род выкапнёвых раслін кл. дзеразападобных. Вядомы з адкладаў дэвону. Знаходкі Д. вядомы ў Казахстане, на Урале, у Бельгіі, Чэхіі, на Пн Амерыкі, Аўстраліі, на Шпіцбергене. Раслі на нізкіх узбярэжжах, якія перыядычна заліваліся вадой, што стварала мноства прамежкавых біятопаў (ад марскіх да кантынентальных). Найб. пашыраныя віды D. spinaeformis (тыповы від роду), D. gaspianus, D. crepinii, D. spinosus.
Травяністыя расліны выш. да 1 м, з плоскім або акруглым у папярочным сячэнні шчацінкападобным лісцем, якое размешчана па спіралі. Лісце і сцёблы мелі шматлікія вусцейкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІК,
1) адтуліна ў столі курной хаты для выхаду дыму. Часам меў дымаход (драўляны або сплецены з лазы атынкаваны комін), завершаны 2-схільнай стрэшкай, аформлены яруснымі карнізамі і інш. элементамі аздобы.
2) Невял. франтончык, звычайна трохвугольны, у завяршэнні тарцовага схілу вальмавага даху. Першапачатковае функцыянальнае прызначэнне для выхаду дыму ад курной печы. Пашыраны пераважна на З і ПдЗ Беларусі ў жылых, культавых, гасп. будынках. Паступова ператварыўся ў дэкар. элемент даху, часам аздабляўся вільчыкамі, разьбой, у культавых збудаваннях — аб’ёмнай скульптурай.
Дымнік на даху царквы ў вёсцы Ялова Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТОЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
прылада для вымярэння эфектыўнай дыхтоўнасці і інш. параметраў вагальных контураў. Бывае аналагавы і лічбавы; мае калібраваны генератар ваганняў з вымяральным вагальным контурам і індыкатар рэзанансу. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні суадносін паміж напружаннем на ўзорным кандэнсатары пры рэзанансе і напружаннем, якое пададзена на контур, або на падліку колькасці перыядаў затухальных свабодных ваганняў у контуры (лічбавыя прылады; гл.Затуханне ваганняў). Выкарыстоўваецца для вымярэння параметраў пасіўных (шпуль індуктыўнасці, кандэнсатараў, рэзістараў і інш.) і актыўных (варыкапы, тунэльныя дыёды і інш.) элементаў радыёэлектронных схем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНЦІ́Н [ад лац. dens (dentis) зуб],
цвёрдая тканка зуба, што складае яго асн. масу. У Д. зубоў дарослага чалавека 72% мінер. солей, 28% арган. рэчываў. Каронкавая ч. Д. пакрыта эмаллю, каранёвая — цэментам. Д. пранізаны тонкімі канальцамі, праз якія праходзяць цытаплазматычныя адросткі адантабластаў, дыяметр канальцаў 1—3 мкм, колькасць іх 30—75 тыс. y 1 мм³. Утварэнне Д. працягваецца і пасля поўнага фарміравання зуба. Пасля прарэзвання зуба ўтвараецца Д. другасны, або замяшчальны, адклады якога павялічваюцца пры павышаным сціранні эмалі, развіцці карыесу зубоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.
клас бялкоў, прастэтычныя групы якіх складаюцца з негімінавага жалеза, комплексна звязанага з неарган. абоарган. (у складзе цыстэіну) серай з утварэннем аднаго ці некалькіх Fe—S-кластэраў. Кластэры здольныя аддаваць ці прымаць электроны (але не вадарод) з абарачальнай зменай валентнасці атамаў жалеза (Fe3+ ⇄ Fe2+). Дзякуючы гэтаму Ж. ў жывых арганізмах выконваюць функцыю акісляльна-аднаўленчых кампанентаў у тэрмінальных ланцугах пераносу электронаў паміж флавапратэідамі і цытахромамі (гл.Дыханне). Малекулярная маса Ж. ад 6000 (ферыдаксіны бактэрый) да 12 000 (ферыдаксіны хларапластаў) і больш (ксантынаксідаза).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРЛЯ́НКА ЧЫРВАНАБРУ́ХАЯ (Bombina bombina),
земнаводнае сям. круглаязычных атр. бясхвостых земнаводных. Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Жыве ў плыткіх і зарослых вадаёмах з глеістым дном, на балотах, у лужынах і інш. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўд., паўд.-зах. і цэнтр. раёнах.
Даўж. цела 3,5—4,5 см (зрэдку да 6), маса 3—10 г. Спіна светла-шэрая, бураватая з цёмнымі плямамі, бруха ярка-аранжавае або чырвонае з сінявата-чорнымі плямамі. Скура з бародаўкамі, што выдзяляюць едкі сакрэт Актыўная днём і вечарам. Карысная. Корміцца воднымі беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛКАВА́ННЕ,
1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.
2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,
3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).
2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.
3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых абоінш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОСТ,
сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.
Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.