ДЗЯРГА́Й (Сяргей Сцяпанавіч) (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),
бел.паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял.Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.Славацкага, «Дванаццаць» А.Блока, «На ўвесь голас» У.Маякоўскага, «Сінія гусары» М.Асеева, «Сын» П.Антакольскага, «1905 год» Б.Пастарнака, асобныя творы Э.Багрыцкага, У.Бранеўскага, В.Брусава, У.Лугаўскога, Я.Райніса, М.Рыльскага, П.Тычыны і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1974;
На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;
Чатыры стыхіі. Мн., 1988.
Літ.:
Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Лойка А Зайдзі ў мой дом // Лойка А Паэзія і час.Мн.. 1981;
Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;
Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;
Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ПРЭ́МІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўныя ўзнагароды за творчыя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Устаноўлены ЦККПБ і СМБССР па л-ры, музыцы і мастацтве ў 1965, па журналістыцы ў 1967, па архітэктуры ў 1968, л-ры і мастацтве для дзяцей і юнацтва, у галіне навукі і тэхнікі ў 1971. Да 1992 называліся Дзярж. прэміі БССР, з 1992 — Дзярж. прэміі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 6.5.1996. Прысуджаюцца раз у 2 гады кожны цотны год. Асобам, якія атрымалі Дзярж. прэмію, прысвойваецца званне «Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь», уручаецца дыплом, ганаровы знак лаўрэата, грашовая прэмія. У галіне навукі і тэхнікі прысуджаецца за выдатныя навук. дасягненні, якія адпавядаюць сусв. ўзроўню і садзейнічаюць развіццю гуманіт., прыродазнаўчых і тэхн.навук. Прысуджаецца 12 Дзярж. прэмій, у т. л. ў галіне гуманіт. і сац. навук — 2, прыродазнаўчых навук — 5, тэхнікі — 3 і за падручнікі — 2. У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаюцца за таленавітыя, глыбокія па змесце і адметныя па форме творы л-ры, выяўл. мастацтва, архітэктуры, тэатр. пастаноўкі, кінафільмы, муз. творы, выканаўчае майстэрства, якія робяць значны ўклад у бел.нац. культуру, развіваюць маст. традыцыі і садзейнічаюць устанаўленню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму, а таксама за маштабныя публікацыі ў галіне журналістыкі, даследчыя работы ў галіне літ.-знаўства і мастацтвазнаўства, тэорыі і гісторыі мастацтва. За творы паэзіі і драматургіі прысуджаецца 1 прэмія імя Я.Купалы, за творы прозы, працы ў галіне літ.-знаўства і крытыкі — 1 прэмія імя Я.Коласа, за творы л-ры і мастацтва для дзяцей і юнацтва — 1 прэмія, за працы ў маст. публіцыстыцы — 1 прэмія імя К.Каліноўскага, у галіне журналістыкі — 1 прэмія, за муз. творы і канцэртна-выканаўчую дзейнасць — 2 прэміі, за работы рэжысёраў, дырыжораў, балетмайстраў, хормайстраў, артыстаў, кампазітараў і інш. у пастаноўках тэатраў, кінастудый, на тэлебачанні і радыё — 2 прэміі, за творы жывапісу, скульптуры і інш.выяўл. мастацтва — 2 прэміі, у галіне архітэктуры — 1 прэмія, за даследаванні па тэорыі і гісторыі мастацтва і архітэктуры, а таксама падручнікі для спец.навуч. устаноў па архітэктуры і мастацтвазнаўстве — 1 прэмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),
плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.Лежэ, А.Глез, Х.Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.
У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.С.Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.Ларана, Р.Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.Ліпшыца).
У літаратуры Г.Апалінэр, М.Жакоб, А.Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл.Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.
Літ.:
Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;
Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.
І.М.Каранеўская.
