серыя паслядоўна размешчаных малюнкаў з уключанымі ў іх невял. тэкстамі, якая стварае закончанае апавяданне; адзін з пашыраных жанраў масавай культуры. Дыялогі звычайна кампануюцца ў спецыфічныя для К. «аблокі», якія цягнуцца з рота персанажаў, зрэдку пішуцца пад малюнкам.
Вытокі К. ў гравіраваных ілюстрацыях 15 ст. Як спецыфічная галіна графікі вядомы з сярэдзіны 19 ст. ў работах некаторых еўрап. мастакоў. Канчаткова сфарміраваўся ў канцы 19 ст. ў ЗША, дзе ў гумарыстычных часопісах, ілюстраванай л-ры і прэсе пачалі ствараць «палосы» К. Паступова з’явіліся і самаст. брашуры-К. З пач. 1930-х г. у К. актыўна выкарыстоўваюцца тэмы і прыёмы кінематаграфіі (буйны план, контражур і інш). У 2-й пал. 1960-х г. пад уплывам хіпі пашырыліся вострасатыр. паліт. К.
Сучасныя К. паводле тэматыкі падзяляюцца на гумарыстычныя, казачныя, фантаст., міфалагічныя, К. «жахаў», «вестэрны» і інш. Часта К. ў спрошчаным выглядзе перадаюць змест літ. твораў, фільмаў, выдумляюць новыя прыгоды для іх персанажаў. На аснове некаторых папулярных К. (напр., «Бэтмэн») ствараюцца кінафільмы. На Беларусі ў выглядзе К. нярэдка афармляюцца кароткія апавяданні і сатыр. гісторыі ў часопісах, кнігах для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ на Зямлі, працэсы ператварэння і перамяшчэння рэчываў у прыродзе, якія шматразова паўтараюцца. Маюць розны маштаб і цыклічны характар у межах кожнай асобнай геасферы (біясферы, атмасферы, гідрасферы, літасферы) і паміж імі. Агульны кругаварот складаецца з асобных працэсаў (кругаварот вады, газаў, хім. элементаў), якія не поўнасцю абарачальныя (адбываецца рассейванне рэчыва, змена яго складу і інш.). У сучасны перыяд абмен рэчываў паміж геасферамі па вертыкальным напрамку назіраецца ў межах 10—20 км ад паверхні Зямлі (месцамі да 50—60 км). Вял. ролю ў К.р. адыгрываюць жывыя арганізмы, што ўдзельнічаюць у кругавароце асобных хім. элементаў (кіслароду, вугляроду, кальцыю і інш.). Глабальнае ўздзеянне на К.р. аказвае дзейнасць чалавека, у выніку якой узнікаюць новыя шляхі міграцыі рэчываў, і мяняюцца тыя, што склаліся ў прыродзе, з’яўляюцца рэчывы з новымі ўласцівасцямі. Вял. ўклад у вывучэнне К.р. зрабіў У.І.Вярнадскі, які вылучыў геахім. групу т.зв. цыклічных хім. элементаў (да іх адносяцца вельмі пашыраныя і многія рэдкія хім. элементы); В.Р.Вільямс і інш. разглядалі біял. цыклы азоту, вуглекіслаты. фосфару і інш. ў сувязі з вывучэннем урадлівасці глеб. Гл. таксама Ахова прыроды, Прыродакарыстанне.
Да арт.Кругаварот рэчываў на Зямлі. Схема кругавароту фосфару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЦКІ (Лазар Маркавіч) (22.11.1890, г. Пачынак Смаленскай вобл., Расія — 30.12.1941),
расійскі архітэктар, мастак-канструктар, графік. Праф. (1921). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў г. Дармштат (Германія; 1909—14) і Рыжскім політэхн. ін-це (у Маскве; 1915—16). Выкладаў у Вышэйшых нар.маст. школе ў Віцебску (1919—20), маст.-тэхн. майстэрнях (1921) і маст.-тэхн. ін-це (з 1926) у Маскве. У 1921—25 жыў у Германіі і Швейцарыі. Чл. груп «Стыль» і «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (з 1921), Асацыяцыі новых архітэктараў. Вядомы пад псеўд. Эль Лісіцкі. Распрацоўваў праекты вышынных дамоў для Масквы (1923—25). У духу супрэматызму выканаў шэраг плакатаў («Клінам чырвоным бі белых», 1920), распрацоўваў праекты трансфармуемай мэблі (1928—29), новыя прынцыпы выставачнай экспазіцыі (сав. павільёны на замежных выстаўках 1925—34, Усесаюзная паліграф. выстаўка ў Маскве, 1927), вырашэння сцэн. прасторы для т-ра. У кніжным афармленні абгрунтоўваў метад візуальна-прасторавага канструявання кнігі, выкарыстоўваў сціплую арнаментыку, кантраст друкарскіх шрыфтоў, фотамантаж (зб-кі «Украінскія народныя казкі», 1919; «Маякоўскі. Для голасу», 1922). У Віцебску падрыхтаваў кн. «Пра два квадраты» (1922).
Літ.:
Э.Лисицкий: Художник, типограф, фотограф и архитектор. Л., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),
расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад.АПН Расіі (1947) і АПНСССР (1968). Член Нац.АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед.ін-т (1937).
У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: аб сац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.
Тв.:
Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Основы нейропсихологии. М., 1973;
Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;
Язык и сознание. М., 1979;
Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
італьянскі пісьменнік. Дэбютаваў аналіт. раманам «Абыякавыя» (1929), у цэнтры якога ўнутр. свет сучаснага яму інтэлігента. Неарэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў зб-ках «Рымскія апавяданні» (1954), «Новыя рымскія апавяданні» (1959), рамане «Чачара» (1957). Уплыў мадэрнісцкага псіхалагізму адчувальны ў рамане «Няслушныя амбіцыі» (1935), аповесці «Агасціна» (1945), зб-ках навел і апавяданняў «Сны гультая» (1940), «Эпідэмія» (1944). Антыфаш. характар мае сатыр. раман «Маскарад» (1941). Узмацненнем філас.-этычнай праблематыкі вызначыліся раманы «Рымлянка» (1947), «Непакорнасць» (1948), «Канфарміст» (1951, экранізацыя 1969), «Пагарда» (1954, экранізацыя 1963), «Маркота» (1960) і інш.; крытыка дэградацыі грамадства гучыць у зб-ках навел «Аўтамат» (1963), «Рай» (1970), рамане «Я і ён» (1971). Свет пачуццёвых перажыванняў у цэнтры раманаў і аповесцей «Іншае жыццё» (1973), «Унутранае жыццё» (1978), «1934» (1982), «Глядач» (1985), зб-ку «Справа ды іншыя апавяданні» (1983). Аўтар драм. твораў і інсцэніровак, зб-каў эсэ і артыкулаў. На бел. мову яго раман «Пагарда» пераклаў І.Пташнікаў, асобныя апавяданні — А.Шаўня.
рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв.рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял.Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасць навук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж.навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв. галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.