СКА́ЗКІН Сяргей Данілавіч (19.10.1890, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія — 14.4.1973),
савецкі гісторык-медыявіст, акадэмік АНСССР (1958). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915), з 1920 выкладаў у ім (з 1949 заг. кафедры). З 1962 заг. сектара гісторыі сярэдніх вякоў Ін-та гісторыі АНСССР. Асн. працы па праблемах сярэдневяковай гісторыі (агр.адносіны, гісторыя зах.-еўрап. сялянства; ератычныя рухі, абсалютызм, Адраджэнне), гісторыі дыпламатыі і інш. Аўтар і рэдактар падручнікаў для ВНУ па гісторыі сярэдніх вякоў, адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; 2-е выд., 1959), «Усеагульнай гісторыі» (т. 3—4, 1957—58), «Гісторыі Францыі» (т. 1, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;
Избранные труды по истории. М., 1973;
Из истории социально-политической и духовной жизни Западной Европы в средние века. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУЖБО́ВАЯ Э́ТЫКА сістэма норм паводзін, якія рэгулююць адносіны чалавека да сваіх прафес. абавязкаў, маральныя ўзаемаадносіны спецыялістаў і аб’ектаў іх дзейнасці (урач і хворы, педагог і вучань і г.д.), узаемаадносіны людзей у прац. дзейнасці. Нормы С.э. выпрацоўваюцца з улікам сац. структуры грамадства, інтарэсаў груп, сістэм грамадскіх адносін і ўяўлення членамі грамадства аб належным, дапушчальным, магчымым, станоўчым, жаданым, прымальным і г.д. З дапамогай гэтых норм грамадства, сац. групы прад’яўляюць сваім прадстаўнікам патрабаванні, якім павінны адпавядаць іх паводзіны, кантралююць, рэгулююць, ацэньваюць гэтыя паводзіны. Да спецыялістаў, ад якіх залежыць жыццё і здароўе людзей (медыцына, транспарт і г.д.) або якія маюць права ўмешвацца ва ўнутраны свет чалавека (педагогіка, псіхіятрыя і інш.), прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. Існуюць такія паняцці, як урачэбная этыка. журналісцкая этыка і інш. У сучасным грамадстве асобае значэнне надаецца прадпрымальніцкай этыцы, якая ўключае этыку вядзення перагавораў, канкурэнтнай барацьбы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЛСБЕРЫ (Salisbury) Роберт Артур Толбат Гаскайн-Сесіл
(Gascoyne-Ceęil; 3.2.1830, г. Хатфілд, Вялікабрытанія — 22.8.1903),
брытанскі дзярж. дзеяч. Лорд (з 1861). Скончыў Оксфардскі ун-т (1849). З 1853 дэп. палаты абшчын ад партыі кансерватараў, з 1861 — палаты лордаў. У 1866—67 і 1874—78 міністр па справах Індыі, у 1878—80 міністр замежных спраў. Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. З 1881 лідэр Кансерватыўнай партыі. У 1885—86, 1886—92, 1895—1902 прэм’ер-міністр, адначасова (да 1900) міністр замежных спраў. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку па пашырэнні тэрыторыі і ўплыву Брыт. імперыі ў Азіі (захоп Верхняй Бірмы ў 1886) і Афрыцы, у выніку якой абвастрыліся англа-франц.адносіны і пачалася англа-бурская вайна 1899—1902. У 19 0 2 урад С. заключыў саюзны дагавор з Японіяй. Садзейнічаў узмацненню брыт. арміі і флоту. Выступаў супраць прадастаўлення аўтаноміі Ірландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАСО́ЎСКІ-ГРОТ (Spasowski-Grot),
Грот-Спасоўскі Аляксандр (1808? — 1847?), польскі паэт-рамантык. У 1828—29 жыў у Магілёве. Друкаваўся ў час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). Выдаў у Вільні зб. «Паэзія» (т. 1—2, 1840). У прадмове да яго пісаў, што рамант. «мода» патрабуе «простанародных песенек», створаных на ўзор «уяўна літоўскіх (г.зн. беларускіх) дудароў і ўкраінскіх лірнікаў», заклікаў пісаць «сваім, народным стылем у прыватнасцях, а прама нацыянальным у цэлым». Большасць балад і вершаваных апавяданняў зборніка («Апошняе паляванне», «Святое возера», «Панцырны», «Скруха») мае падзагаловак «З беларускіх паданняў» і канкрэтна ўказанае месца, дзе іх расказалі аўтару (Магілёў, яго ваколіцы). Некат. яго творы (балада «Апошняе паляванне») антыпрыгонніцкай накіраванасці. Адначасова ідэалізаваў жыццё бел. сялян, іх адносіны з панам («Песня жнеек»). У зборніку адчуваецца ўплыў А.Міцкевіча, ёсць творы з укр., рус., літ. і лат. тэматыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎКА,
