АНТАЦЫЯ́НЫ (ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),
фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы абоінш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,
неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д. Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЬЯ́ЛЬСКІ САЮ́З,
палітычная групоўка афіцэраў шведскай арміі (113 афіцэраў-дваран), якая выступіла ў 1788 супраць абсалютызму караля Густава III. 12.8.1788 у мяст. Аньяла (Паўд. Фінляндыя) яны склалі «Дэкларацыю аньяльскіх канфедэратаў», або «Умову фінскай арміі», дзе патрабавалі ад караля спыніць распачатую ім без згоды парламента вайну з Расіяй, уступіць з ёю ў перагаворы аб міры, вярнуцца да канстытуцыйнага праўлення; ч. афіцэраў дамаглася дзярж. аддзялення Фінляндыі ад Швецыі. Удзельнікі саюза ўступілі ў кантакт з рас. урадам. Не атрымаўшы падтрымкі ў Швецыі і Пецярбургу, Аньяльскі саюз распаўся восенню 1788, яго ўдзельнікі арыштаваны і асуджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНІК (Herminium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі вельмі рэдка на сырых лугах, лясных палянах і каля крыніц трапляецца броўнік аднаклубневы (H. monorchis); занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з амаль бязлістым сцяблом і шара- або яйцападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае, голае, бліскучае, па 2—3 каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, паніклыя, зеленавата-жоўтыя, з моцным мядовым лахам, сабраны ў канцавое падоўжанае шматкветкавае коласападобнае суквецце. Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),
атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.
Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВАБРУ́ХІ, кардулегастры (Cordulegasteridae),
сямейства насякомых атр. стракоз. 2 роды, 19 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. Жывуць булавабрухі ў зацененых месцах, каля берагоў рэк і ручаёў. На Беларусі зрэдку трапляецца булавабрух кольчаты, абовял. кольчатая страказа (Cordulegaster annulatus), занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. брушка булавабруха кольчатага 54—64 мм, задніх крылаў 41—47 мм. Буйныя чорныя стракозы з ярка-жоўтымі палосамі на грудзях і кольцамі на брушку. Крылы празрыстыя, трохвугольнікі на іх выцягнуты ўздоўж. Яйцы адкладваюць у вільготную глебу. Лічынкі жывуць у праточных водах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТКЕ́ВІЧ (Красцьян Ягоравіч) (?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),
бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ХА (Delphinapterus leucas),
млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагоў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.
Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ ПАВУ́К (Argyroneta aquatica),
адзіны від павукоў аднайм. сямейства. Некат. даследчыкі адносяць вадзянога павука да сям. лейкавых. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Жыве ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах.
Даўж. цела да 20 мм, самцы буйнейшыя за самак. У вадзе валасістае брушка абкружана захопленым з паверхні паветрам, якім ён дыхае, і блішчыць накшталт кроплі ртуці. Самка будуе з павуціны шчыльнае гняздо ў выглядзе каўпака велічынёй з напарстак, напаўняе яго паветрам. Гняздо — месца размнажэння і паядання здабычы. Корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, маляўкамі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.
Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».