ТАЎРТ,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня-апякунка жанчын і дзяцей. Яе найчасцей уяўлялі цяжарнай самкай бегемота (свяшчэнная жывёла Т.), якая стаіць вертыкальна на львіных нагах, мае жаночыя рукі і грудзі. Лічылася, што Т. дапамагае жанчынам пры родах, лечыць іх ад бясплоднасці; што яна звязана з замагільным светам, разам з багіняй Хатор сустракае памерлых на парозе падземнага царства і з дапамогай агню адганяе ад іх злых духаў. Цэнтр культу Т. — г. Фівы. Яе выявы часта змяшчалі на амулетах, ложках і інш. прадметах.

Таўрт. Камень. Каля 650 да н.э.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́ФІКА НЕРВО́ВАЯ,

уплыў нервовай сістэмы на структурна-хім. арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў. Выпадзенне трафічнага рэгулявання суправаджаецца паталаг. зменамі ў тканках (атрафіі, змярцвенні, язвы), т.зв. нейрагенныя дыстрафіі. Трафічная функцыя ўласціва амаль усім нервам, таму спец. трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, што стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія мабілізуюць тлушчавыя запасы, і інш. У працэсе Т.н. удзельнічаюць медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і інш.) і некат. неідэнтыфікаваныя хім. злучэнні, што ўтвараюцца ў нерв. ствалах.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІФІКА́ЦЫЯ [ад лац. unus (uni) адзін + facio раблю],

забеспячэнне рацыянальнай аднастайнасці розных відаў аб’ектаў; працэс прывядзення сродкаў вытворчасці або іх элементаў да адзіных формы, памераў, структуры, складу. Накіравана на ўстараненне разнастайнасці тыпаў і тыпапамераў вырабаў, зборачных адзінак, дэталей, канструктыўных элементаў, а таксама тэхнал. працэсаў, спосабаў вырабу, метадаў выпрабавання, кантролю і г.д. Разам са стандартызацыяй павышае ўзровень спецыялізацыі вытв-сці, забяспечвае выкарыстанне рацыянальнай колькасці тыпапамераў вырабаў, іх параметраў, складу выкарыстоўваемых матэрыялаў, тэхнал. працэсаў. Спрашчае праектаванне вырабаў і скарачае тэрміны ўкаранення новай тэхнікі, дазваляе паляпшаць эканам. паказчыкі, павышае прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі.

т. 16, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВЫЯ РЭСУ́РСЫ,

грашовыя даходы, накапленні і паступленні, якія знаходзяцца ў распараджэнні суб’екта гаспадарання. Прызначаны для выканання фін. абавязацельстваў, ажыццяўлення выдаткаў на расшыранае ўзнаўленне, эканам. стымуляванне і задавальненне сац. і інш. патрэб працуючых. Іх фарміраванне ажыццяўляецца за кошт уласных і прыраўнаваных да іх сродкаў, мабілізацыі рэсурсаў на фін. рынку і паступлення грашовых сродкаў ад фін.-банкаўскай сістэмы ў парадку пераразмеркавання. Першапачатковае стварэнне адбываецца ў момант заснавання прадпрыемства, калі зацвярджаецца статутны фонд. Крыніцы Ф.р.: акцыянерны капітал, паявыя ўзносы членаў кааператываў, галіновыя Ф.р., доўгатэрміновы крэдыт, бюджэтныя сродкі.