Да арт.Кубізм. Х.Грыс. Сняданак. 1915.Да арт.Кубізм. П.Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.Да арт.Кубізм. Ж.Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв. Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТКА (Васіль) (сапр.Крысько Цімох Васілевіч; 16.5.1911, в. Еўлічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1996),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928). Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сакратаром Беластоцкага аддзялення СП Беларусі (1939—41). З 1948 нам., з 1951 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1957—74 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Гартаванне» (1944). Паэзія Віткі вызначаецца грамадз. пафасам, асн. яе матывы — услаўленне подзвігу чалавека ў Вял. Айч. вайну, гіст. здзяйсненняў бел. народа, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі (зб. «Поўдзень», 1946; «Ружа і штык», 1958; «Праводзіны лета», 1972; «Вышыні святла», 1977). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатыр. вершы, пародыі, эпіграмы («Для дома, для альбома і трохі для эпохі», 1983). Аўтар п’есы «Шчасце паэта», прысвечанай Я.Купалу (1950, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1952), апавяданняў, артыкулаў пра К.Чорнага, М.Лынькова, І.Мележа, М.Танка, Я.Брыля, Я.Маўра, У.Дубоўку, В.Сухамлінскага і інш. Для дзяцей напісаў вершаваныя казкі «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1957), «Казка пра цара Зубра» (1960), кнігі «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Мы будуем метро», «Мінскія балады» (1981), зб. апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), зб.нар. пацешак «Ладачкі-ладкі» (1977). Даследаваў праблемы выхавання («Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982; «Азбука душы», 1988). На бел. мову пераклаў раман М.Салтыкова-Шчадрына «Паны Галаўлёвы», асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, У.Маякоўскага, Я.Райніса, М.Рыльскага, М.Стэльмаха, П.Варанько і інш. Сааўтар чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га класаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972 за кн. «Чытанка-маляванка», «Казкі» (1968) і паэму «Беларуская калыханка» (1971). Ганаровы дыплом Міжнар. журы па прэміях Х.К.Андэрсена (1978) з занясеннем імя паэта ў ганаровы спіс дацкага пісьменніка.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Дзецям: Выбр.тв. Т. 1—2. Мн., 1986;
Трэція пеўні. Мн., 1988.
Літ.:
Казека Я. Гартаванне слова. Мн., 1985. С. 75—95;
Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Брыль Я. Паэт і чалавек // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 1;
Гілевіч Н. Талент, удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Гурэвіч Э.С. Васіль Вітка // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел.паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕФ, Левы фронт мастацтваў,
літаратурна-мастацкае аб’яднанне ў Маскве ў 1922—29. Уваходзілі паэты У.Маякоўскі (кіраўнік), М.Асееў, В.Каменскі, С.Кірсанаў, П.Нязнамаў, Б.Пастарнак (да 1927) і інш., мастакі А.Родчанка, В.Сцяпанава і інш., крытыкі і тэарэтыкі мастацтва Б.Арватаў, В.Брык, В.Шклоўскі і інш. Блізкімі да ЛЕФа былі дзеячы кіно С.Эйзенштэйн, Дз.Вертаў, Э.Шуб і інш. Арыентаваўся на сац.-дзейснае, «жыццебудаўнічае» мастацтва, максімальна набліжанае да рацыянальна арганізаванай духоўнай «вытворчасці» і урбаністычнай культуры. Працягваў асобныя авангардысцкія тэндэнцыі футурызму. Абсалютызаваў вытв.-пераўтваральныя (утылітарныя) і арганізац.-ідэалаг. функцыі мастацтва, недаацэньваў або зусім ігнараваў яго пазнаваўчыя і духоўна-эстэт. аспекты.
Арыентаваўся на аднабакова зразумелы «сацыяльны заказ», абсалютызаваў дакументалізм (т. зв. л-ра факта), вытв. і прапагандысцкі утылітарызм, не прымаў маст. выдумку, недаацэньваў або цалкам адмаўляў традыц. віды і жанры. Выдаваў час. «ЛЕФ» (1923—25, рэд. Маякоўскі) і «Новый ЛЕФ» (1927—28, рэд. Маякоўскі, са жн. 1928 С.Траццякоў). У 1928 Маякоўскі выйшаў з аб’яднання; у 1929 па яго ініцыятыве ЛЕФ пераўтвораны ў РЭФ (Рэв. фронт мастацтваў).
