СУЛА́,

рака ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 76 км. Пл. вадазбору 520 км². Пачынаецца за 700 м на Пд ад в. Таўкачоўшчына. Цячэ па паўд.-зах. схілах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні перасякае невял., зрэдку забалочаныя лясныя масівы. Упадае ў р. Нёман за 700 м на Пн ад в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Даліна слабазвілістая, трапецападобная, шыр. 300—500 м, месцамі пашыраецца да 2 км. Пойма двухбаковая, шыр. 200—300 м, зрэдку пашыраецца да 600 м, перасечана лагчынамі і старыцамі. Рэчышча моцназвілістае, шыр. ракі ў межань ад 3 м у верхнім да 20 м у ніжнім цячэнні. У сутоках рэк С. і Нёман зона адпачынку Аталезь.

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯННА́,

рака ў Чэрыкаўскім р-не і на мяжы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 59 км Пл. вадазбору 543 км² Пачынаецца на ПдУ ад в. Кліны, вусце за 3 км на ПнЗ ад в. Ушакі. Цячэ пераважна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна трапецападобная, глыбокаўрэзаная, шыр. ад 300 м у вярхоўі да 1 км у ніжнім цячэнні. Пойма двухбаковая, месцамі адкрытая, лугавая. Рэчышча ад вытоку на працягу 15,8 км каналізаванае, у ніжнім і сярэднім цячэнні звілістае, месцамі моцназвілістае; шыр. 5—10 м, ніжэй пашыраецца да 17 м, у ніжнім цячэнні звужаецца да 5—6 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 15, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́МЛЯ,

рака ў Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 80 км, пл. вадазбору 769 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Раманішчы Акцябрскага р-на, цячэ па тэр. Калінкавіцкага, Петрыкаўскага і Мазырскага р-наў, пераважна па ўсх. ускраіне Прыпяцкага Палесся, вусце ў межах Мазырскага р-на, за 2,7 км на ПдЗ ад в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: р. Мядзведзь, канава Дубнянская, канал Плясецкі (злева). Даліна невыразная, схілы спадзістыя, пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 73,5 км. Берагі стромкія, умерана стромкія, абрывістыя. Замярзае ў сярэдзіне снеж., веснавое разводдзе ў канцы 2-й дэкады сак., працягласць 39 сут. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,9 м³/с.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЫ́СА,

рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. р. Зах. Дзвіна). У верхнім цячэнні наз. Гаражанка. Даўж. 50 км, пл. вадазбору 423 км². Выцякае з воз. Кашо за 1,5 км на З ад в. Прудок, цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. і Полацкай нізіны, вусце каля в. Мішневічы Шумілінскага р-на. Цячэ праз азёры Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае. Асн. прыток — Каменка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—500 м, пойма нізкая, шыр. 50—80 м. Рэчышча звілістае (шыр. 10—15 м). Берагі пераважна стромкія, выш. 1,5—2 м, месцамі да 6 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с, на веснавое разводдзе прыпадае каля 48% гадавога сцёку.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛЫ́М,

рака, правы прыток р. Об, у Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі. Даўж. 1799 км, пл. бас. 134 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Белы і Чорны Іюс, што бяруць пачатак у Кузнецкім Алатау. Ад месца зліцця да г. Ачынск — горная рака, ніжэй цячэ па Чулыма-Енісейскай катлавіне, дзе разбіваецца на рукавы і часта перамяшчаецца; потым у шырокай пойме Чулымскай раўніны са шматлікімі азёрамі і старыцамі, рэчышча з многіх рукавоў. Гал. прытокі: Кемчуг, Чычкаюл (справа), Кія, Яя (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 785 м³/с. Сплаўная. Суднаходная на 1173 км ад вусця. На Ч. гарады Назарава, Ачынск, Асіна.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШО́ША,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 304 км². Выцякае з воз. Шо за 1,4 км на ПдУ ад в. Надазер’е, упадае ў воз. Пліса з У, за 2 км на ПдЗ ад в. Прудаўё. Цячэ па Ушацка-Лепельскім узв., у вярхоўі і сярэднім цячэнні па лясістай мясцовасці. Асн. прытокі: Чысцянка і Лучайка (злева). Даліна скрынкападобная, звілістая, шыр. 500 м — 2 км, месцамі да 4 км. Пойма вузкая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, слабаразгалінаванае, шыр. ад 3—5 м у верхнім цячэнні да 12 м у сярэднім і ніжнім. Берагі стромкія, абрывістыя. У сярэднім цячэнні прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНАЯ НЫ́РКА,

адзін з найб. пашыраных штучных органаў і апаратаў для пазаарганізмавага ачышчэння крыві (выдалення прадуктаў абмену рэчываў, таксінаў, падтрымання водна-электралітнага і кіслотна-шчолачнага балансу).

У Ш.н. кроў паступае з артэрыі (напр., праз катэтар), дзе яна праходзіць сістэму трубак, поласцей з паўпранікальнай мембраны, якія абмываюцца спец. растворам. Потым кроў вяртаецца ў вянознае рэчышча. Работа Ш.н. засн. на гемадыялізе і ультрафільтрацыі. Усе апараты Ш.н. складаюцца з дыялізатара, перфузійнай прылады (катэтары, помпы і інш.) для руху крыві наперад, канструкцыі для прыгатавання і падачы ў дыялізатар дыялізуючага раствору і манітора. Выкарыстоўваецца пры вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці. З дапамогай Ш.н. (апарат падключаецца перыядычна) жыццё хворага можа падтрымлівацца некалькі гадоў.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).

Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.

Рака Бобр.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).

Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 102 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Глушынцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., цячэ ў межах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні праз Налібоцкія лясы. Асн. прытокі: Выганішчанка, Цецяроўка, Волма (злева), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная, у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма ў вярхоўі роўная, шыр. да 50 м, у нізоўі да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, шыр. да 40 м, зарэгулявана 3 плацінамі. На ўсім працягу трапляюцца невял. астравы. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Месца адпачынку.

Рака Іслач каля в. Ракаў.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)