МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),
артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТЭР ((Porter) Джордж) (н. 6.12.1920, г. Стэйнфарт, Вялікабрытанія),
англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1960). Замежны чл.Рас.АН (1988). Вучыўся ва ун-це г. Лідс і Кембрыджскім ун-це (1938—41). З 1945 у Кембрыджскім, з 1955 у Шэфілдскім ун-тах. З 1963 праф., у 1966—85 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі, адначасова ў 1968—72 прэзідэнт Міжнар.к-тапа фотабіялогіі. Навук. працы па даследаванні быстрых фотахім. рэакцый у газавай і кандэнсаванай фазах. Стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Р.Дж.Р.Норышам;1950) і адну з першых установак імпульснага лазернага фатолізу. Даследаваў механізм першасных фотахім. рэакцый на мадэльных сістэмах фотасінтэзу. Устаноўлены медаль імя П. (1986) за лепшыя працы па фотахіміі. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Норышам і М.Эйгенам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),
раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎКасы
(свецкае імя кн.Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),
расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял.кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.
Літ.:
Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж. бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМАЙЛО́ВІЧ,
сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.Р.Курлова і паліцмайстра Дз.Дз.Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл.ЦК Партыі левых эсэраў, са снеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).
Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.П.Чухніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯВО́НІХА»,
бел.нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз.танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны падзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНА-ДРУКАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, на якой паслядоўна набіраюцца і друкуюцца літара за літарай (літарадрукавальная машына) або радок за радком (радковадрукавальная машына) тэкставыя арыгіналы і фотаформы. Даюць высокую якасць узнаўлення шрыфту, выкарыстоўваюцца ў аператыўнай паліграфіі (для хуткага і простага размнажэння тэкставага арыгінала) і ў звычайных відах друку.
У Н.-Д.М. выкарыстоўваюць шрыфтавыя знакі друкарскага тыпу з рэльефным вочкам. У залежнасці ад спосабу набору і друкавання адрозніваюць індывідуальныя шрыфтаносьбіты, на якіх ёсць вочка аднаго ці некалькіх знакаў, і групавыя шрыфтаносьбіты, дзе размешчаны ўсе знакі аднаго камплекта шрыфту. Знакі размяшчаюцца на шрыфтавых калодках (рычагах), па акружнасці дыска, цыліндра, сферычнай паверхні шрыфтаносьбіта і інш. У адрозненне ад пішучых машынак у шрыфце Н.-Д.М. ёсць літары рознай шырыні (па сваім абрысе ён набліжаецца да друкарскага). Друкарскія формы вырабляюцца на спец. формных матэрыялах (фользе, васкоўках, паперах, плёнках і інш.).
Схемы наборна-друкавальных машын: 1 — аднашрыфтавой рычажнага тыпу; 2—3 хутказменнымі шрыфтаносьбітамі сферычнага тыпу; 3 — з хутказменнымі групавымі шрыфтаносьбітамі сегментнага тыпу; 4 — з шрыфтаносьбітамі пялёсткавага тыпу.