На Беларусі ў пач. 1920-х г. ідэі, блізкія да лефаўскіх, абгрунтоўвалі «Сцвярджальнікі новага мастацтва», асобныя публіцысты Пралеткулыпа. Пазней некаторыя ідэі ЛЕФа ў прынцыпова інш. пераасэнсаванні ўвайшлі ў праграму «Маладняка» (штучная апазіцыя «маладнякізму» творчасці старэйшых пісьменнікаў, канцэпцыя «вітаізму» — л-ры, накіраванай на «ажыўленне» рабоча-сялянскай Беларусі і макс. набліжэнне л-ры да жыцця) і «Узвышша», асабліва ў поглядзе на л-ру як на «жыццебудаўніцтва» і «аквітызм» (ад лац. aqua vita вада жыцця), што сімвалізавала пранікненне творча-маст. пачатку ў нар. быццё. У літ. практыцы большасць маладнякоўцаў і «Узвышша» выступалі супраць футурызму і ЛЕФа, арыентаваліся на фальклор і традыц.муз.-песенную паэзію, а не на урбаністычныя матывы і дакументалізм. Разнавіднасцю ЛЕФа на бел.літ. ніве стала «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць маладых паэтаў гэтага аб’яднання [П.Броўка, Я.Відук (Я.Скрыган), Я.Сукала, А.Вясёлы, Ю.Лявонны, У.Прыбыткоўскі, І.Чырвань і інш.] абмежаваліся вонкавым спалучэннем паэтыкі Маякоўскага з традыц. матывамі бел.паэзіі. Яго кіраўнікі (П.Шукайла, М.Бухаркін) з вульгарна-сацыялагічных пазіцый ацэньвалі творчасць С.Ясеніна, Маякоўскага, У.Жылкі, А.Вольнага, У.Дубоўкі, Я.Пушчы.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг Мн., 1975;
Перцов В. Маяковский: Жизнь и творчество. Т. 2. 3 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТАРАТУ́РА І МАСТА́ЦТВА»,
штотыднёвая бел. грамадска-паліт. і літ.-маст. газета. Выдаецца з 26.2.1932 у Мінску на бел. мове, выходзіла 1 раз, са студз. 1957—2 разы на тыдзень, з крас. 1970 штотыднёвік (на 16 старонках). Спачатку орган Федэрацыі аб’яднанняў сав. пісьменнікаў БССР (з чэрв. 1932 — Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. У Вял.Айч. вайну не выходзіла. Адноўлена 10.4.1945. Рэдактары: Х.Дунец (1932—35), І.Гурскі (1935—41), А.Куляшоў (1945—46), М.Горцаў (1947—49), П.Кавалёў (1949—50), В.Вітка (1951—57), М.Ткачоў (1957—59), Я.Шарахоўскі (1959—61), Н.Пашкевіч (1961—69), Л.Прокша (1969—72), Х.Жычка (1972—76), А.Асіпенка (1976—80), А.Жук (1980—86), А.Вярцінскі (1986—90), М.Гіль (1990—97), У.Някляеў (1997—99), А.Пісьмянкоў (з 1999). Мае аддзелы: публіцыстыкі, пісьмаў і грамадскай думкі, літ. жыцця, крытыкі і бібліяграфіі, паэзіі і прозы, музыкі, тэатра, кіно і тэлебачання, выяўл. мастацтва, аховы помнікаў, маст. афармлення. Асвятляе літ., культ. і грамадска-паліт. жыццё Беларусі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях развіцця л-ры, тэатр. і выяўл. мастацтва, музыкі і кіно, тэлебачання і радыё, архітэктуры, самадз. творчасці і інш. Друкуе маст. творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прапагандуе новыя творы сучасных аўтараў. Публікуе матэрыялы па гісторыі л-ры, тэатра, кіно, на старонках газеты ў розных аспектах асэнсоўваюцца падзеі нац. мінуўшчыны. У газеце ўпершыню апублікаваны многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка, І.Мележа, В.Быкава, П.Панчанкі, І.Шамякіна, Я.Брыля, А.Макаёнка, І.Чыгрынава, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, Б.Сачанкі, І.Пташнікава, Я.Сіпакова і інш.
У даваенны час змяшчала ў асн. матэрыялы, якія тычыліся розных юбілеяў, услаўлялі сацыяліст. рэчаіснасць, выкрывалі «ворагаў народа». У ацэнцы паліт. жыцця выяўлялася тэндэнцыйнасць, у аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход. На першы план ставілася ідэйная скіраванасць твора, а не яго маст. каштоўнасць. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей і твораў, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х г. Асвятляе праблемы стану і лёсу нац. мовы. Упершыню надрукавала матэрыялы пра Курапаты, пра рэпрэсіі ў 1930-я г., вярнула з небыцця імёны А.Гаруна, Н.Арсенневай, М.Сяднёва, Ю.Віцьбіча, У.Глыбіннага і інш. Апошнім часам шмат увагі аддае гісторыі выяўл. мастацтва (М.Шагал, У.Стрэмінскі), музыкі (Н.Орда, А.Абрамовіч, Ф.Міладоўскі, В.Казлоўскі). Асэнсоўваецца жыццёвы і творчы шлях бел.нац. дзеячаў В.Ластоўскага, Я.Лёсіка, М.Доўнар-Запольскага, І.Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А.Бурбіса, П.Бадуновай, Ф.Аляхновіча і інш.