стан гатоўнасці, схільнасці суб’екта да пэўнай актыўнасці ў адносінах да пэўнага аб’екта. Паняцце «У.» ўведзена ў ням.эксперым. псіхалогіі ў канцы 19 ст. (Г.Мюлер, Т.Шуман). Агульнапсіхал. тэорыю У. распрацаваў рас. псіхолаг Дз.М.Узнадзе, які эксперыментальна даказаў наяўнасць гатоўнасці індывіда да рэалізацыі актываванай патрэбнасці ў пэўнай сітуацыі (актуальная У.) і выявіў заканамернасці замацавання такой гатоўнасці пры паўтарэнні сітуацый, што дазваляюць задаволіць дадзеную патрэбнасць (фіксаваная У.). У сац. псіхалогіі і сацыялогіі паняцце «У.», ці аціцюд, абазначае каштоўнасныя адносіны індывіда да пэўнага сац. аб’екта, якія выяўляюцца ў гатоўнасці да станоўчай ці адмоўнай рэакцыі на яго. Сац. У. ўключае 3 аспекты: кагнітыўны (усведамленне аб’екта), афектыўны (эмацыянальная ацэнка аб’екта) і паводзінскі (дзеянні ў адносінах да аб’екта). Адрозніваюць пазітыўныя, негатыўныя і нейтральныя У. Сістэма разнастайных У. індывіда выступае рэгулятарам чалавечых паводзін і характарызуе агульную накіраванасць асобы, яе каштоўнасныя арыентацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
двухтомная энцыклапедыя; першая ў гісторыі бел. народа галіновая энцыклапедыя па тэатр. мастацтве. Выдадзена ў 2002—2003 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Уключае больш за 2 тыс. артыкулаў, прысвечаных нар., прафес., аматарскаму тэатр. мастацтву, яго жанрам і формам, акцёрскаму мастацтву, рэжысуры, драматургіі, сцэнаграфіі, н.-д. рабоце ў галіне тэатра. Асвятляюцца тэатр. жыццё гарадоў, творчасць асобных тэатраў, прыведзены іх храналагічныя рэпертуарныя спісы. Асобныя артыкулы прысвечаны найб. значным пастаноўкам п’ес, опер, балетаў, аперэт. У выданні значнае месца адведзена біяграфічным артыкулам пра акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, кампазітараў, дырыжораў; прыведзена найб. ужывальная тэатр. тэрміналогія, а таксама змешчаны артыкулы па выяўленчым мастацтве, л-ры, фальклоры, друку, радыё, тэлебачанні і інш., якія маюць адносіны да тэатр. мастацтва. У выданні 1,4 тыс. чорна-белых і каляровых ілюстрацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕР’Е́ Уладзімір Іванавіч (29.5.1837, Масква — 30.6.1919),
расійскі гісторык, паліт. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Д-ргіст.н., праф. (1868). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858), дзе і працаваў (1868—1904). Вучань Ц.М.Граноўскага. Адзін са стваральнікаў Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Старшыня Маскоўскай гар. думы (1892—1904), чл. партыі акцябрыстаў (1906—17), чл.Дзярж. савета (з 1907). Адзін з першых рус. гісторыкаў даследаваў гісторыю новага часу, эпоху Франц. рэвалюцыі 1789—99. Аўтар прац: «Барацьба за польскі трон у 1733 г.» (1862), «Адносіны Лейбніца да Расіі і Пятра Вялікага» (1871), «Ідэя народаўладдзя і Французская рэвалюцыя 1789 г.» (1904), «Аб канстытуцыі і парламентарызме ў Расіі» (1906), «Французская рэвалюцыя 1789—1795 гг. у асвятленні І.Тэна» (1911), «Заходняе манаства і папства» (т. 1—2, 1913—15), «Філасофія гісторыі ад Аўгусціна да Гегеля» (1915).
Літ.:
Шаханов А.Н. Воспоминания В.И. Герье // История и историки. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЭ́І, Гіраі,
дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнні («Настала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).
У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
сінтаксічныя адзінкі ў форме слова ці спалучэння слоў, якія адыгрываюць асноўную ролю ў арганізацыі сказа. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік 2-састаўнага сказа і галоўны член 1-састаўнага сказа. Дзейнік і выказнік сінтаксічна раўнапраўныя, узаемазалежныя, прадвызначаюць адзін аднаго і ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурную аснову сказа.
Могуць быць фармальна прыпадобненыя (каардынаваныя): «У небе звінелі жаваранкі» і непрыпадобненыя (некаардынаваныя): «Падрыхтаваць цікавы даклад — справа нялёгкая»; заўсёды цесна звязаны па сэнсе: «Грош цана такой рабоце». Паміж дзейнікам і выказнікам заўсёды існуюць прэдыкатыўныя адносіны; дзейнік звычайна абазначае прадмет, выказнік — адзнаку прадмета, паказвае на час яе выяўлення, суадноснасць выказвання з рэчаіснасцю. Галоўны член састаўнага сказа суадносіцца па форме з дзейнікам або выказнікам 2-састаўнага сказа, але адрозніваецца па значэнні: ён адзін фарміруе прэдыкатыўнае ядро, складае структурную аснову сказа («Раніца. Цішыня»; «Са смагі поўны п’ю карэц халоднага бярозавага соку»).