КІ́СЛІК (Навум Зіноўевіч) (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, А.Карпюка, А.Куляшова, Я.Купалы, І.Мележа, П.Панчанкі, асобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Бялевіча, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, С.Дзяргая, У.Караткевіча, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).
Л.М.Гарэлік.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДА́Ш (Сайфі) (сапр. Кудашаў Сайфетдзін Фатахетдзінавіч; 3.10.1894, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан —26.6.1993),
башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастана (1964). Засл. работнік культ. РСФСР (1984). У 1904—13 вучыўся ў вясковым медрэсэ. Друкаваўся з 1914. У зб-ках вершаў «Песні свабоды» (1917), «Герой барацьбы» (1928), «Закон шчасця» (1937), «Ад усяго сэрца» (1944), «Лістапад» (1960), «Вяршыні» (1978), вершаваным рамане «Кушкаін» (1936) і інш. апаэтызаваў асн. гіст. этапы жыцця башк. народа, героіку Вял. Айч. вайны і мірнай стваральнай працы. Аўтар мемуараў «Незабыўныя мінуты» (1957), «Па слядах маладосці» (1964). Пераклаў на башк. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.Валасевіч. Рэсп. прэмія імя Салавата Юлаева 1985.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. Уфа, 1970;
Восхождение. М. 1977;
Стихи и поэмы. Уфа, 1984.
С.Г.Сафуанаў.
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБО́ВІЧ (Арсень Аляксандравіч) (н. 28.9.1923, в. Студзянкі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). Працаваў у культасветустановах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 у Гал. рэдакцыі БелСЭ, з 1979 у Рэсп. ін-це павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, з 1988 у Мінскім ін-це культуры, з 1991 у Музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі. Даследуе бел.-польскія тэатр. сувязі, тэатр. жыццё Зах. Беларусі, творчасць нар. т-раў, праблемы ўвасаблення твораў А.Астроўскага і М.Горкага на бел. сцэне, выступае ў друку па пытаннях сучаснага тэатр. жыцця.
Тв.:
Героі Горкага на сцэне тэатра імя Янкі Купалы // Максім Горкі і Беларусь. Мн., 1968;
Тэатр змагання. Мн., 1969;
Пьесы А.Н.Островского на белорусской сцене. Мн.,1971.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХУЦІ́ (Абулькасім Ахмедзадэ) (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),
таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.Броўка, К.Кірэенка, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1959;
Стихотворения и поэмы. Л., 1981.
Літ.:
Исаков И.С. Испытание Лахути. Душанбе, 1967.
т. 9, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТЕРАТУ́РНАЯ ГАЗЕ́ТА»,
штотыднёвае расійскае літ.-мастацкае і грамадска-паліт. выданне. Выходзіць з 1929 у Маскве на рус. мове. Засн. як орган Саюза пісьменнікаў СССР; у 1942—44 наз. «Литература и искусство». У 1950—66 выходзіла 3 разы на тыдзень. Гал. рэдактарамі ў розны час былі: А.Суркоў, К.Сіманаў, С.Смірноў, А.Чакоўскі і інш. Асвятляе пытанні развіцця л-ры, мастацтва, навукі, культуры, а таксама палітыкі, сацыялогіі, эканомікі, падзеі міжнар. жыцця. Змяшчае літ.-крытычныя, публіцыстычныя артыкулы, нарысы, маст. творы, дыскусійныя матэрыялы вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі. На яе старонках надрукаваны творы, артыкулы, нарысы бел. пісьменнікаў, у т. л. Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, К.Крапівы, А.Куляшова, І.Мележа, М.Танка, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, Б.Сачанкі, А.Мальдзіса, І.Чыгрынава і інш.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬДЗЮКО́ВА (Акцябрына Францаўна) (29.10.1924, с. Іванаўка Бобрынецкага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.3.1996),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Коласа (1948), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., характарных роляў. Найб. значныя з іх: Зоська («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Наташа («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Вольга («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра), Беатрыса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Леанор («Дзяўчына са збаном» Лопэ дэ Вэгі), Аксюша («Лес» А.Астроўскага), Зоя Мікіцічна («Напярэдадні» паводле І.Тургенева), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Ірына («Тры сястры» А.Чэхава), Наташа і Калерыя («На дне» і «Дачнікі» М.Горкага), Ларыса («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Снежная каралева (аднайм. п’еса Я.Шварца).
Т.Л.Катовіч.
т. 10, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСІЕ́НКА (Святлана Піліпаўна) (н. 30.8.1939, г. Краснаармейск, Украіна),
бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1994). Скончыла БДУ (1963). З 1967 працуе ў Гродзенскім ун-це імя Я.Купалы. Друкуецца з 1968. Даследуе польскі раман 19—20 ст., жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы, бел.-польскія літ. сувязі 19—20 ст., бел. этнакультурныя фактары ў творчасці А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, З.Налкоўскай і інш. Аўтар манаграфіі «Творчасць Зоф’і Налкоўскай» (1989). Сааўтар зб-каў «Краю мой — Нёман» (1986), «Параўнальнае літаратуразнаўства і руска-польскія літаратурныя сувязі ў XX ст.» (М., 1989), «Зоф’і Налкоўскай прысвечана» (1991), «З боку крэсаў» (Кракаў, 1994), «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (1995), «Адам Міцкевіч і сусветная культура» (1998, кн. 4), «Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры» (1998) і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 11, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),
рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г. пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.Белавусавым, В.Брусавым, А.Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.Коласа.
Тв.:
Избранное. М., 1955;
Вольные песни. М., 1963.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КУР (Павел Аляксеевіч) (26.2.1909, Вільня — 1.12.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). З 1932 у БДТ-1 (з 1944 Бел. дзярж. т-р імя Я.Купалы). Выканаўца роляў шырокага дыяпазону. Мастацтву ўласцівы дакладнасць сцэн. малюнка, драм. тэмперамент, шчырасць, мяккія сакавітыя інтанацыі. Стварыў шмат разнапланавых характараў: у бел. драматургіі — Нодэльман, Даніла Дрыль, Скробат («Канец дружбы», «Партызаны», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Аляксандр Сяргеевіч («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Верхаводка («Гэта было ў Мінску» А.Кучара); класічнай — Меркуцыо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), настаўнік філасофіі, Валер («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Пеця Трафімаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гарэцкі, Дармедонт («Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Мітрафанушка («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш.
Г.Г.Коваль.
т. 12, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ (Грыс) (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),
асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, некат. творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1959;
Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.
А.С.Пухаеў.
т. 12, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)