ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ, ПРАЦО́ЎНЫХ, ЖЫЛЛЁВЫХ І І́НШЫХ ПРАВО́Ў ГРАМАДЗЯ́Н,
злачынствы, накіраваныя супраць канстытуцыйных і інш. правоў і свабод грамадзян. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў належаць: перашкода ажыццяўленню выбарчага права, падлог выбарчых дакументаў, заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, парушэнне заканадаўства аб рэферэндуме, незаконнае выкарыстанне грашовых сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў; парушэнне недатыкальнасці жылля грамадзян, законных правоў прафсаюзаў, заканадаўства аб працы, тайны перапіскі, тэлефонных перагавораў і тэлеграфных паведамленняў; адмаўленне ў прыёме на працу або звальненне цяжарнай жанчыны ці кормячай маці, праследаванне грамадзян за крытыку; парушэнне правіл аховы працы, аўтарскіх і вынаходніцкіх правоў. Пакаранне за пералічаныя злачынствы залежыць ад ступені іх грамадскай небяспекі.
М.Р.Белавусаў.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЕР (Müller) Герман (18.5.1876, г. Мангейм, Германія — 20.3.1931),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1899 рэдактар с.-д. друкаванага органа «Görlitzer Volkszeitung» («Гёрліцкая народная газета»). З 1906 чл. праўлення, у 1919—27 адзін са старшынь С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1916—18 і 1920—28 дэп. рэйхстага (у 1920—28 адначасова старшыня фракцыі СДПГ у рэйхстагу). У 1919—20 міністр замежных спраў, ад імя Германіі 28.6.1919 падпісаў (разам з міністрам зносін І.Белам) Версальскі мірны дагавор 1919. У сак.—чэрв. 1920 і чэрв. 1928 — сак. 1930 рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі. Выступаў за вырашэнне пытання аб выплаце Германіяй рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны (зацвярджэнне закона аб ажыццяўленні Юнга плана). Аўтар працы «Лістападаўская рэвалюцыя» (1928).
т. 11, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТЛІ (Priestley) Джозеф (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),
англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 13, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЛО́ВА І СПРА́ВА ГАСУДА́РАВА»,
сістэма паліт. вышуку ў Расіі 17—18 ст. Пашырылася з часоў царавання Міхаіла Фёдаравіча [1613—45). Кожны падданы пад страхам смерці абавязаны быў даносіць уладам пра вядомыя яму злыя намеры супраць цара або членаў яго сям’і, аб знявазе царскага імя і тытула, аб дзярж. здрадзе. Пры гэтым ужываўся ўмоўны выраз: «Слова і справа гасударава!» або проста «Слова і справа!». Даносчыка і абгавораных ім людзей падвяргалі перакрыжаваным допытам і катаванням. Такія справы разглядалі ў Разрадным, Разбойным, Стралецкім і інш. прыказах; з 1702 — у Праабражэнскім прыказе, у 1721—26 — у Тайнай канцылярыі, у 1731—62 — у Канцылярыі тайных і вышуковых спраў. Адменена ў 1762.
Літ.:
Семевский М.И. Тайная служба Петра I. Мн., 1993.
т. 15, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХОД ГРАМАДЗЯ́Н,
форма непасрэднага ўдзелу грамадзян у ажыццяўленні мясц. самакіравання. Парадак склікання і правядзення С.г., прыняцця і змены яго рашэнняў устаноўлены Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» 1995. Па меры неабходнасці С.г. склікаюць мясц. Саветы дэпутатаў, іх органы, выканкомы ці органы тэр. грамадскага кіравання. На іх абмяркоўваюць пытанні дзярж. і мясц. значэння, прымаюць рашэнні па непасрэднай рэалізацыі пастаноў органаў мясц. самакіравання; маюць права звяртацца з прапановамі ў мясц. Саветы і іх органы, інш. дзярж. і грамадскія органы, прадпрыемствы, арг-цыі і ўстановы; правамоцныя прымаць рашэнні аб датэрміновым роспуску органаў тэр. грамадскага самакіравання, калі яны не выконваюць належным чынам свае функцыі. Гл. таксама Мясцовае кіраванне і самакіраванне.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫСЦІ́ЛІШЧА, чысцец,
паводле каталіцкага веравучэння — прамежкавае месца паміж раем і пеклам. У Ч. душы грэшнікаў, якія не атрымалі прабачэння ў зямным жыцці, але не абцяжараныя смяротнымі грахамі, перад тым як трапіць у рай, гараць у ачышчальным агні. Лёс душы ў Ч. можа быць аблегчаны, а тэрмін знаходжання яе там скарочаны, калі ў памяць памерлага родныя і блізкія, пакінутыя на зямлі, будуць рабіць «добрыя справы». У каталіцкім багаслоўі гэта выпрабаванне трактуецца як сімвал пакут сумлення і раскаянне. Уяўленне пра Ч. склалася ў 1 ст. Вучэнне аб ім распрацаваў Фама Аквінскі. Догмат пра Ч. прыняты на Фларэнційскім 1439 і пацверджаны на Трыдэнцкім 1562 саборах. Правасл. і пратэстанцкая цэрквы абвяргаюць вучэнне аб Ч.
т. 17, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУР (Schur) Ісаі (10.1.1875, г. Магілёў — 10.1.1941),
нямецкі матэматык, адзін са стваральнікаў тэорыі выяўленняў груп; заснавальнік навук. школы. Чл. Прускай АН (1922—38). Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Берлінскі ун-т (1901), дзе і працаваў у 1903—11 і 1916—35 (з 1916 праф., з 1919 заг. кафедры); у 1911—16 праф. Бонскага ун-та. З 1939 у Палесціне. Навук. працы па тэорыі груп, рыманавых разнастайнасцях, тэорый лікаў і функцый. Сфармуляваў лему аб сплятаючым аператары для канечнамерных непрыводных выяўленняў груп і алгебраў (лема Ш., 1906). Даказаў тэарэмы аб унітарнай трыянгулярызацыі матрыц (1910), прасторах пастаяннай крывізны, існаванні камутатыўнай падалгебры поўнай матрычнай алгебры і інш., якія названы яго імем.
М.М.Касцюковіч.
т. 17, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,
тое, што статыстычная фізіка. Тэрмін уведзены Дж.У.Гібсам і найчасцей выкарыстоўваецца як назва раздзелаў статыстычнай фізікі, заснаваных на Гібса размеркаванні, уяўленнях аб статыстычным ансамблі і фазавай прасторы.
т. 15, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ГЕРМА́НСКІ ДАГАВО́Р 1879,
дагавор аб саюзе паміж Аўстра-Венгрыяй і Германіяй, падпісаны 7 кастр. ў Вене. Быў накіраваны пераважна супраць Расіі і Францыі. На яго аснове склаўся Траісты саюз 1882.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)