участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЙС (ням. Gneis),
горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры метамарфізме магматычных (ортагнейсы) або асадкавых (парагнейсы) парод, паводле саставу блізкая да гранітаў. Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінералаў (біятыт, рагавая падманка, піраксен). Прымесі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, светла-ружовы. Шчыльн. 2500—2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найб.стараж. участкаў зямной кары. На Беларусі разам з інш. пародамі складаюць дакембрыйскі крышт. фундамент. Прыдатныя на выраб друзу, тратуарных пліт, як абліцовачны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙ ((Gray) Джон) (1798—1850),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДРАНА́ТАР,
машына для транспартавання і раўнамернага размеркавання вадкіх вяжучых матэрыялаў на аснове гудрону (пераважна бітумаў) пры буд-ве і рамонце дарог. Мае цеплаізаляваную цыстэрну, награвальную і цыркуляцыйна-размеркавальную сістэмы, помпу. Бітум у гудранатары награецца да 150—200 °C, потым разліваецца. Найб. пашыраны самаходныя гудранатары (аўтагудранатары) з цыстэрнай ёмістасцю да 7 тыс. л. Бываюць таксама прычапныя, паўпрычапныя і ручныя (для рамонту дарожных пакрыццяў).
Да арт.Гудранатар. Аўтагудранатар з цыстэрнай на 3500 л і шырынёй размеркавання 4 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЯ́МЫ (араб. гулям літар. юнак, маладзец, раб),
1) рабы ў сярэдневяковых мусульм. краінах.
2) Пастаянная конная гвардыя ў Абасідаў халіфаце. Стваралася пры халіфе Мамуне [813—833], вербавалася з прывезеных з-за мяжы маладых рабоў пераважна цюрк. Паходжання.
3) Воіны прыдворнай гвардыі ў сярэдневяковых мусульм. дзяржавах (наз. таксама мамлюкі).
4) Радавыя воіны апалчэння ў сярэдневяковай Асманскай імперыі.
5) У Дэлійскім султанаце гвардзейцы-рабы цюрк. паходжання, а таксама іх камандзіры, якія сталі дэлійскімі султанамі (апошнія правілі ў 1206—90-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІАРА́БІК (ад гумі + лац. arabicus аравійскі),
камедзь арабская, празрыстая вязкая вадкасць, якую выдзяляюць розныя віды акацый і якая зацвердзявае на паветры. Уяўляе сабой комплекс поліцукрыдаў, у саставе якіх глюкоза, арабіноза, рамноза, глюкуронавыя к-ты. Раней гуміарабік выкарыстоўвалі ў медыцыне як сродак, што памяншае раздражненне слізістых абалонак пры выкарыстанні некат. лекаў, для прыгатавання пілюль і эмульсіі у прам-сці — у якасці клеючага рэчыва і як стабілізатар некат. злучэнняў. З развіццём хіміі палімераў гуміарабік практычна страціў сваё прызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ (Аляксей Ільіч) (19.1.1923, в. Капцева Смаленскай вобл., Расія — 30.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў палкавую школу танкістаў. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1944. Вызначыўся 30.6.1944 пры вызваленні Барысава: экіпаж танка — камандзір П.М.Рак, механік-вадзіцель АА.Пятраеў, радыст Д. — прарваўся ў заняты ворагам горад, 17 гадзін вёў бой, вызваліў 200 чал. ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве экіпажу танка пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАСАВА́ННЕў мовазнаўстве,
падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст.грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРНАВА́ННЕ (ад ням. Dorn метал. шып, дорн),
1) утварэнне адтуліны («прашыванне») у нагрэтым злітку для атрымання загатоўкі трубы.
2) Апрацоўка адтулін (каліброўка) для павышэння дакладнасці іх формы і памеру, памяншэння шурпатасці і ўмацавання паверхневага слоя. Робіцца ратацыйным дорнам на такарных, расточных і інш. станках. Асн. элемент ратацыйнага дорна — шарыкі (або ролікі) з загартаванай сталі, якія пры абкочванні бесперапынна прыціскаюцца да паверхні, што апрацоўваецца. На Беларусі комплекс ратацыйных дорнаў створаны пад кіраўніцтвам Я.Р.Канавалава (Залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы ў 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖА́ЛА,
калючая частка джалячага апарату самак перапончатакрылых насякомых; відазменены яйцаклад (страціў функцыю адкладкі яец і ператварыўся ў орган абароны і нападзення). У спакоі Дж. знаходзіцца ўнутры канцавога сегмента брушка, пры неабходнасці высоўваецца і ўтыкаецца ў цела ахвяры. У Дж. ёсць канал, па якім у ранку паступае ядавітая вадкасць са спец. залоз. Дж. пчалы вышчарбленае, часам застаецца ў ахвяры і пчала гіне. Дж. таксама ёсць у скарпіёнаў — іголка з унутр. пратокай ядавітай залозы. Дж. памылкова наз. язык змей.