прыстасаванне (рухач) самаходных машын, асн. часткай якога з’яўляецца гусеніца. Гэта суцэльны метал.або гумаметал. ланцуг з шарнірна злучаных звёнаў, які прыводзіцца ў рух вядучымі коламі машыны. Гусеніца верціцца разам з коламі і апорнымі каткамі, падкладваецца пад іх і стварае бясконцы пуць з супраціўленнем руху значна меншым, чым на грунце. Вял. паверхня гусеніц забяспечвае нізкі ціск на глебу, павялічвае счапленне з грунтам і праходнасць машыны. Гусенічны ход выкарыстоўваецца ў трактарах, торфаўборачных і дарожных машынах, экскаватарах, трубаўкладчыках, снегаходах, танках, цягачах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЕ́ННЕ,
працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл.Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ БЕТО́Н,
бетон, які выкарыстоўваецца для буд-ва аб’ектаў або іх канструкцыйных элементаў, якія пастаянна ці перыядычна знаходзяцца ў кантакце з водным асяроддзем. Належыць да цяжкіх бетонаў (шчыльн. 2300—2500 кг/м³), шырока ўжываецца ў гідратэхнічным будаўніцтве. Мае пэўную воданепранікальнасць, марозаўстойлівасць, мех. трываласць і расцяжнасць, ступень лінейных змен пры ўвільгатненні, высыханні і інш. Гідратэхнічны бетон прыбаўляюць з розных відаў партландцэменту, буйных і дробных запаўняльнікаў (жвір, друз, пясок, сумесі зерняў цвёрдых і шчыльных парод), вады, дабавак (паверхнева-актыўныя, пластыфікавальныя і інш.).
Літ.:
Трапезников Л.П. Температурная трещиностойкость массивных бетонных сооружений. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
тып перадачы, у якой мех. энергія і рух з зададзенымі параметрамі перадаюцца ад вядучага звяна да вядзёнага з дапамогай вадкасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць гідрадынамічную перадачу і гідрастатычную перадачу.
Гідраўлічная перадача можа быць аб’яднана з зубчастай перадачай так, што рух перадаецца ад вядучага вала гідраперадачай, зубчастай або абедзвюма адначасова (гл.Гідрамеханічная перадача). Гідраўлічная перадача вызначаюцца гібкасцю і зносаўстойлівасцю, лёгка рэгулююцца, засцерагаюць механізмы ад перагрузак, добра кампануюцца ў канструкцыях трансп. машын, станкоў і інш. машын-прылад. Уваходзяць у склад гідрапрыводаў. Выкарыстоўваюцца ў аўтамабілях, цеплавозах, цеплаходах, самалётах, буд.-дарожных машынах, кампрэсарах і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЭРМАТО́ЗЫ,
хранічная інвазійная хвароба пераважна буйн. раг. жывёлы. Выклікаецца лічынкамі падскурных аваднёў з роду Hypoderma. Праяўляецца запаленчымі зменамі ў органах і тканках, дзе лакалізуюцца паразіты. Узбуджальнікі — часцей авадні Н. bovis (звычайны падскурны) і Н. lineatum (падскурны паўднёвы, або страваводнік). Палаваспелыя насякомыя на працягу года маюць адну генерацыю. Самкі аваднёў за перыяд размнажэння адкладваюць да 800 яец на прыкаранёвую ч. валасоў жывёлы. Заражэнне адбываецца летам, у перыяд лёту аваднёў. Лічынкі пранікаюць праз скуру, мігрыруюць у арганізме і лакалізуюцца ў падскурнай клятчатцы, у вобласці спіны. Яны выдзяляюць прадукты метабалізму, чым выклікаюць агульную інтаксікацыю арганізма жывёлы, зніжэнне яе прадукцыйнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧО́ЎНІК (Conioselinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (C. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.
Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́Н, амінавоцатная кіслата, глікакол,
H2NCH2COOH, прасцейшая, заменная амінакіслата. Бясколерныя крышталі, tпл 232—236 °C, у 100 мл вады пры 25 °C раствараецца 25 г гліцыну, у абсалютным спірце і эфіры не раствараецца. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў, глутатыёну, а таксама мурэіну клетачных сценак бактэрый, трапляецца ў жывых арганізмах у свабодным стане. Удзельнічае ў біясінтэзе парафінаў, крэаціну, пурынаў, крыніца аміячнага азоту ў рэакцыях пераамінавання. Вытворныя гліцыну — гіпуравая і глікафоліевая к-ты, бетаін і інш. Атрымліваюць гліцын гідролізам жэлаціну або сінтэзам з монахлорвоцатнай к-ты і аміяку. Выкарыстоўваюць для прыгатавання буферных раствораў, сінтэзу гіпуравай к-ты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) абоверт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАФІЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. phyllon ліст),
разналістасць, наяўнасць на адной расліне рознага па форме, памерах і структуры лісця. Часцей характэрна для водных раслін (напр., у стрэлкаліста, вадзянога кураслепу, некаторых рдзестаў), у якіх падводнае лісце адрозніваецца па форме ад надводнага. Сустракаецца таксама ў некат. наземных раслін, дзе ніжняе лісце лускападобнае, сярэдняе (асіміліруючае) з чаранком (або похвай), пласцінкай і прылісткамі, верхняе мае спецыфічную будову каля суквецця (прыкветнікі). У больш вузкім сэнсе гетэрафілія — розніца паміж лісцем сярэдняй фармацыі ў межах парастка расліны, якая звязана з узроставымі зменамі і ўздзеяннем навакольнага асяроддзя (напр., у плюшчу, шаўкоўніцы).