машына для апрацоўкі металаў валачэннем. Складаецца з адной або некалькіх валокаў (маюць канал, які звужаецца ў напрамку валачэння) і прыстасавання для працягвання праз іх загатовак.
Адрозніваюць лінейныя валачыльныя станы з прамалінейным рухам металу, які працягваецца (маюць ланцуговыя, рэечныя, гідраўлічныя і інш. прыводы), і барабанныя з намотваннем металу на барабан. Для атрымання труб, профіляў і пруткоў выкарыстоўваюць абодва тыпы валачыльных станаў аднаразовага валачэння (праз адну валоку), для атрымання дроту — толькі барабанныя адна- і шматразовыя (з валачэннем праз шэраг паслядоўных валокаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРВАРЫ́ЗМ (ад грэч. barbarismos іншамоўны),
запазычанае слова ці выраз, якія ў бел. мове не асвоены або асвоены часткова (пераважна графічна). Вылучаюцца агульныя і індывідуальныя. Агульныя варварызмы выкарыстоўваюцца пастаянна і могуць паўтарацца ў розных тэкстах: cito — тэрмінова (у медыцыне), tête à tête — з вока на вока. Індывідуальныя сустракаюцца пераважна ў мове маст. л-ры для стварэння мясц. каларыту; яны звычайна не паўтараюцца і не выходзяць за межы аднаго твора: «Звон кафедральны кліча на Ave» (М.Танк), «Згодны... Суцінку!.. Лайёт!..» — загуло ў натоўпе» (П.Броўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЦЕР, жак,
традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядомая бел., рус. і інш.слав. народам. Венцер — сеткавы мяшок (куль) на абручах з адной або дзвюма перагародкамі (горламі) унутры. Рыба заплывала ў куль праз адтуліну ў горле. Да мяшка пры ўваходзе прывязвалі адно (аднакрылы венцер) ці два (двухкрылы венцер) сеткавыя крылы (нацягнутыя па вертыкалі на драўляныя планкі), што перагароджвалі шлях рыбе і накіроўвалі яе ў куль. У глухім канцы куль сцягваўся шнурком. Венцер устанаўліваўся ў вадаёме пры дапамозе калкоў. Аднакрылымі венцерамі лавілі рыбу пераважна ў азёрах, двухкрылымі — па цячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРФ (галанд. werf),
1) прадпрыемства, на якім будуюць ці збіраюць судны. На суднабудаўнічых верфях вырабляюць карпусы суднаў, манціруюць абсталяванне, якое паступае з інш. прадпрыемстваў. На судназборачных верфях карпусы суднаў збіраюць з дэталей, якія пастаўляюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, манціруюць абсталяванне. У склад верфі уваходзяць корпусабудаўнічыя цэхі, стапеліабодокі, прычальныя збудаванні (пірс), кранавыя ўстаноўкі, майстэрні і інш. На Беларусі з 1785 да пач. 19 ст. працавала Крычаўская суднаверф. Працуюць верфі на суднабудаўніча-рамонтных з-дах у Пінску і Гомелі (гл. таксама Суднабудаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАВО́ДКА,
бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЛЯРЫ́ (Corixidae),
сямейства водных насякомых атр. паўцвердакрылых. У сусв. фауне каля 600 відаў. Пашыраны ў азёрах, рэках, часовых вадаёмах. На Беларусі ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах трапляюцца пераважна вясляр асаблівы (Corixa species), вясляр зубчастаногі (Corixa dentipes) і вясляр штрыхаваты (Sigara striata).
Цела (даўж. 1,5—16 мм) прадаўгаватае, пляскатае зверху і пукатае знізу. Галава шырокая, вусікі кароткія. 3 пары ног, заднія пляскатыя, падобныя да вёслаў (адсюль назва). Добра плаваюць і лётаюць. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, глеем, лічынкамі камароў, дробнымі беспазваночнымі. Некаторыя знішчаюць шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.Вівіяна),
мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
здольнасць горных парод паглынаць і ўтрымліваць пэўную колькасць вады. Характарызуецца каэфіцыентам вільгацяёмістасці, які выражаецца ў вагавых (адносіны масы вады да масы сухой пароды) або аб’ёмных (адносіны аб’ёму вады да аб’ёму пароды) працэнтах. Горныя пароды падзяляюцца на вільгацяёмістыя (торф, глей, гліна), слабавільгацяёмістыя (мел, мергель, лёс) і невільгацяёмістыя (масіўныя метамарфічныя, вывергнутыя і асадкавыя). Вагаецца ў шырокіх межах (напр., торфу 80—90%, антрацыту 4—6%). Адрозніваюць макс. гіграскапічную, макс. малекулярную, капілярную і поўную вільгацяёмістасць горных парод. Улічваецца пры разліках сістэм асушэння, у горнай справе, пры інж.-геал. вышуканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАКРЫ́ЛЫЯ (Megaloptera),
атрад насякомых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Жывуць каля вады, на прыбярэжнай расліннасці, лічынкі ў вадзе. На Беларусі найб. вядомая віслакрылка звычайная (Sialis lutaria).
Маларухомыя насякомыя цёмнага колеру. Маюць 2 пары аднатыпных перапончатых шырокіх крылаў (размах 2—4 см), якія ў спакоі стрэхападобна прыкрываюць брушка. Вусікі шчацінкападобныя, шматчленікавыя, вочы фасетачныя, буйныя. Вылет дарослых насякомых вясной або ў пач. лета. Яйцы адкладваюць на лісце водных раслін. Лічынкі жывуць у вадзе 2 гады, кормяцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, акукліваюцца ў глебе; пажыва для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЯ́ЧЫ МОСТ,
від моста, асн. нясучай канструкцыяй якога з’яўляецца гнуткі элемент (канат, метал. кабель, ланцуг і інш.), замацаваны на канцах і падвешаны на пілоны (вежы). Успрымае ў асноўным расцягвальныя намаганні. Праезная ч. ў выглядзе фермы або бэлькі жорсткасці мацуецца да нясучай канструкцыі. Пралёты пабудаваных вісячых мастоў перавышаюць 1000 м (напр., сярэдні пралёт вісячага моста ў бухце каля Нью-Йорка 1298 м). Разнавіднасць вісячага моста — вантавы мост.