаматызаваць аналітычны кантроль працэсаў у вытв-сці, а таксама кантроль сыравіны, гатовай прадукцыі, вады, паветра і г.д.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЦЭ́ЛІУС

(Berzelius) Ёнс Якаб (20.8.1779, Веверсунда, каля г. Лінчэпінг, Швецыя — 7.8.1848),

шведскі хімік і мінералог. Чл. Каралеўскай шведскай АН (1808), яе прэзідэнт (1810—18). Скончыў Упсальскі ун-т (1801). У 1802—32 працаваў у Медыка-хірургічным ін-це ў г. Стакгольм. Адкрыў хім. элементы цэрый, селен, торый. Стварыў электрахім. тэорыю хім. роднасці, на яе аснове пабудаваў класіфікацыю элементаў, злучэнняў і мінералаў. Вызначыў ат. масы 45 хім. элементаў, увёў сучасныя сімвалы хім. элементаў, прапанаваў тэрмін «каталіз». Аўтар падручнікаў па хіміі.

Літ.:

Соловьев Ю.И., Курнной В.И. Якоб Берцелиус: Жизнь и деятельность. 2 изд. М., 1980.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫЯ СІСТЭ́МЫ,

тэрмадынамічныя сістэмы, якія абменьваюцца рэчывам (энергіяй і імпульсам) з навакольным асяроддзем. Да адкрытых сістэм адносяцца хім. і біял. сістэмы (у т. л. і жывыя арганізмы), у якіх бесперапынна працякаюць хім. рэакцыі за кошт паступлення вонкавых рэчываў, а прадукты рэакцый выдаляюцца. У адрозненне ад замкнутых (ізаляваных) сістэм у адкрытых сістэмах немагчыма раўнавага тэрмадынамічная, аднак яны могуць знаходзіцца ў стацыянарных станах, якія характарызуюцца пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)