КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс.км², у т. л. на акваторыі 80 тыс.км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд.т і 1000 млрд.м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ПА (франц. canapé),
шырокае драўлянае сядзенне на ножках, з падлакотнікамі і спінкай; від мэблі. Вядома з часоў сярэдневякоўя ў інтэр’ерах палацаў і сядзіб. У формах і аздабленні (разьба, інкрустацыя, абіўка са скуры ці тканін) праявіўся ўплыў маст. стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру і інш. З 19 ст. пашырана ў інтэр’еры бел.нар. хаты, замяніла лаву. К. выраблялі мясц. майстры-саматужнікі, аздаблялі прапілоўкай па краях спінкі, такарнымі элементамі, фігурнымі накладкамі. На З Беларусі бытаваў таксама шлябан — К. з сядзеннем у выглядзе скрыні, куды складвалі розныя рэчы. У наш час самаробныя К. саступілі месцапрамысл. вырабам, якія звычайна ўваходзяць у гарнітур мэблі для гасціных пакояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПО́РСКАЯ (Любоў Канстанцінаўна) (к. 25.10.1941, в. Локці Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1978), нар.арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю (1967, клас М.Людвіг). З 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1966 салістка Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, выканала шматлікія партыі саліруючага сапрана ў буйных кантатна-аратарыяльных творах муз. класікі і бел. кампазітараў. У яе камерным рэпертуары значнае месца належыць творам бел. кампазітараў (упершыню выканала вак. цыклы «Дзявочыя песні» Г.Гарэлавай, «Вясёлыя дзіцячыя песні» С.Картэса, «Песні кахання» А.Мдывані, «Перайманне англійскіх балад» і «Незвычайная школа» Э.Тырманд і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗДЫ́МКА,
бесперапыннае фатаграфаванне на кінаплёнку шэрагу паслядоўных кадраў, якія адлюстроўваюць фазы руху аб’екта ці змены яго стану; этап стварэння кінафільма. Выконваецца з дапамогай кіназдымачнага апарата.
Бывае К. сінхронная (робіцца адначасова з гуказапісам) і нямая (без гуказапісу, з наступным агучваннем ці пад папярэдне запісаную фанаграму). Адрозніваюць К. пакадравую, запаволеную (менш як 24 кадры за секунду), нармальную (24—25), паскораную (да 120—150), скарасную (750—10 000) і высокаскарасную (больш за 10 000). Да спец. відаў К. адносяць падводную, камбінаваную, мікра-, рэнтгена-, стэрэакіназдымку, здымку ў інфрачырвоных і ультрафіялетавых прамянях. Паводле пазіцыі кіназдымачнай камеры адрозніваюць К. статычную, дынамічную і панарамную, паводле месца выканання — натурную і павільённую (гл.Кінастудыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,
наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКТЭ́Б (араб., літар.месца, дзе пішуць),
1) з 7 ст. пачатковая мусульм. школа пры мячэці. З пашырэннем ісламу і развіццём мусульм.місіянерства М. пашыраны ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, у 9—10 ст. — у Сярэдняй Азіі, Азербайджане, Паволжы, Сібіры. М. ўтрымлівалі на сродкі насельніцтва, навучаліся ў іх пераважна хлопчыкі, настаўнікі — служыцелі культу, мулы. У аснове навучання араб. мова і тэксты Карана; у сучасных М. вывучаюцца і інш. прадметы. Многія М. рэарганізаваны ў пач.агульнаадук. школы. У шэрагу краін ісламу створаны і жаночыя М. — кутабы.
2) Назва сярэдняй агульнаадук. школы ў народаў цюркскай моўнай групы, якія жывуць на тэр. Расійскай Федэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ВАЕ́ННЫ ТРЫБУНАЛ (МВТ),
міжнародны суд. орган па праследаванні і пакаранні гал.ваен. злачынцаў. Першы М.в.т. для пакарання гал.ваен. злачынцаў еўрап. краін, якія змагаліся на баку фаш. Германіі, створаны 8.8.1945 паводле Лонданскага пагаднення паміж урадамі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Да пагаднення далучыліся 19 краін. Месцазнаходжанне — Берлін, месца правядзення суд. працэсу — г. Нюрнберг (гл.Нюрнбергскі працэс). М.в.т. для Д. Усходу створаны 19.1.1946 у выніку пагаднення паміж Кітаем, Францыяй, Нідэрландамі, Канадай, Новай Зеландыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй, СССР, Аўстраліяй (пазней далучыліся Філіпіны і Індыя) з мэтай асуджэння яп.ваен. злачынцаў у 2-й сусв. вайне. Суд. працэс адбыўся ў 1946—48 (гл.Такійскі працэс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,
група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.