т. 16, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОСФАПРАТЭІ́ДЫ, фосфапратэіны,

складаныя бялкі, у якіх да астаткаў амінакіслот серыну і трэаніну далучаны астаткі фосфарнай кіслаты. Адыгрываюць важную ролю ў клетачным метабалізме і функцыях клетак жывых арганізмаў. Да Ф. адносяцца бялкі біял. мембран, клетачных ядраў, важнейшыя ферменты, казеін, бялкі птушыных яец (напр., вітэлін) і інш. Фасфарыліраванне важнейшых бялкоў мозга і пераўтварэнне іх у Ф. адбываецца пры ўзбуджэнні нерв. клетак, перадачы нерв. імпульсаў праз сінапсы. рэалізацыі ўсіх функцый нерв. сістэмы. Фасфарыліраванне астаткаў серыну або трэаніну ў малекулах бялкоў і ператварэнне іх у Ф. каталізуецца фосфатрансферазамі.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕМАСО́РБЦЫЯ (ад хема... + сорбцыя),

паглынанне рэчыва паверхняй цвёрдага цела (хемасарбента). Адбываецца ў выніку ўтварэння хім. сувязі паміж іх малекуламі. Можа спалучацца з абарачальным працэсам — дэсорбцыяй.

Суправаджаецца вылучэннем значнай колькасці цеплаты, што замаруджвае дэсорбцыю і робіць Х. практычна неабарачальнай. Характэрная асаблівасць Х. — адчувальнасць да хім. паходжання паглынальніка (хемасарбента) і чысціні паверхні. Цвердафазную і вадкасную Х. ажыццяўляюць у калонных апаратах, на эфектыўнасць працэсу ўплываюць іх тып, канструкцыя і гідрадынамічныя ўмовы работы. Выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, пры ачыстцы газаў ад вышэйшых вуглевадародаў, сярністых злучэнняў і інш., у электравакуумнай тэхніцы.

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЯНАБАКТЭ́РЫІ (ад грэч. kyanos сіні + бактэрыі),

група фотатрофных пракарыётаў, што наз. сіне-зялёнымі водарасцямі.

Уключаюць аднаклетачныя і шматклетачныя (ніткаватыя) формы. Да бактэрый сіне-зялёныя водарасці адносяць паводле будовы клетак (напр., не маюць абмежаванага мембранай ядра), наяўнасці агульных спецыфічных злучэнняў (напр., мурэіну ў клетачнай сценцы), блізкасці іх генет. уласцівасцей. Таксама Ц. ўключаюць у бат. класіфікацыю паводле іх здольнасці, як вышэйшых раслін і водарасцей, да фотасінтэзу з выдзяленнем малекул кіслароду. Многія фіксуюць малекулярны азот. Назва «Ц.» выкарыстоўваецца ў мікрабіял. літаратуры, у батанічнай часцей ужываецца назва «сіне-зялёныя водарасці».

т. 17, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУРПА́ТАСЦЬ ПАВЕ́РХНІ ў машынабудаванні,

сукупнасць мікраняроўнасцей апрацаванай паверхні; характарыстыка якасці апрацоўкі гэтай паверхні. Вызначаецца з дапамогай кантактных (прафілометраў, прафілографаў) ці бескантактных (аптычных) прылад, а таксама візуальным параўнаннем кантралюемай паверхні з паверхняй узору з вядомай шурпатасцю.

Апісваецца наборам параметраў, якія характарызуюць сярэднія і найбольшыя вышыні няроўнасцей і іх шырыні, адлегласці паміж імі і інш. Уплывае на эксплуатацыйныя характарыстыкі дэталей: зноса- і каразійную ўстойлівасць, каэфіцыент трэння і інш. Значэнні параметраў Ш.п. для розных тыпаў вырабаў і ўмоў іх эксплуатацыі ўстанаўліваюцца стандартамі. Тэрмін уведзены ў 1980 дзярж. стандартам замест тэрміна класы чысціні.

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛДАРЦЭ́НТР,

гл. Беларускі цэнтр па дыягностыцы і кантролі за транспартна-эксплуатацыйным станам аўтамабільных дарог і збудаванняў на іх.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАМАГНІ́ТНЫЯ АДНО́СІНЫ,

адносіны магнітнага моманту мікрааб’ектаў (электронаў, пратонаў, атамных ядраў і інш.) да іх моманту імпульсу (мех. моманту).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)