ВУАЦЮ́Р ((Voiture) Венсан) (24.2.1598, г. Ам’ен, Францыя — 25.5.1648),

французскі паэт; прадстаўнік барочнай прэцыёзнай літаратуры. Чл. Французскай акадэміі (1635). Сын гандляра віном, які атрымаў доступ у арыстакратычны салон маркізы Рамбуйе і надоўга стаў заканадаўцам самага вытанчанага густу і паэтычнай дасціпнасці. Яго санеты, стансы, пасланні, песні, рандо вызначаліся адмысловасцю формы і друкаваліся ў калектыўных зб-ках «Збор розных рандо» (1639), «Гэтага часу добрых вершаў новы збор» (1640). У 1650 выйшаў збор твораў Вуацюра, які ўключаў і лісты паэта, прызначаныя для публічнага чытання. Культываваў формы трыялета, рандэля, рандо, што паўплывала на франц. паэзію канца 19 ст., а праз яе — на еўрапейскую, у т. л. на М.​Багдановіча.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),

род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.

Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.

Вужоўнік звычайны.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІЗА́ЦЫЯ,

тэхналагічны працэс пераўтварэння каўчуку ў гуму, які ажыццяўляецца з удзелам т.зв. вулканізавальных агентаў ці фіз. фактараў. У выніку вулканізацыі павышаецца трываласць, цвёрдасць, эластычнасць, цепла- і марозаўстойлівасць каўчуку, зніжаецца яго растваральнасць у арган. растваральніках, што абумоўлена злучэннем («сшываннем») гнуткіх макрамалекул каўчуку ў трохмерную прасторавую сетку рэдкімі папярочнымі сувязямі.

Папярочныя сувязі ў каўчуку пры вулканізацыі ўтвараюцца пад уздзеяннем агентаў вулканізацыі і энергет. фактараў (напр., высокая т-ра, іанізавальная радыяцыя). У якасці агентаў вулканізацыі выкарыстоўваюць арган. злучэнні розных класаў (напр., серазмяшчальныя, пераксіды, сінт. смолы), якія выбіраюць залежна ад хім. будовы каўчуку і мяркуемых умоў эксплуатацыі вырабаў. Большасць гумавых сумесей вулканізуюць пры т-ры 130—200 °C у формах ці ў «свабодным» стане ў катлах, аўтаклавах і інш.

Літ.:

Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,

1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.

2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10​−7—10​−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЯЛЕ́ННЕ,

пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭНС ((Vance) Сайрус Робертс) (н. 27.3.1917, г. Кларксберг, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат. Д-р права. Чл. Дэмакр. партыі. Скончыў Іельскі ун-т (1939). Удзельнік 2-й сусв. вайны. Нам. міністра абароны ЗША (1964—67). Пасол па асобых даручэннях прэзідэнта (1967—69), у час вайны ЗША у В’етнаме 1964—73 пасрэднік на перагаворах з в’етн. бокам аб міры. Саветнік па знешнепаліт. пытаннях прэзідэнта Дж.Э.Картэра (1976). Дзярж. сакратар ЗША (1977—80), выступаў за аслабленне напружанасці ў адносінах з СССР, кантроль над узбраеннямі, узмацненне эканам. дапамогі краінам, што развіваюцца, паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў свеце. Чл. Камісіі Пальме (1980—89). У 1991 — 93 па даручэнні ААН пасрэднік па ўладжванні канфлікту ў Югаславіі. Аўтар мемуараў «Цяжкія рашэнні. Чатыры крытычныя гады амерыканскай знешняй палітыкі» (1983).

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́ Рэспублікі Беларусь,

судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп. суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТРАПІ́ЗМ [ад геа... + трапізм(ы)],

здольнасць органаў раслін прымаць пэўнае становішча пад уплывам зямнога прыцяжэння. Адрозніваюць 3 тыпы геатрапізму: сапраўдны, калі орган (гал. корань) расце прама ўніз; адмоўны, калі орган (гал. сцябло) расце прама ўверх; папярочны, калі орган стараецца заняць гарыз. становішча. Калі ў выніку знешніх уздзеянняў расліна выведзена з уласцівага ёй становішча (напр., сцябло павалена ветрам, пад корань трапіў камень), тады ў маладой ч. расліны адбываецца выгін і яна зноў правільна арыентуецца. Геатрапічныя выгіны звязаны з ростам расліны і адбываюцца таму, што ў сцёблах, выведзеных з верт. становішча, ніжні бок пачынае расці хутчэй, а верхні запавольвае рост. Неаднолькавая скорасць росту верхняга і ніжняга бакоў сцёблаў, якія размешчаны гарызантальна, звязана з перамяшчэннем пад уздзеяннем сілы цяжару аўксінаў на ніжні бок сцябла або кораня. Некат. расліны, якія закончылі рост, не здольныя да геатрапічных выгінаў.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ НАЗІЯНЗІ́Н (Grēgorios Nazianzēnos),

Грыгорый Багаслоў (каля 330, каля г. Назіянза ў М. Азіі — каля 390), грэчаскі паэт і празаік, царк. дзеяч і мысліцель, адзін з прадстаўнікоў патрыстыкі. Адукацыю па рыторыцы і філасофіі атрымаў у Афінах. З 379 епіскап артадаксальнай абшчыны ў Канстанцінопалі; у 381 старшынстваваў на 2-м Усяленскім саборы, але ў хуткім часе з-за інтрыг і смуты склаў з сябе сан епіскапа і вярнуўся на радзіму. Належаў да т.зв. кападакійскага гуртка, які пераносіў у тэалогію метады платонаўскай ідэаліст. дыялектыкі. Аўтар твораў, прысвечаных абгрунтаванню хрысц. догмату пра Тройцу і накіраваных супраць арыянства, пропаведзяў, пабудаваных па правілах рыторыкі, гімнаў, што ўвайшлі ў правасл. песнапенні, аўтабіягр. паэмы «Пра маё жыццё», «Пра мой лёс», «Пра пакуты маёй душы». У прозе вылучаюцца надмагільныя панегірыкі бацьку і Васілію Вялікаму.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,

змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).

Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.

Да арт. Грымучыя змеі. Грымучнік паласаты.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)