наіўнае мастацтва, галіна выяўл. мастацтва; творчасць мастакоў, што не маюць прафес.маст. падрыхтоўкі. Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў (інш. назвы — «сучасныя прымітывы», «мастакі нядзелі», «мастакі святога сэрца») мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафес. мовы выяўл. мастацтва. Стылістыка І.м. зыходзіць з імкнення да адлюстравання рэчаіснасці паводле свайго суб’ектыўнага ўяўлення пра яе, з міфалагізму светапогляду, імкнення да апавядальнасці і архітыповасці маст. вобразаў, вылучаецца метафарычнасцю маст. мовы, дэталізацыяй, імкненнем да абагульненасці тыпажу, пейзажных і побытавых элементаў, ненаўмысным парушэннем прапорцый у выявах у адпаведнасці з іх значнасцю, статычнасцю, парадкавай пабудовай кампазіцыі, умоўнасцю перспектывы, наяўнасцю некалькіх пунктаў агляду, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю.
Асэнсаванне І.м. пачалося ў 1880-я г. У еўрап. культуру ўвайшло творамі франц. мастака-самавука А.Русо, якія ўпершыню экспанаваліся ў парыжскім Салоне незалежных (1885). Сярод франц. інсітнікаў Л.Віўен, К.Бамбуа, Д.П.Пейранэ, С.Луі (Серафін э Сансаліса). У краінах Усх. Еўропы разглядаецца як эвалюцыйны этап традыц.нар. мастацтва, якое трансфармуецца ў індывід. творчасць асобных мастакоў-самавукаў: Нікіфар, Т.Ачэпка, Ю.Собат (Польшча), О.Біхалі-Мерын (Венгрыя), З.Губачак, І.Прохаска (Чэхія), І.Рабузін, І.Генераліч, С.Вечэнай і мастакоў Глебенскай школы (б. Югаславія). У розны час вывучэннем і папулярызацыяй І.м. займаліся Г.Апалінэр, А.Валар, П.Гіём, Р.Дэланэ, П.Пікасо, В.Удэ (Францыя), К.Півоцкі, А.Яцкоўскі (Польшча), Ш.Ткач (Славакія), Біхалі-Мерын (Венгрыя, аўтар «Энцыклапедыі наіўнага мастацтва», 1986), В.Кандзінскі, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, Д.Бурлюк (Расія). Цікавасць да І.м. ў краінах б.СССР узнікла ў пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых мастакоў Н.Пірасманашвілі (Н.Пірасмані, (Грузія), К.Білакур, М.Прымачэнка (Украіна), М.Бічэнене (Літва), Г.Дзікарская, Т.Елянок, І.Селіванаў, Я.Часнякоў (Расія). У 1970—90-я г. склалася рас. мастацтвазнаўчая школа па вывучэнні І.м. (Г.Астроўскі, К.Багемская, В.Балдзіна, Г.Паспелаў, Л.Тананаева і інш.), дзе яно разглядаецца як тыпалагічная разнавіднасць прымітыўнага мастацтва. Праводзяцца міжнар. трыенале І.м. ў Славацкай нац. галерэі ў Браціславе (1966, 1969, 1972, 1994, 1997), навук. сімпозіумы Міжнар. кабінета І.м., выстаўкі [Парыж (1-я 1937), Бадэн-Бадэн, Цюрых, Ротэрдам], дзе на некаторых з іх побач з інсітнымі творамі экспанавалася выяўл. мастацтва абарыгенаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, дзяцей і псіхічна хворых, якое мае стылістычнае падабенства з І.м.
На Беларусі вывучэнне І.м. пачалося ў 1990-я г. Пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, Л.Трахалёвай і інш. Сярод мастакоў-інсітнікаў В.Альшэўскі, П.Баранаў, А.Быстрыцкі, М.Валуевіч, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, В.Кавалеўскі, А.Кіш, Б.Лабкоўскі, В.Пляшкоў, Г.Рабіза, М.Рышкевіч, М.Сайфугаліева, М.Тарасюк, В.Цяцёркін, М.Юхно. Створаны музеі твораў Засінца (в.Мядзведнае, Ельскі р-н Гомельскай вобл.) і Тарасюка (в.Стойлы, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1994 у Нац.маст. музеі адбылася першая нац. выстаўка І.м.
Літ.:
Примитив и его место в художественной культуре нового и новейшего времени. М., 1983;
Примитив в искусстве: Грани проблемы. М., 1992;
Примитив в изобразительном искусстве: Материалы Всерос. науч.практ. конф. М., 1994;
Мастацтва — Insitus: Першая нац. выстаўка інсітнага мастацтва ў Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1994;
Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва-інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канф.Мн., 1997;
Jackowski A. Sztuka zwana naiwna: Zarys encyklopedyczny twórczości w Polsce. Warszawa, 1995.
В.А.Лабачэўская.
Да арт.Інсітнае мастацтва. М.Засінец. Унук. 1971.Да арт.Інсітнае мастацтва. С.Вечэнай. Адам і Ева. 1967.Да арт.Інсітнае мастацтва. Н.Пірасманашвілі. Кампанія Бего. 1907.Да арт.Інсітнае мастацтва. І.Генераліч. Алень у пушчы. 1956.Да арт.Інсітнае мастацтва. А.Русо. Нападзенне ягуара на каня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,
старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводленар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЛЯ (ням. Kachel),
керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАВА МЯЦЕ́Ж 1917,
карнілаўшчына, узброенае выступленне рас.вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.Ф.Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.М.Крымава і Дз.П.Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм.ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-тнар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам. — ген. М.В.Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.С.Лукомскі, І.П.Раманоўскі, С.А.Маркаў, І.Г.Эрдэлі, А.І.Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.
Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв.к-тЗах. фронту (старшыня — эсэр А.М.Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.І.Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.В.Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен. камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.
Літ.:
Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;
Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст. праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: 36. арт.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш.гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),
буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс.км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс.км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс.км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял.трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.
Літ.:
Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;
Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ,
гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант.гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл.Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж.рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІпазаабрадавыя,
народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.
Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.
Асн. масіў бел.нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.Купалы, «Зорка Венера» М.Багдановіча, «Лясная песня» А.Русака, «Нёман» А.Астрэйкі, «Ручнікі» В.Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60;
Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968;
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;
Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;
Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнік рус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ.тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРЭВА́Н,
сталіца Арменіі. Размешчаны на левабярэжнай ч. Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато перадгор’я на р. Раздан, якая падзяляе горад на 2 ч. каньёнападобнай цяснінай. 1283 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт.
Метрапалітэн. Буйны прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды: эл.-лямпавы, кабельны, гадзіннікавы, станкабуд., аўтамаб., эл.-апаратны, кампрэсарны, прыладабуд. і інш.), хім. і нафтахім. (камбінат сінт. каўчуку, ВА «Полівінілацэтат», шынны, лакафарбавы, хім. рэактываў з-ды, фармацэўтычная ф-ка), харчасмакавая (вінна-каньячныя з-ды і інш.), лёгкая (тэкст.-трыкат., абутковая ф-кі і інш.), будматэрыялаў (з-ды «Арммармур», керамічных вырабаў і інш.).
Адзін з найб.стараж. гарадоў свету. Паводле выяўленага пры раскопках урарцкага надпісу, у 782 да н.э. на месцы Е. цар Аргішці I пабудаваў крэпасць Эрэбуні. З сярэдзіны 13 ст. важны пункт на шляху з Арарацкай даліны ў Паўн. Закаўказзі. З 1440 адм. і гандл.-рамесніцкі цэнтр Усх. Арменіі, у 16 — пач. 18 ст. горад неаднойчы быў захоплены і разбураны персамі і туркамі. У 1604 яго захапілі і зруйнавалі войскі іранскага шаха Абаса 1, арм. насельніцтва выгнана ў Іран. Пазней горад адбудаваны і ў 17 ст. стаў буйным цэнтрам караваннага гандлю і рамесніцтва. З 1735 цэнтр Эрыванскага ханства. У выніку рус.-перс. вайны 1826—28 далучаны да Расіі. З 1828 цэнтр Армянскай вобл., з 1840 пав. горад, з 1849 цэнтр Эрыванскай губ. У 1901 чыгунка злучыла Е. з Тыфлісам (сучасны Тбілісі), у 1908 — з Джульфай, што садзейнічала эканам. развіццю горада. У маі 1918 тут абвешчана незалежнасць Арменіі. У 1918—20 Е. — цэнтр Эрыванскага пав., падуладнага дашнакам. З 1922 сталіца Арменіі.
Ад крэпасці Эрэбуні ад урарцкага перыяду (8—6 ст. да н.э.) захаваліся руіны цытадэлі з палацам, перыстыльным дваром, храмамі, ад ахеменідскага (5—4 ст. да н.э.) — рэшткі храмаў і шматкалоннай залы з размалёўкай. Сярэдневяковыя помнікі Е.: Аванскі сабор (591—602), цэрквы Катагіке (13 ст.) і Заравар (1691—1705) і інш. У 20 ст. аблічча Е. змянілася ў выніку маштабнага горадабудаўніцтва. Своеасаблівы каларыт гораду надае мясц. камень розных адценняў (ружовы, крэмавы, белы туф), які шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве. Гал. ансамбль цэнтра Е. ўтвараюць пл. Рэспублікі і прамавугольная сетка вуліц. На плошчы знаходзяцца Дом урада Арменіі (1926—41, арх. А.І. і Г.А.Таманян), другі Дом урада (1955, арх. С.А.Сафаран, В.А.Арэўшацян, Р.С.Ісраэлян). Гіст. музей Арменіі (1957), гасцініца «Арменія» (1958), будынак Мін-ва сувязі і Савета прафсаюзаў (1956—58; арх. ўсіх М.У.Грыгаран і Э.А.Сарапян). Сярод грамадскіх пабудоў: Дзярж.т-р оперы і балета імя А.А.Спендыярава (1926—39, арх. А.І.Таманян, завершаны ў 1953), сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран (1959, арх. Грыгаран), драм.т-р імя Г.Сундукяна (1965, арх. Р.Б.Алавердзян і Р.А.Бадалян), Музей гісторыі Ерэвана (1968, арх. Ш.Р.Азацян, Б.А.Арзуманян, скульпт. А.А.Аруцюнян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.А.Акапян), гасцініца «Двін» (1979, арх. Ф.С.Акапян, А.С.Алексанян, Э.А.Сафаран). Помнікі: С.Шаўмяну (1931, скульпт. С.Дз.Мяркураў, арх. І.У.Жалтоўскі), Давіду Сасунскаму (1959, Е.С.Качар), ахвярам генацыду армян 1915 (1967, арх. А.А.Тарханян, С.Г.Калашан) і інш.
АН Арменіі. Сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран. 11 ВНУ (у т. л.ун-т, кансерваторыя, політэхн., мед., маст.-тэатр., пед. ін-ты). Тэатры (у т. л. оперы і балета). Музеі: Дзярж. карцінная галерэя, нар. мастацтва Арменіі, сучаснага мастацтва Арменіі, рус. мастацтва і інш.
Панарама Ерэвана.Да арт.Ерэван. Палац крэпасці Эрэбуні (рэканструкцыя). 5—4 ст. да н.э.Да арт.Ерэван. Тэатр оперы і балета імя А.А.Спендыярава. Арх. А.Таманян. 1926—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял.паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;